Маньчжуры

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Маньчжуры
(Manju.svg)
Manchu celeb 5.jpg
Агульная колькасць 10 430 000 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання КНР, Кітайская рэспубліка
Мова маньчжурская
Рэлігія шаманізм, будызм
Блізкія этнічныя групы сібо, эвенкі, эвены, нанайцы

Маньчжу́ры (маньчжур.: Manju.svg) — народ, карэнныя насельнікі паўночнага ўсходу КНР. Невялікая група маньчжураў здаўна жыве на Тайвані. Агульная колькасць — 10 430 000 (2010 г.).

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Цынская імперыя ў 1820 г.

Маньчжурская злучнасць склалася ў раёне на поўдзень ад сярэдняга Амура ў XVI — XVII стст., калі ўладар Нурхацы (15591626 гг.) аб’яднаў 66 мясцовых родаў і стварыў дзяржаву Маньчжоў. Аснову маньчжурскай супольнасці склалі групы тунгусаў (продкаў таксама эвенаў і эвенкаў), а таксама мясцовыя народы, якія жылі ля Амура з глыбокай старажытнасці, Пэўны ўдзел прынялі прадстаўнікі кітайцаў, карэйцаў, манголаў і іншых суседніх народаў. У выніку маньчжуры доўгі час падзяляліся на «сапраўдных», якія паходзілі з перадгор’яў Чанбайшань, і «новых», што далучыліся пазней.

Нурхацы рэфармаваў традыцыйныя родавыя абшчыны, злучыў іх у 8 ваенных аб’яднанняў — сцягоў гуса. У кожны гуса ўваходзіла 5 палкоў чжалань, у кожны чжалань — 5 рот ніру. Нурхацы і яго пераемнікі здолелі ўстанавіць кантроль над часткай паўночна-ўсходняга Кітая. У 1644 г., калі Пекін аказаўся ў руках сялян-паўстанцаў, і імператар скончыў жыццё самагубствам, маньчжуры ўвайшлі ў саюз з кітайскай імператарскай арміяй і захапілі сталіцу Кітая. Была створана маньчжурская дынастыя Цын, якая ў другой палове XVII — XVIII стст. здолела ўстанавіць сваю ўладу на тэрыторыі ўсяго Кітая, а таксама пашырыць яго межы на захад і на поўнач. У 1688 г. быў заключаны дагавор з Расіяй, які гарантаваў далучэнне зямель паўднёва-ўсходняй Сібіры. Для легітымізацыі кіравання імператары Цын заключалі шлюбныя саюзы з прадстаўніцамі вышэйшых родаў манголаў.

У дзяржаве Цын маньчжуры ператварыліся ў ваенна-служылае саслоўе, якое мела значныя прывілегіі. Але ў выніку гэта садзейнічала паступоваму перайманню кітайскіх мовы і культуры, што асабліва з XVIII ст. Толькі маньчжуры паўночнага захаду Кітая працягвалі захоўваць свае мову і традыцыі.

У 1911 г. у Кітаі адбылася рэвалюцыя, у выніку якой апошні маньчжурскі імператар Пу І быў звергнуты. У 19321945 гг. японцы ўзнавілі існаванне Вялікай Маньчжурскай Імперыі як марыянетачнай дзяржавы. У 1949 г. яна ўвайшла ў склад КНР.

У нашы дні маньчжуры складаюць адну з найбольш вялікіх этнічных меншасцяў Кітая.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Маньчжуры паўночнага ўсходу Кітая здаўна займаліся земляробствам, вырошчвалі зерневыя і алейныя культуры, гародніну. Да сяр. XX ст. былі распаўсюджаны простыя прылады працы — драўляны плуг аньчжа, чыгунны лямеш халхань, каменныя каткі тахароку і г. д. Трымалі рабочую жывёлу (быкоў, канёў) і свінняў. У горна-таёжных раёнах важнымі заняткамі таксама былі нарыхтоўка лесу, вытворчасць драўнянага вугля, збор дзікага вінаграда, паляванне і г. д.

