Маёнтак Падароск
Сядзіба | |
Сядзібна-паркавы комплекс Чачотаў | |
---|---|
![]() Сядзібны дом | |
52°58′39,2″ пн. ш. 24°37′13,78″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Падароск |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Будынкі | |
Сядзібны дом • Брама • Агароджа • Склеп • Гаспадарчы двор | |
Статус |
![]() |
![]() |
Сядзібна-паркавы комплекс Чачотаў, Сядзібна-паркавы комплекс Бохвіцаў — помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў в. Падароск Ваўкавыскага раёна.
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Першымі вядомымі ўладальнікамі Падароска былі Клочкі, а з сярэдзіны XVIII ст. маёнткам валодалі Грабоўскія, якія і збудавалі першую мураваную сядзібу. 25 кастрычніка 1843 года Падорск набываюць Яўстах і Альжбета Пухальскія. У 1861 годзе Альжбета Пухальская адпісала маёнтак пляменніку Альбіну Чачоту з Асташына, ад яго Падароск перайшоў дачцэ Альжбеце, названай так па хроснай маці[1].
У 1875 годзе 22-гадовая Альжбета ўзяла шлюб з 33-гадовым Раманам Бохвіцам, сынам вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца (1799—1856). У 1890 годзе да маёнтка Падароск, разам з маёнткамі Вярусін і Рудава, уласнасці Альжбеты Бохвіц, належала 1940 дзесяцін зямлі. Гэта быў адзін з найлепш арганізаваных маёнткаў Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.
Апошнім уладальнікам быў сын Альжбеты і Рамана Атон Бохвіц (1880—1939) — выпускнік Сельскагаспадарчай акадэміі ў Празе, які ў 1939 годзе быў арыштаваны і памёр у турме ў Ваўкавыску[1].
У савецкі час у палацы спачатку размяшчалася сярэдняя школа, пазней будынак быў падзелены паміж калгасным праўленнем і музычнай школай. З пачатку 2004 года будынак пуставаў і паступова занепадаў[2].
З 2012 года будынак рыхтавалі да продажу, а ў 2013 годзе праз аўкцыён комплекс набыў прадпрымальнік з Расіі Павел Падкарытаў, які плануе стварыць у сядзібе першы ў Беларусі музей шляхты і турыстычную інфраструктуру[2].
Палац і пабудовы сядзібна-паркавага комплексу[правіць | правіць зыходнік]
Комплекс былога маёнтка ў Падароску раздзелены на дзве часткі дарогай з Ваўкавыска на Ружаны. На захад ад дарогі знаходзіцца абнесены агароджай палацава-паркавы комплекс (лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю), на ўсход ад дарогі — былы гаспадарчы двор, які гісторыка-культурнай каштоўнасцю не лічыцца. Ад уласна Падароска комплекс аддзелены рэчкай Зяльвянкай.
Сядзібны дом з мезанінам, як думаюць, пабудаваны ў канцы XVIII ст. Грабоўскімі. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што раней на пячным дымаходзе палаца быў металічны сцяжок з датай «1768». Аднапавярховы прамавугольны ў плане выцягнуты будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай мураванай цэнтральнай часткай, вылучанай на галоўным фасадзе глыбокім порцікам з трохвугольным франтонам, які быў прыбудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. па праекце віленскага архітэктара Лубы[3]. Драўляныя бакавыя крылы атынкаваны і накрыты высокімі вальмавымі дахамі. У рашэнні порціка спалучаюцца слупы, калоны, аркада (на першым паверсе), якая падтрымлівае шырокую тэрасу. Уваход аформлены паўратондай з балконам над ёй[3]. Прамавугольныя вокны аздоблены прафіляванымі ліштвамі. З тыльнага боку будынка была тэраса з невысокай балюстрадай, якая не захавалася. Унутраная планіроўка анфіладна-калідорная, змененая ў пасляваенныя часы.
