Мікалай Ягоравіч Матукоўскі
Мікалай Ягоравіч Матукоўскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 12 верасня 1929 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 верасня 2001 (72 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | драматург, журналіст, сцэнарыст |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Узнагароды |
Мікалай Матукоўскі (12 верасня 1929, в. Калюціна, Расонскі раён, Віцебская вобласць — 28 верасня 2001) — беларускі драматург.
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Тродавіцкую сярэднюю школу (1950), працаваў загадчыкам аддзела кадраў і аргработы Расонскага райкама камсамола, літсупрацоўнікам раённай газеты «Сацыялістычная праца». Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ (1956). У 1952—1960 — літработнік, потым загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1960—1964 — галоўны рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1964—1966 — галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 — уласны карэспандэнт, у 1970-1993 — загадчык Беларускага аддзялення рэдакцыі газеты «Известия». У 1993-1995 - працаваў у газеце «Рэспубліка». У 1995-1998 гадах - кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Творчасць[правіць | правіць зыходнік]
Літаратурную працу пачаў у 1952. Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар п'ес «Мужчына, будзь мужчынам!» (пастаўлена ў 1966), «Тры дні і тры ночы» (пастаўлена ў 1967), «Амністыя» (1971, пастаўлена ў 1970, асобнае выданне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), «Апошняя інстанцыя» (1976, пастаўлена ў 1974), «Наследны прынц» (1976, пад назвай «Наследнік» пастаўлена ў 1976), «Мошенник поневоле» (паводле рамана М. Ларні «Чацвёрты пазванок», пастаўлена ў 1978), «Паядынак» (1985, пастаўлена ў 1985), «Мудрамер» (апублікавана і пастаўлена ў 1987). Аўтар зборнікаў «П'есы» (1979) і «Мудрамер» (1989). Напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма «Сын старшыні» (пастаўлены ў 1976), тэлефільмаў «Траянскі конь» (пастаўлены ў 1980), «Мудрамер» (пастаўлены ў 1989), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакументальных тэле- і кінафільмаў. Выдаў дакументальную аповесць пра Мінскае падполле 1941—1944 гадоў «Мінск» (1982), кнігу публіцыстыкі, эсэ «Чужая беда» (1987).
Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]
- Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1971).
- Узнагароджаны медалямі.
- Заслужаны работнік культуры БССР (1977).
- Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР (1984)
- Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за п'есу «Мудрамер».
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Матукоўскі Мікалай // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X