Жытло будавалі на берагах рэк, звычайна на схілах для абароны ад халодных паўночных і паўночна-заходніх вятроў. У XVII — XIX стст. з’явіліся паселішчы ўздоўж шляхоў, якія ахоўваліся маньчжурамі. У пач. XIX ст. паміж гарадамі Харбін, Шэньян і Шуанчэн былі створаны маньчжурскія вёскі, што знаходзіліся на роўнай адлегласці адна ад адной і мелі назву гуса. Гэтыя вёскі ўмацоўваліся абарончым плотам з зямлі, мелі форму правільнага чатырохкутніка з вежамі ў вуглах. У кожным паселішчы жыло ад 20 да некалькіх соцень чалавек. Хаціны каркасныя на адзін паверх. Каля галоўнай хаціны, звернутай дзвярыма да ўваходнай брамы, маглі ўзводзіцца памяшканні меншыя па памерах. Паміж жытлом і брамай усталёўвалася драўляная тычка сома з кавалкам тканіны на версе для ахвярапрынашэнняў духам. Заходзілі ў хату праз пярэдні пакой або кухню.

Традыцыйная вопратка ў мужчын складалася з шырокіх штаноў факуры, крамніннага пояса, курткі, камізэлькі. Калшыны запраўлялі ў боты або на канцах наглуха абмотвалі кавалкамі тканіны. Святочная адзежа заўсёды ўпрыгожвалася яркім гафтам. Зімовая падбівалася ватай. Жанчыны апраналі доўгія штаны да шчыкалатак, кофты курумэ і доўгія халаты цыпаа. Колер вопраткі выбіралі часцей сіні. Многія элементы нацыянальных строяў маньчжураў былі запазычаны кітайцамі.

Мужчыны галілі пярэднюю частку галавы, а доўгія заднія валасы запляталі ў косы. Жанчыны згортвалі валасы на цемі ў вялікі вузел шашонь, які ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Былі вядомы і іншыя складаныя жаночыя прычоскі, характэрныя для вышэйшых колаў. Распаўсюджаныя ўпрыгожванні — завушніцы і бранзалеты са срэбра. Шырока карысталіся касметыкай — тушшу, памадай, румянамі.

Маньчжуры здолелі захаваць родавыя арганізацыі хала, дзякуючы якім не рассеяліся сярод кітайцаў нават пасля таго, як многія згубілі сваю мову. Людзі аднога хала лічацца сваякамі і паходзяць ад агульнага продка-мужчыны. Кожны дарослы родзіч павінен ведаць сваіх сваякоў. У некаторых хала да сёння вядуцца спецыяльныя кнігі. Акрамя таго, хала маюць сваіх духаў-заступнікаў. Род кантралюе ўнутраныя шлюбныя сувязі. З-за рассялення маньчжураў у розныя часткі імперыі Цын да пачатку XIX ст. са складу хала пачалі вылучацца больш дробныя арганізацыі макунь. Яны аб’ядноўваюць прадстаўнікоў таго або іншага хала, што апынуліся ў пэўнай мясцовасці.

Сем’і малыя нуклеарныя. На чале сям’і заўсёды стаіць бацька. Яму падпарадкоўваюцца і жонка, і дзеці. У адсутнасці бацькі дзеці падначальваюцца маці. Земляробства, паляванне, збіральніцтва, ваенная справа заўсёды лічыліся выключна мужчынскімі заняткамі. Толькі ў вельмі бедных сем’ях жанчыны працавалі на палетках. Звычайна маньчжуры мелі па адной жонцы. Палігіннымі былі раней толькі багатыя гараджане. Спадчына перадавалася толькі па мужчынскай лініі. Да 1911 г. шырока сустракаўся звычай шматгадовага спавівання жаночых ног для таго, каб ступня была маленькая, а вялікі палец нагі рос уніз.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Маньчжурская мова адносіцца да тунгуса-маньчжурскай сям’і моў. Пісьмовасць існуе з XVII ст.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія — шаманізм. Пасля заваявання Кітая таксама шырока распаўсюдзіўся будызм, аднак маньчжуры раўніва захоўвалі свае рытуалы. У Пекіне дзейнічаў вялікі шаманскі храм. У XVIII ст. нават з’явіліся шаманскія кнігі на маньчжурскай мове.

Шаманскі пантэон складаўся з вялікай колькасці духаў эньдуры, якія шанаваліся па пэўных днях. Пасрэднікамі паміж светам духаў і людзей маглі выступаць як главы сем’яў, так і прафесійныя шаманы самань, якія займаліся лекаваннем, праводзілі пахавальныя абрады, суправаджалі душу нябожчыка ў замагільны свет, варажылі будучыню, шукалі згубленыя і скрадзеныя рэчы і г. д. Шаманамі маглі стаць мужчыны і жанчыны, старыя і маладыя. Лічылася, што асобу самань выбіралі самі духі. Многія шаманскія рытуалы блізкія да тых, што існавалі ў нанайцаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]