Перайсці да зместу

Музычная майстэрня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Музычная майстэрня — найбуйнейшы ў Беларусі майстар-клас для хрысціянскіх музыкантаў і спевакоў, які адбываецца штогод пры францішканскім кляштары ў Івянцы. Заснавана ў 2003 годзе айцом Лехам Баханэкам і польскім музыкантам, журналістам і тэлевядучым Янам Паспяшальскім[pl].

«Музычная майстэрня» штогод збірае некалькі соцень удзельнікаў. На працягу тыдня маладыя людзі маюць магчымасць знаёміцца, маліцца, спяваць і іграць на музычных інструментах дзеля праслаўлення Бога.

Ян Паспяшальскі
Ян Паспяшальскі.

Сваю гісторыю «Музычная майстэрня» вядзе ад пачатку 2000-х гадоў. Пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Івянцы, айцец Лех Баханэк шукаў інструменты для хлопцаў са сваёй парафіі — іх гурту не ставала толькі барабанаў. У працэсе гэтага пошуку айцец Лех пазнаёміўся з Янам Паспяшальскім[pl], польскім музыкантам, журналістам і тэлевядучым, які выказаў жаданне дапамагчы[1][2]. Айцец Лех прыгадвае:

" Мы сустрэліся ў яго дома падчас Божага Нараджэння, і там пасля доўгай размовы прыйшлі да высновы, што ўжываныя барабаны атрымалася б дзесьці знайсці, але ёсць магчымасць нечага іншага — служэння польскай моладзі братам і сёстрам з Беларусі[1]. "

Спадар Ян прапанаваў, каб моладзь з парафіі святога Тамаша ў Варшаве прыехала і падзялілася з беларускімі маладзёнамі сваімі ведамі ў літургічным спеве. І ўжо ў 2003 годзе ў Івянцы адбылася першая «Музычная майстэрня»[1][2]. Спадар Ян прыгадвае:

" На нашую першую сустрэчу прыехала каля ста чалавек. Надвор’е нам тады не спрыяла: увесь тыдзень ліў дождж, таму мы былі «вымушаныя» знаходзіцца разам і працаваць. Паволі мы пачалі вучыць нашых новых сяброў: шмат з тых, хто прыехаў, не ведалі нотаў, таму вучылі па чарзе ледзь не кожную ноту. Але гэтая праца не была дарэмная, бо падчас выступу новаўтворанага хору «Майстэрні» перад івянецкай публікай некаторыя слухачы ўзрушана плакалі[1]. "

За тыдзень сумеснай працы і малітвы беларускія і польскія музыкі настолькі зблізіліся, што ў выніку «Майстэрня» стала штогадовай музычнай падзеяй[1].

Пачынаючы з 2008 года ўвайшло ў традыцыю спалучаць апошнія дні «Музычнай майстэрні» з агульнабеларускай «Малітоўнай сустрэчай моладзі»[3].

Адбываліся таксама і спробы пашырэння дзейнасці «Майстэрні». У 2017 годзе акрамя звычайнай сустрэчы ў Івянцы адбылася першая «Музычная майстэрня» ў Навагрудку. Сярод ініцыятараў былі ўдзельнікі і арганізатары івянецкай «Майстэрні»[4].

У 2020-21 гадах «Майстэрня» не праводзілася, але пасля двух гадоў вымушанага перапынку была адноўлена. За час існавання «Майстэрні» вырасла новае пакаленне касцёльных музыкантаў, а некаторыя з удзельнікаў увайшлі ў шэрагі арганізатараў[2].

Мерапрыемства

[правіць | правіць зыходнік]
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
Касцёл св. Міхала Арханёла ў Івянцы.

«Музычная майстэрня» адбываецца на базе касцёла св. Міхала Арханёла і францішканскага кляштару ў Івянцы. Арганізацыю мерапрыемства бяруць на сябе польскія музыканты, мясцовыя манахі-францішкане, а таксама парафіяне касцёла.

