Мікалай Мікалаевіч Шыпаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Мікалаевіч Шыпаў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1802
Месца нараджэння
Дата смерці сакавік 1882
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мемуарыст, прадпрымальнік

Мікалай Мікалаевіч Шыпаў (руск.: Николай Николаевич Шипов; 1802, Выяздная Слабада, Арзамаскі павет — сакавік 1882, Масква) — прыгонны селянін, расійскі прадпрымальнік, падарожнік, мемуарыст.

Гістарыяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная крыніца пра жыццё Мікалая Шыпава — уласныя мемуары. Згадка пра Шыпава ёсць у працы Мікалая Шчагалькова «Исторические сведения о городе Арзамасе, собранные Николаем Щегольковым» (1911). Таксама згаданы мемуары Шыпава ў працы Сяргея Нікіціна «Источниковедение истории СССР» (М., 1940). Коратка пераказаны яны ў артыкуле Анатоля Аквілева «Малоизвестная повесть нижегородского крепостного крестьянина» у зборніку «Записки краеведов» за 1981 год, але без гістарычнага аналізу твора. Асобныя каментарыі мемуараў зрабіў Юрый Лотман у тэлевізійных «Беседах о русской культуре» (1986—1991), пазней іх сцэнарый апубліваны (2005). Біяграфія Мікалая Шыпава агулам і яго мемуары ў прыватнасці не былі аб’ектам даследванняў спецыялістаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і Мікалая Шыпава, прыгоннага селяніна Салтыковых. Паводле мемуараў, бацька «… быў добра заможны; займаўся гандлем быдлам… быў чалавек пісьменны, начытаны; быў шанаваны і паважаны»[1]. У 6-гадовым узросце хлопчыка аддалі вучыцца грамаце да мясцовага святара, чытаць ён навучыўся хутка, а пісаць толькі дарэформенных пісьмом.

У маі 1813 года Шыпаў-старэйшы ўпершыню ўзяў сына ў паездку па куплі быдла. Ад таго часу Мікалай часта ездзіў з бацькам, вучыўся справе. Паездкі звычайна пачыналіся ў сакавіку-красавіку, каб зручней было гнаць быдла. Куплялі яго ў казакаў, кіргізаў, купцоў, у асноўным невялікімі партыямі, якія потым да вызначанага месца ў стэпе зганялі нанятымі работнікі. Цэны на быдла вагаліся ад 1,5 да 5 рублёў за галаву, залежна ад вялікай колькасці фактараў, у якіх трэба было разбірацца. У розныя гады закуплялі розную колькасць — ад 5 да 10 тысяч галоў. Пры прагоне аднаму прыказчыку давалі звычайна каля 900 бараноў, 6 рабочых, кашавара, 1 верхавога каня і 3 возы з запражнымі коньмі[2]. Дарогай на гуртоўшчыкаў нападалі казакі і башкіры, патрабавалі грошай за пашы, нібыта папсаваныя прагонам быдлам. Часта трапляў у засады, учыненыя мясцовым насельніцтвам і нярэдка разбойнікамі.

Бацька Шыпаў, акрамя быдла, гандляваў салам, скурамі і пушным таварам[3]. Усё збывалася ў асноўным у Маскве. Мікалай упершыню быў у Маскве па гандлёвых справах у красавіку 1816 года, застаў яшчэ сляды маскоўскага пажару 1812 года, яго ўразілі доўгія і звілістыя вуліцы, напоўненыя народам і павозкамі, вялікія высокія дамы, мноства цэркваў, Крэмль з саборамі, палацамі і палатамі, Іванаўскай званіцай з вялізным звонам побач[3].

У 1820 годзе бацька ажаніў 18-гадовага Мікалая з выяздноўскай прыгоннай з сям’і блізкага маёмаснага стану. У мемуарах Шыпаў згадваў, што бацька планаваў сватаць дачку кагосьці з арзамаскіх купцоў, але Салтыкоў дазволіў шлюб толькі са сваімі прыгоннымі. На праўдзе ж, такое няпроста ўявіць, бо дзеці асабіста свабоднай у шлюбе з прыгонным нараджаліся па бацьку прыгоннымі, не ясна ці лічылася гэта дапусцімым у асяродку арзамаскіх купцоў.

Гаспадары Шыпава — Сяргей Васілевіч Салтыкоў (1829) і яго жонка Аляксандра Сяргееўна з Салтыковых Салтыкова (1828), партрэты работы П'ера Росі.

Тагачасны гаспадар — Сяргей Васілевіч Салтыкоў[ru], жыў у Санкт-Пецярбургу, летам у падмаскоўным маёнтку Сергіеўскім (цяпер урочышча Бярозкі калі в. Бурцава Ленінскага раёна), толькі зрэдку наведваў Выяздную Слабаду. Бацьку Шыпава часта прызначалі бурмістрам (памочнікам эканома), як чалавека паважанага ў сяле. Паводле мемуараў, пасада не падабалася ні бацьку, ні самому Мікалаю, бо гандлёвыя справы вымагалі частых ад’ездаў, а пасада — знаходжання ў Выяздной; таксама пры спагнанні чыншу адбываліся канфлікты і нажываліся ворагі[4].

