Клеткі адзіночныя рознай формы, аднажгуцікавыя, свабодна плаваюць, абалонка цвёрдая, пакрыта панцырам з акрамянелых лускавінак, размешчаных чарапіцападобна радамі або па спіралі, у многіх відаў лускавінкі з крэменевымі ігламі і шыпамі (рознай формы і колькасці). Хларапластаў 1—2, пасценныя, звычайна без пірэноіда. Клетачнае ядро шарападобнае ці авальнае, часцей цэнтральнае. Запасное рэчыва — лейказін.
Размнажэнне падоўжным дзяленнем клеткі разам з панцырам у рухомым стане або ўтварэннем 2 даччыных клетак з уласным панцырам унутры матчынай клеткі. Жыўленне фотааўтатрофнае.
Міхеева Т. М. Маламонас // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984.—588 с., іл.— 10 000 экз.