Мерапрыемства працягваецца тыдзень. Дзень пачынаецца з ранішняга багаслужэння — ютрані. Пасля супольнага сняданку адбываецца вялікая рэпетыцыя хора «Майстэрні» з перапынкам на канферэнцыю. Па абедзе надыходзіць час больш вузкаспецыялізаваных майстар-класаў. Сярод іх ігра на розных музычных інструментах, сцэнаграфія і тэатральнае майстэрства, вакал, дырыжыраванне, музычная грамата і іншыя. Увечары адбываецца святая імша з удзелам хору «Майстэрні». Вечаровая частка кожны дзень розная. На тыдні ёсць вечар знаёмстваў, вечар танцаў, вечар талентаў, малітва ў духу Тэзэ, вечар класічнай музыкі, малітва праслаўлення. Напрыканцы дня, у кавярні «У францішканаў» можна паслухаць і паіграць жывы джаз[5][1].

На завяршэнне мерапрыемства адбываецца вялікі канцэрт хору «Майстэрні».

Спіс «Майстэрняў»

[правіць | правіць зыходнік]
Даты правядзення Колькасць удзельнікаў Крыніцы
I 2003 каля 100 чалавек [1]
II 2004
III 2005
IV 24 — 28 ліпеня 2006 [6]
V 23 — 28 ліпеня 2007 [7][8]
VI 14 — 18 ліпеня 2008 [9]
VII 20 — 24 ліпеня 2009 [10]
VIII 26 ліпеня — 1 жніўня 2010 каля 300 чалавек [11][12]
IX 1 — 7 жніўня 2011 каля 300 чалавек [13][14][15]
X 23 — 27 ліпеня 2012 каля 130 чалавек [16][17][18]
XI 22 — 26 ліпеня 2013 больш за 200 чалавек [19][20]
XII 21 — 25 ліпеня 2014 каля 200 чалавек [21][22]
XIII 20 — 24 ліпеня 2015 больш за 250 чалавек [23][24]
XIV 8 — 14 жніўня 2016 каля 200 чалавек [25][26]
XV 22 — 28 ліпеня 2017 [27][28][29]
XVI 21 — 29 ліпеня 2018 [30][31][32]
XVII 22 — 28 ліпеня 2019 каля 200 чалавек [33][34][35]
У 2020 — 2021 годзе «Музычная майстэрня» ў Івянцы не праводзілася.
XVIII 27 — 31 ліпеня 2022 [36][37]
XIX 24 — 30 ліпеня 2023 [38][39]
XX 22 — 28 ліпеня 2024 [40][41]

У розны час у якасці ментараў з Польшчы прыязджалі:

  • Зоф’я Баркоўская — дырыжорка хору Цэнтру Яна Паўла Другога ў Варшаве, лаўрэат шматлікіх узнагарод, дыпламаваны філосаф; амаль ад пачатку звязаная з «Музычнай Майстэрняй»[28].
  • Павел Бэнбэнэк[pl] — спявак, кампазітар, дырыжор; звязаны з музычнай суполкай Дамініканскага кляштара ў Кракаве[8].
  • Рафал Кабылінскі — тэнар, езуіт, ксёндз[8].
  • Хуберт Кавальскі[pl] — папулярны кампазітар літургічнай музыкі, аўтар шматлікіх музычных праектаў, дырыжор, кантрабасіст, спявак[42].
  • Ян Паспяшальскі[pl] — музыкант, аранжыроўшчык, кампазітар, журналіст і публіцыст, аўтар радыё- і тэлепраграм; заснавальнік ды арганізатар «Музычнай Майстэрні»[43].
  • Радаслаў Томчак — францішканін, святар, арганіст і грэгарыяніст[28].
  1. а б в г д е ё Яўген Голуб. «Музычная майстэрня» ў Івянцы: як пачыналася? . Catholic.by (29 ліпеня 2019). Праверана 20 ліпеня 2024.
  2. а б в Паліна Шышкоўская. «Усё пачалося з пошуку барабанаў». У Івянец зноў вярнулася доўгачаканая «Музычная майстэрня» . Catholic.by (29 ліпеня 2022). Праверана 20 ліпеня 2024.
  3. Івянец збірае моладзь кожны год: гісторыя малітоўных сустрэч . Catholic.by (4 жніўня 2011). Праверана 20 ліпеня 2024.
  4. Анастасія Пятрова. Першая музычная майстэрня ў Навагрудку сабрала таленты . Catholic.by (30 жніўня 2017). Праверана 20 ліпеня 2024.
  5. Яўген Голуб. (Не)звычайна пра «Майстэрню» . Ave-Maria.by (4 ліпеня 2018). Праверана 20 ліпеня 2024.
  6. Музычная майстэрня ў Івенцы . Наша Ніва (26 ліпеня 2006). Праверана 20 ліпеня 2024.
  7. «Музычная майстэрня» у Івянцы . Catholic.by (23 ліпеня 2007). Праверана 20 ліпеня 2024.
  8. а б в Тэрміновая аб'ява: паўтараем запрашэнне да ўсіх рэгентаў хораў у Івянец, на "Музычную майстэрню" (Удзел у майстэрні бясплатны.) . RadioVaticana.va (20 ліпеня 2007). Праверана 20 ліпеня 2024.
  9. Лех Баханек. Музычная майстэрня ў Івянцы . Catholic.by (9 ліпеня 2008). Праверана 20 ліпеня 2024.
  10. Святлана Бурлевіч. Далучыцца да музычнага майстэрства . Catholic.by (25 ліпеня 2009). Праверана 20 ліпеня 2024.
  11. У Івянцы распачалася «Музычная майстэрня» . Catholic.by (27 ліпеня 2010). Праверана 20 ліпеня 2024.
  12. У Івянцы распачалася «Музычная майстэрня» . RadioVaticana.va (28 ліпеня 2010). Праверана 20 ліпеня 2024.
  13. Ілья Лапато. Івянец. Цікавая статыстыка . Catholic.by (7 жніўня 2011). Праверана 20 ліпеня 2024.
  14. Музычная майстэрня ў Івянцы . Redemptor.by (11 жніўня 2011). Праверана 20 ліпеня 2024.
  15. Фестиваль молодёжной духовной музыки - Музыкальная мастерская (руск.). Ekskursii.by (21 ліпеня 2011). Праверана 20 ліпеня 2024.
  16. Святлана Жылевіч. Музычнай майстэрні ў Івянцы — 10 гадоў . Catholic.by (28 ліпеня 2012). Праверана 20 ліпеня 2024.
  17. Музычная майстэрня 2012 . Сайт Рымска-каталіцкай парафія «Св. Юзафа» у г. Крупкі. Праверана 20 ліпеня 2024.
  18. Маладыя католікі Беларусі завяршылі свой форум . RadioVaticana.va (29 ліпеня 2012). Праверана 20 ліпеня 2024.
  19. Юрый Марціновіч. «…Шукаю словаў, каб падзякаваць за Тваю любоў»: у Івянцы праходзіць «Музычная майстэрня» . Catholic.by (24 ліпеня 2013). Праверана 20 ліпеня 2024.
  20. Ольга Рудницкая. В музыкальную мастерскую в Ивенец приехало 200 участников (руск.). Kraj.by (26 ліпеня 2013). Праверана 20 ліпеня 2024.
