Перайсці да зместу

Мотальскія кажухі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мотальскія кажухі — беларускае традыцыйнае зімовае народнае адзенне з в. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых надубленых аўчын. Мотальскія кажухі былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі.

З 1930-х г. мотальскія кажухі шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.