Тоба (індзейцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тоба
(Qom’pi)
Агульная колькасць 141600 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Аргенціна — 140000

 Парагвай — 1600

Мова тоба
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы абіпон, макаві, пілага, кадывеу

Тоба (ісп.: Toba), або ком (саманазва Qom’pi «народ») — індзейскі народ рэгіёна Гран-Чака ў Паўднёвай Амерыцы. Жывуць у Аргенціне і Парагваі. Агульная колькасць (2021 г.) — 141 600 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тоба — нашчадкі груп паляўнічых гуайкуру, што да іспанскай каланізацыі насялялі поўдзень рэгіёна Гран-Чака. Мяркуецца, што ў пачатку каланізацыі, калі адбываўся імклівы ўздым уплыву гуарані і віцы, да іх далучыліся рэшткі іншых паляўнічых плямён Гран-Чака. Назва тоба паходзіць з мовы гуарані і азначае людзей з вялікім ілбом (з-за звычаю тоба галіць пярэднюю частку валасоў).

У XVII ст. тоба пачалі трымаць коней, што значна пашырыла іх мабільнасць. Іспанцы, якія кантактавалі з імі ў XVIII ст., лічылі тоба выдатнымі коннікамі. Для прасоўвання на канях па перасечанай мясцовасці воіны апраналі на галаву скуры. Такім чынам яны абараняліся ад калючак і нападаў драпежных жывёлін. Коннае паляванне значна палегчыла здабыванне харчу, аднак хутка прывяло да вынішчэння буйной фаўны. Таму ў XVIII ст. тоба рабілі рэйды на жывёлагадоўчыя гаспадаркі і суседнія індзейскія народы.

У 1756 г. частка паляўнічых далучылася да езуіцкай місіі, аднак яна праіснавала толькі да 1768 г. У далейшым тоба імкнуліся захаваць незалежнасць, пакуль у 1884 г. іх тэрыторыі не былі заваяваны аргенцінцамі і балівійцамі. Францысканцы заснавалі ў Фармосе для тоба 2 місіі, якія ў 1901 г. былі пераўтвораны ў рэзерваты. На астатніх землях Аргенціны колькасць тоба хутка памяншалася. Былыя паляўнічыя былі вымушаны ператварыцца ў наёмных работнікаў, пакутавалі ад паліцэйскіх рэпрэсій. Права тоба на зямлю было пацверджана толькі ў 1954 г. Невялікія групы тоба на поўнач ад аргенцінскіх валоданняў спачатку падпарадкоўваліся ўраду Балівіі, а пасля 1935 г. — Парагвая. Да другой паловы XX ст. яны ў меншай ступені цярпелі старонні ўплыў.

У нашы дні прадстаўнікі тоба — адны з найбольш актыўных індзейскіх груп Аргенціны і Парагвая, якія змагаюцца за правы карэнных народаў.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Культура тоба пачала вывучацца ўжо ў перыяд, калі яны з'яўляліся коннымі паляўнічымі. Іх асноўнай сацыяльнай адзінкай была качавая група, якая складалася з пашыраных сем'яў і перамяшчалася па пэўнай тэрыторыі. Качавыя групы маглі складаць няўстойлівыя ваенныя альянсы, якія адрозніваліся еўрапейцамі па кантралюемых імі землях. Коннае паляванне і напады на жывёлагадоўчыя гаспадаркі здзяйсняліся пераважна ўлетку. У зімовы перыяд групы адкачоўвалі ў месцы са шматлікімі рэкамі, балотамі і азёрамі, дзе болей залежалі ад рыбалоўства. На працягу ўсяго года займаліся збіральніцтвам. Найбольш важнымі прадуктамі збіральніцтва былі плады ражковага дрэва і мёд. Тоба выраблялі кераміку, апрацоўвалі драўніну і скуры, будавалі часовыя жытлы на па́лях з саламяным дахам.

У нашы дні тоба жывуць у сучасных дамах у гарадах і невялікіх сельскіх паселішчах. Мужчыны працягваюць займацца паляваннем, рыбалоўствам і зборам мёду ў вільготны сезон, а ў сухі наймаюцца на працу на фермы або на прамысловыя прадпрыемствы. Жанчыны звычайна не працуюць па-за межамі хатняй гаспадаркі. Большая частка іх часу траціцца на выхаванне дзяцей, некаторыя плятуць кошыкі, збіраюць ядомыя ягады і карэнне, трымаюць агароды, дзе вырошчваюць для ўнутрысямейнага спажывання маніёк, гарбузы, гародніну.

У традыцыйным качавым грамадстве сталенню папярэднічаў рытуал ініцыяцыі. У дзяўчат ён адбываўся адразу пасля менструацыі, пасля чаго некалькі гадоў да заключэння шлюбу дазвалялася сексуальная свабода. Выпадковая цяжарнасць скончвалася абортам або дзетазабойствам. Найчасцей практыкаваліся шлюбы з прадстаўнікамі іншых, звычайна саюзных, качавых груп. Дазваляліся шлюбы са стрыечнымі братамі і сёстрамі. Даследаванні паказваюць, што ў кожным пакаленні сустракаліся шлюбы нават з бліжэйшымі сваякамі[2]. Правадыры качавых груп мелі некалькіх жонак. Усе шлюбы павінны былі пацвярджацца радай старэйшын. Дзяцей кармілі грудзямі да 2 — 3 гадоў, прычым гэта характэрна і для сучаснасці. Тоба клапаціліся аб старых, паколькі яны перадавалі традыцыі, аказвалі дапамогу ў клопаце пра дзяцей і ў збіральніцтве.

Традыцыйная вопратка выраблялася са скур. Жанчыны захілялі палавыя органы і грудзі, мужчыны насілі скураныя насцегнавыя повязі. Падчас прахалоднага надвор'я карысталіся плашчамі. Цела ўпрыгожвалі татуіроўкай, бранзалетамі і плеценымі лялькападобнымі падвескамі.

Тоба захавалі багаты фальклор. Жанчыны знакаміты выдатнай мастацкай вышыўкай.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова тоба адносіцца да гуайкуруанскай плыні моўнай сям'і матака-гуайкуру. Пісьмовасць на аснове лацінкі. Выкладаецца ў школах.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Да прыняцця хрысціянства тоба верылі ў духаў прыроды, а таксама ў чалавечую душу lki’i. Лічылася, што пасля смерці яна пакідае цела і пэўны перыяд (ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў) жыве каля сваякоў і можа знянацку перашкаджаць жывым. Таму тоба імкнуліся пазбавіцца ад нябожчыка як мага раней, спаліць або закапаць яго цела, прыватныя рэчы і жытло, рабіць выгляд, што нічога асаблівага не здарылася. Хвароба разглядалася як наступства дзейнасці чараўнікоў. Для выздараўлення звярталіся да знахараў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]