  21. Юрый Марціновіч. У чарговы раз у Івянцы праводзіцца «Музычная майстэрня» . Catholic.by (23 ліпеня 2014). Праверана 20 ліпеня 2024.
  22. У Івянцы пройдзе "Музычная майстэрня" . Katolik.life (17 ліпеня 2014). Праверана 20 ліпеня 2024.
  23. Юрый Марціновіч. Падыходзіць да завяршэння чарговая «Музычная майстэрня» ў Івянцы . Catholic.by (24 ліпеня 2015). Праверана 20 ліпеня 2024.
  24. В Ивенце проходит католическая «Музыкальная мастерская» (руск.). Telegraf.news (22 ліпеня 2015). Праверана 20 ліпеня 2024.
  25. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч да ўдзельнікаў «Музычнай майстэрні»: «Музыка, якая не мае межаў, аб’ядноўвае веруючых» . Catholic.by (13 жніўня 2016). Праверана 20 ліпеня 2024.
  26. «Музычная майстэрня» ў Івянцы пройдзе 8-14 жніўня . CatholicNews.by (13 чэрвеня 2016). Праверана 20 ліпеня 2024.
  27. Вольга Янковіч. «Музычная Майстэрня» ў Івянцы чакае! . Catholic.by (18 ліпеня 2017). Праверана 20 ліпеня 2024.
  28. а б в «Музычная Майстэрня» запрашае таленавітую каталіцкую моладзь . CatholicNews.by (5 ліпеня 2017). Праверана 20 ліпеня 2024.
  29. «Музычная Майстэрня» запрашае таленавітую каталіцкую моладзь . Katolik.life (4 ліпеня 2017). Праверана 20 ліпеня 2024.
  30. Дзевяць дзён еднасці, музыкі і малітвы. Івянец запрашае на «Музычную майстэрню» . CatholicNews.by (7 ліпеня 2018). Праверана 20 ліпеня 2024.
  31. "Усё пачалося з барабанаў". Айцец Яўген Голуб пра "Музычную майстэрню" ў Івянцы . RadioMaria.by (19 ліпеня 2018). Праверана 20 ліпеня 2024.
  32. Ивенец готовится к «Музыкальной мастерской» (руск.). Telegraf.news (8 ліпеня 2018). Праверана 20 ліпеня 2024.
  33. Вольга Качалка. Музычная майстэрня запрашае на канцэрт! . Ave-Maria.by (27 ліпеня 2019). Праверана 20 ліпеня 2024.
  34. Аляксандр Улас. «Як прыгатуеш, так працуеш і святкуеш». Івянец рыхтуецца да сустрэчы моладзі . Catholic.by (21 ліпеня 2019). Праверана 20 ліпеня 2024.
  35. Ивенец приглашает на «Музычную мастэрню» - видео (руск.). Katolik.life (4 ліпеня 2019). Праверана 20 ліпеня 2024.
  36. У ліпені ў Івянцы пройдзе «Музычная майстэрня» для ўсіх, хто жадае праслаўляць Бога праз музыку . Catholic.by (13 ліпеня 2022). Праверана 20 ліпеня 2024.
  37. У ліпені ў Івянцы пройдзе «Музычная майстэрня» для ўсіх, хто жадае праслаўляць Бога праз музыку . CatholicNews.by (13 ліпеня 2022). Праверана 20 ліпеня 2024.
  38. Яна Шумская. «Жыццё маё ў Тваіх руках». Музычная майстэрня 2023 запрашае музыкаў да ўдзелу ў тыдні мастацтва на хвалу Пана ў Івянцы (+рэгістрацыя) . Catholic.by (27 чэрвеня 2023). Праверана 20 ліпеня 2024.
  39. «Музычная майстэрня» ў Івянцы запрашае музыкаў . CatholicNews.by (11 ліпеня 2023). Праверана 20 ліпеня 2024.
  40. «На пачатку было Слова». У Івянцы пройдзе традыцыйная Музычная майстэрня . Catholic.by (12 ліпеня 2024). Праверана 20 ліпеня 2024.
  41. ХХ Музычная Майстэрня. Гсцінны Івянец чакае музыкаў з 22 па 28 ліпеня . CatholicNews.by (12 ліпеня 2024). Праверана 20 ліпеня 2024.
  42. Кірыл Бардонаў. Пра музыку ў літургіі і не толькі. Інтэрв’ю з музыкантам Хубертам Кавальскім . Catholic.by (26 ліпеня 2018). Праверана 20 ліпеня 2024.
  43. Ілья Лапато. Ян Паспяшальскі: «Змены ў душы чалавека куды важнейшыя за любы музычны майстар-клас» . Catholic.by (27 ліпеня 2017). Праверана 20 ліпеня 2024.