Чынш з сялян Выяздной на пачатку 1820-х гадоў складаў каля 105 000 рублёў асігнацыямі штогод з 1 840 рэвізскіх душ. Разам з мірскімі выдаткамі (грамады на свае патрэбы) на рэвізскую душу прыпадала каля 100 рублёў выплат асігнацыямі штогод. Не ўсе былі здольныя да выплаты такой сумы, асабліва бяднейшыя з вялікі сем’ямі, таму плацяжы пераразмяркоўваліся з бяднейшых і вялікасямейных на багацейшых і маласямейных сялян. Напрыклад, Шыпавы — бацька і сын — разам плацілі 5 000 рублёў асігнацыямі штогод[5]. Неўзабаве Шыпавы вырашылі, што бацька будзе займацца справамі ў сяле, а Мікалай — справамі гандлю, таму з 1824 года ён часта быў па-за Выяздным. У 22 гады малодшы Мікалай Шыпоў быў самастойным, заможным і паважаным чалавекам, але разам з тым бяспраўным прыгонным селянінам.

У 1828 годзе бурмістрам прызначылі дваровага чалавека Тархава, які, паводле мемуараў Шыпава, вельмі не любіў іх сям’ю. Аднак, ці толькі ў «нелюбові» была прычына варожасці не вядома, напрыклад, Шчагалькоў пісаў, што «Мікалай Мікалаевіч… пайшоў насуперак, нагрубіў эканому, трапіў у няміласць…»[6]. Шыпавы тым годам страцілі 18 000 рублёў асігнацыямі, бо Тархаў пусціў чутку пра арышт іх маёмасці і крэдыт сярод купцоў знізіўся. Таксама Тархаў быццам прымушаў і падгаворваў некаторых сялян скардзіцца на бацьку Шыпава. Усе гэтыя звесткі вымагаюць хоць нейкай праверкі, бо мемуары толькі асабістае стаўленне аўтара да падзей. Старэйшы Шыпаў неўзабаве захварэў на вадзянку і памёр у 1830 годзе. Пасля гэтага Мікалай задумаўся збегчы.

За нейкія правіны Мікалай Шыпаў трапляе пад дамашні арышт, але 29 сакавіка 1831 года арышт адменены эканомам Рагузіным. Пры аглядзе двара, камор і свірнаў Шыпоў знайшоў замкі збітымі, а маёмасць раскрадзенай, ён падаў аб’яву ў земскі суд і паехаў у Санкт-Пецярбург да гаспадара, прапанаваў Салтыкову за сябе выкуп 25 000 рублёў асігнацыямі, але той адмовіўся. У снежні 1831 года Шыпаў пачаў падрыхтоўваць пабег. Паводле Шчагалькова, «…каб выратаваць сваю спіну… малады Шыпаў… вымушаны быў збегчы»[6].

1 студзеня 1832 года, пакінуўшы дачку ў сваякоў, Шыпаў з жонкай выехаў з Выяздной Слабады ў Харкаў. У Харкаў сваяк жонкі прывёз ім пашпарты на імя Рыгора і Лізаветы Кісловых. З Харкава яны выехалі ў Магілёў-на-Днястры, затым у Ясы, сталіцу Малдовы. Жыў сярод старавераў, якія пасяліліся ў Малдове ў часы Пятра I, мелі пэўныя падатковыя льготы і вызваленне ад рэкруцтва.

Неўзабаве бурмістр Тархаў зразумеў, што Шыпавы не паехалі па справах, а збеглі і паслаў на вышук селяніна Павельева, за злоў абяцана 1000 рублёў[7]. Павельеў явіўся на кватэру Шыпава ў Ясах, але той з жонкай і дзецьмі паспеў схавацца. Некаторы час Шыпоў з сям’ёй, у 1833 годзе нарадзіўся сын Мікалай, хаваўся ў знаёмых скапцоў. Скапцы дасталі сям’і прускія пашпарты і напісалі рэкамендацыйны ліст да ігумена Пынгарацкага манастыра Канстанціна. Ігумен дастаў Шыпавым на прускіх пашпартах дазвол на праезд у Расію праз Аўстрыйскую імперыю і даў 4000 рублёў. Шыпаў з сям’ёй паехаў у Сучаву, дзе жыў каля месяца. Адтуль праз Сірэт у Чарнавіцы (Аўстрыйкая імперыя) і далей у Магілёў-на-Днястры (Расійская імперыя). Шыпаў узгадаў, што ў Сімферопалі жыве дзед жонкі Маркаў і накіраваўся туды, пражыўшы каля 2 тыдняў пазычыўшы ў Маркава 500 рублёў, паехаў у Херсон, потым у Бесарабію да аўстрыйскай мяжы, ледзь не сутыкнуў з Павельевым, які ехаў у Адэсу. З Бесарабіі накіраваўся ў Лубны Палтаўскай губерні, потым вырашыў ехаць на Каўказ. У Стаўрапалі атрымалі ў губернатара пашпарты для пражывання на Каўказе і паехалі ў Пяцігорск, дзе нанялі краму з кватэрай на год і з дазволу каменданта завялі гандаль прадуктамі.

