Малады камуніст

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Малады камуніст»
Тып газета
Рэдактар В. З. Харужая
Заснавана 1924
Спыненне публікацый 1937
Палітычная прыналежнасць камунізм
Мова беларуская, руская, польская, яўрэйская
Перыядычнасць нерэгулярна

«Малады камуніст» — нелегальная газета, орган ЦК КСМЗБ. Выдавалася ў 19241937 на беларускай і рускай мовах (асобныя нумары выходзілі на польскай і яўрэйскай мовах). Напачатку друкавалася ў Мінску і нелегальна перапраўлялася ў Заходнюю Беларусь, потым у падпольнай друкарні ў Вільні. Арганізатар выдання і першы рэдактар В. З. Харужая.

Публікавала рашэнні з'ездаў і пленумаў кіруючых органаў УКП(б), ЛКСМБ, КПП, КПЗБ, КСМЗБ, КІМа, матэрыялы пра рэвалюцыйныя святы, жыццё працоўнай моладзі, заклікала яе да барацьбы супраць капіталістаў памешчыкаў і асаднікаў, да палітычнага тэрору, выступала за вызваленне Заходняй Беларусі з-пад улады Польшчы і ўз'яднанне яе з БССР. Займала прасталінскую пазіцыю ў адносінах да беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый, арганізацый і іх дзеячаў, крытыкавала т.зв. трацкісцка-зіноўеўскі блок, правы ўхіл у УКП(б) (артыкулы «За ленінізм супраць трацкізму» (№ 3-4, 1927), «Аб ленінскім выхаванні КСМЗБ» (№ 1-2, 1929)), даказвала, што без ачышчэння кампартыі ад правых яна не зможа выканаць сваю рэвалюцыйную місію.

Заклікала змагацца з правым ухілам у КСМЗБ (арт. «На барацьбу з праваю небяспекаю ў камсамоле» (№ 3-4, 1929)), інфармавала пра дзейнасць камсамольскіх арганізацый Заходняй Беларусі, давала парады па падрыхтоўцы і правядзенні мітынгаў, дэманстрацый, забастовак (рубрыка «Наша жыццё і барацьба»).

Абвінавачвала А. І. Луцкевіча ў прапагандзе «культурніцтва», «адзінага нацыянальнага фронту», што, на думку газеты, з'яўлялася «буржуазна-кулацкай палітыкай». Падтрымлівала палітычныя рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячаў у БССР. Выйшла каля 50 нумароў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Зялінскі П. «Малады камуніст» / Пётр Зялінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — С. 55. — ISBN 985-11-0141-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]