Перайсці да зместу

Мемарыяльная капліца (Цімкавічы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца і брама-званіца пры старой Свята-Мікалаеўскай царкве ў Цімкавічах, 1917 год
Капліца і брама-званіца пры новай Свята-Мікалаеўскай царкве ў Цімкавічах, 2017 год
Мемарыяльная капліца
Памятны камень на мемарыяльнай капліцы

Мемарыяльная капліца — капліца ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці.

Знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка. Пабудавана ў другой палавіне XIX ст. з цэглы ў памяць аб адмене прыгоннага права (над галоўным уваходам усталявана мемарыяльная дошка).

Помнік архітэктуры неакласіцызму. Вырашана цэнтрычным кубападобным аб’ёмам пад шатровым гонтавым дахам. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры фланкіраваным пілястрамі прамавугольным уваходным праёмам. Атынкаваныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў шырокіх ліштвах у выглядзе перакінутай паміж 2 пілястрамі архівольты, расчлянёны лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем, у алтарнай сцяне зроблена ніша.

Брама-званіца

[правіць | правіць зыходнік]

Побач з капліцай пастаўлена мураваная 2-ярусная прамавугольная ў плане брама-званіца пад двухсхільным дахам. Ярусы расчлянёны гонтавым адлівам на прафіляваным карнізе. Шырокі арачны праезд першага яруса замураваны. Верхні ярус-звон прарэзаны з усіх бакоў лучковымі праёмамі, фланкіраванымі лапаткамі і аб’яднанымі на франтальным фасадзе аркатурай.