Перайсці да зместу

Малдаўская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малдаўская мова
Саманазва Limba moldovenească
Moldovenește‎
Краіны
Рэгіёны
Класіфікацыя
індаеўрапейскія мовы
італійскія мовы
Раманскія мовы
Eastern Romance[d]
румынская мова
малдаўская мова
Пісьменнасць лацінскае пісьмо, кірыліца, румынскі алфавіт[d] і малдаўскі алфавіт[d]
ДАСТ 7.75–97 мол 460
WALS mol
IETF ro-MD
Glottolog mold1248
Вікіпедыя на гэтай мове
малд.: Limba noastra «Наша мова»

Малдаўская мова (малд.: limba moldoveneasca / лимба молдовеняскэ) — мова ўсходне-раманскай падгрупы раманскіх моў.

Была дзяржаўнай мовай Малдовы. Таксама адна з афіцыйных моў самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі.

Характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

З лінгвістычнага пункту гледжання, малдаўская мова з’яўляецца адной мовай з румынскай, яна характарызуецца тымі ж асаблівасцямі граматычнага ладу, на падставе чаго большасць лінгвістаў не вылучаюць самастойнай малдаўскай мовы, а кажуць аб малдаўскім варыянце або дыялекце дака-румынскай мовы (тэрмін, які аб’ядноўвае старарумынскую і малдаўскую мовы, якія ў гэтым выпадку лічацца дыялектамі). Нязначныя адрозненні малдаўскай мовы ад румынскай — на ўзроўні моўнай нормы, збольшага ў фанетыцы, а таксама ў лексіцы (вялікая колькасць запазычанняў з рускай мовы)[1][2].

Вылучаюцца 4 групы гаворак: паўночна-заходняя, паўночна-ўсходняя, цэнтральная і паўднёва-заходняя.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1812 годзе па выніках Бухарэсцкага міру Асманская Імперыя саступіла Расіі ўсходнюю частку Малдаўскага Княства — Бесарабію. У 1861 годзе заходняя частка княства аб’ядналася з Валашскім Княствам. З 1881 года гэта аб’яднанне стала Каралеўствам Румынія. Ва ўсходняй частцы былога Малдаўскага Княства пісьмовасць развівалася на аснове кірыліцы (выкарыстоўваўся рускі грамадзянскі шрыфт), а ў заходняй частцы ў 1862 годзе адбыўся пераход на лацініцу.

З 1918 па 1940 год Бесарабія ўваходзіла ў склад Румыніі. На тэрыторыі Прыднястроўя савецкія ўлады заснавалі Малдаўскую АССР (у складзе Украінскай ССР), яны імкнуліся падкрэсліць адрозненні паміж румынамі і жыхарамі левабярэжжа Днястра.

Галоўнай была кампанія па самаідэнтыфікацыі малдаван як асобнага народа. Для гэтага ў 1920-х гадах быў распрацаваны малдаўскі алфавіт на аснове кірыліцы, малдаўская мова была абвешчана асобнай мовай, а не дыялектам румынскай.

У 1932 годзе па дырэктыўным указанні ЦК Кампартыі Украіны малдаўская мова была пераведзена на лацініцу. У выніку наступных рэформаў мовы да 1938 года яна стала ідэнтычнай румынскай. Але па рашэнні з Масквы яна (як і іншыя мовы савецкіх рэспублік) была вернута на кірылічны алфавіт.

У 1940 годзе СССР далучыў Бесарабію. На карце ўзнікла Малдаўская ССР. З пачаткам вайны Германіі з СССР рэспубліка была акупавана румынскімі войскамі. Пасля перамогі Малдавія зноў вярнулася пад кантроль Савецкага Саюза.

Малдаўская мова заставалася афіцыйнай да канца 1980-х гадоў. Па рашэнні парламента рэспублікі ад 31 жніўня 1989 года мова вярнулася на лацінскую графіку. Гэты дзень стаў дзяржаўным святам і выхадным днём. На тэрыторыі Прыднястроўя захоўваецца алфавіт на кірылічай аснове[3].

У Дэкларацыі аб незалежнасці Малдовы ад 27 жніўня 1991 года гаворыцца аб «абвяшчэнні румынскай мовы дзяржаўнай». Нягледзячы на абвяшчэнне румынскай мовы дзяржаўнай, моўнае пытанне канчаткова не было вырашана і стала інструментам палітычнай барацьбы.

У 1994 годзе, калі прымалі Канстытуцыю Малдовы, па патрабаванні левых сіл замест «румынскай мовы» ў ёй была зафіксаваная «малдаўская». Пазней улады настойвалі на тым, што Малдова больш старажытная, чым Румынія, а таму назва мовы павінна заставацца. Супярэчнасць паміж замацаваннем у Дэкларацыі аб незалежнасці румынскай мовы ў якасці дзяржаўнай, а ў Канстытуцыі малдаўскай стала тэмай для разгляду ў Канстытуцыйным судзе. Ён пастанавіў, што Дэкларацыя мае большую юрыдычную моц. 16 сакавіка 2023 года парламент Малдовы прыняў закон, паводле якога дзяржаўнай мовай Рэспублікі Малдова з’яўляецца румынская мова.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
Паӂина принчипалэ малдаўскай