Па цэнтральнай восі галоўнага ўвахода ў дом размяшчаўся вестыбюль, адкуль вяла лесвіца на мезанін. Вестыбюль быў аздоблены вялікімі, ад падлогі да столі, люстрамі. На першым паверсе было дзесяць вялікіх пакояў. Цэнтральнае месца ў доме займаў вялікі зал з дзвюма чырвонымі канапамі і сакрэтнікам. У гасцінай камін упрыгожвала конная скульптура Яна Сабескага, а таксама партрэты прадстаўнікоў родаў Бохвіцаў і Чачотаў. Салон быў абстаўлены мэбляй у стылі ампір, а ў сталовай залі, якая часам выкарыстоўвася як капліца, быў вялікі авальны стол[4].
З іншых будынкаў цалкам або часткова захаваліся былая аранжарэя (у савецкі час малачарня), будынак былой сыраварні (пасля майстэрні, гаража), а таксама кузня.
Парк[правіць | правіць зыходнік]
Акружае сядзібны дом парк. Першапачаткова парк складаўся з партэрнай і пейзажнай частак, аб’яднаных дзвюма пейзажнымі алеямі. Газон з параднага боку дому меў форму прамавугольніка, акружанага дорогай. Пасярод яго была гульнявая пляцоўка. Па перыметры газона ў цёплы час выстаўляліся расліны з аранжэрэі (алоэ, агава, кактус і інш.). Найбольшыя экземпляры субтрапічных раслін выстаўляліся перад аранжарэяй. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэў: бяроза, клён, ліпа, акацыя і іншыя. Станам на 1987 год у парку было 23 віды дравесных раслін, у тым ліку елка, грэцкі арэх, лістоўніца, белая акацыя. Парадная частка двара і парк ахоплены з двух бакоў капітальнай цаглянай агароджай, слупы якой маюць арыгінальнае завяршэнне[5].
Гаспадарчы двор[правіць | правіць зыходнік]
Забудова гаспадарчага двара пачала фарміравацца з 1860-х гадоў і першапачаткова складалася з вінакурні і некаторых іншых каменных пабудоваў. Станам на 1900 год вінакурны завод належаў Лізавеце (Альжбеце) Бохвіц і выпрацоўваў бульбяны і збожжавы спірт коштам 14835 руб., а таксама барды на 1200 руб. На заводзе працавалі 8 чалавек, адкрыццё яго пазначана 1887 годам. Паводле інвентара 1911 года, у маёнтку Рамана Атона Бохвіца было дзве вінакурні, цагельня, шкіпінарны завод, вадзяны млын, некалькі дамоў для работнікаў, кароўнік на 130 кароў, аўчарня з 2000 авечак, пуні. У гаспадарцы былі паравая малатарня, паравая машына для здабычы торфу, іншыя сельскагаспадарчыя прылады.
Асобна на ўзвышшы размяшчалася капліца з фамільнымі пахаваннямі. Захаваліся руіны крыпты, якая ў савецкі час выкарыстоўвалася як жывёльны могільнік[1].
Большая частка пабудоваў былога гаспадарчага двара сёння не выкарыстоўваецца. Спіртзавод (былая вінакурня) закрыты на пачатку 2000-х гадоў.
«Маёнтак Падароск»[правіць | правіць зыходнік]
Пасля выкупу сядзібна-паркавага ансамбля Паўлам Падкарытавым было створана прыватнае прадпрыемства «Маёнтак Падароск», якое ставіць задачай аднаўленне ўсяго комплекса. Праведзены археалагічныя і архітэктурныя даследаванні, зроблены аналіз паркавых пасадак, адноўлена галоўная брама парка, прыстасаваны да выкарыстання ў турыстычных мэтах былыя сыраварня і кузня. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку аднаўлення галоўнага будынка комплекса і адкрыцця ў ім музея гісторыі беларускай шляхты.
Зноскі
- ↑ а б в Федорук А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины. Минск: «Беларусь», 2014. С. 172—179. ISBN 978-985-01-1091-6
- ↑ а б Бизнесмен из России спасает усадьбу в Подороске (руск.)
- ↑ а б Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
- ↑ Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 2. Wrocław, 1992. S.314-316
- ↑ Усадьба Бохвицев в деревне Подороск (руск.)
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Маёнтак Падароск на Вікісховішчы |
---|
- Маёнтак Падароск на сайце Radzima.org
- Маёнтак Падароск на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Маёнтак Падароск на сайце «Архіварта»