Праз гандаль Шыпаў пазнаёміўся з сотнікам данскога палка Васілём Сухарукавым, паважаным чалавекам у Пяцігорску. Сухарукаў здымаў на Каўказе паштовыя станцыі, браў казённыя падрады і займаўся іншай камерцыйнай дзейнасцю, ён прапанаваў Шыпаву быць у сябе камісіянерам з жалаваннем 1000 рублёў асігнацыямі штогод. У 1836 годзе Шыпаў ужо гандляваў нафтай, здабываную ў ваколіцах Грознага. Лісты Шыпаву прыходзілі на імя Сухарукава, які адкрываў і чытаў іх, такім чынам летам 1837 года з аднаго ліста ён зразумеў, што Шыпаў беглы прыгонны і заявіў у паліцыю. Шыпава пасадзілі ў астрог, спачатку прысудзілі да ссылкі, затым прысуд змякчылі і ў красавіку 1839 года адправілі ў арзамасці астрог, потым, у канцы 1841 года вярнулі прыгоннага гаспадару.[8]

У канцы 1843 года Шыпаў знайшоў у IX томе Зводу Законаў артыкул, што «крепостные люди, бывшие в плену у горских хищников, по выходе из плена освобождаются на волю со всем семейством и могут избрать род жизни, где пожелают, в течение девяти месяцев». Ён адважыўся на гэты спосаб збаўлення, атрымаў у эканома дазвол і 3 студзеня 1844 года выехаў на Каўказ. Стаў кампаньёнам знаёмага гандляра па дастаўцы харчоў у крэпасць Унязапную[ru] Кабардзінскаму егерскаму палку. Аднойчы, дарогай у суседні аул за алеем, на Шыпава напалі і ўзялі ў палон, адвялі ў горны аул і трымалі ў саклі, запыталі 300 рублёў выкупу[9]. Ён дамовіўся з адным горцам, якія дапамог збегчы. Неўзабаве Шыпаў вызвалены з прыгону разам з сям’ёй і пасяліўся ў Херсоне, займаўся гандлем. На гэтым яго апублікаваныя мемуары заканчваюцца.

У 1863 годзе Мікалай Шыпаў атрымаў за мемуары сярэбраны медаль Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. У 1866 годзе здзейсніў падарожжа ў Іерусалім, прывёз абраз, асвечаны на Труне Гасподняй, які перадаў у дар Выяздноўскай царкве. У 1868 годзе Шыпаў адправіўся ў Ташкент, дзе жыў да 1876 года, потым вярнуўся да родных у Ніжагародскую губерню. На час публікацыі мемуараў у «Рускай старыне» у 1881 годзе херсонскі мяшчанін Шыпаў быў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у сакавіку 1882 года ў Маскве на вуліцы, быў апазнаны па паперах, якія былі пры ім.

Мемуары[правіць | правіць зыходнік]

Твор рэдкага для прыгонных сялян жанру. Напісаны да 1862 года, упершыню апублікаваны ў часопісе «Руская старына» ў 1881 годзе са значнымі скарэчннямі, па гэтым выданні перавыдаваліся ў 1933[10] і 2006[11] гадах, разам іншымі сялянскімі ўспамінамі. Сялянскім мемуары агулам і мемуары Шыпава ў прыватнасці ніколі не былі аб’ектам грунтоўнага даследавання гісторыкаў.

Мемуары Шыпава — рэдкі дакументальны помнік часоў скасавання прыгоннага права ў Расіі. Іх асаблівасць — проста выклад гістарычных падзей, імкненне да праўдзівасці і шчырасці. Напэўна гэта звязана з тым, што ў адрозненне ад чыноўніка або іншага прадстаўніка вышэйшых класаў, селянін Шыпаў адчуваў сябе толькі сведкам і не спрабаваў паказаць у іх сваю ролю і ўплыў.

Такім чынам, мемуары Мікалая Шыпава даюць рэдкую магчымасць убачыць эпоху вачыма селяніна, у прыватнасці вызваленне сялян ў 1861 годзе. Сярод часткі гісторыкаў бытавала думка, што падзея не была значнай, сапраўднага вязвалення сялян не адбылося — яны працягвалі плаціць памешчыкам, але ўжо за арэнду зямлі, бо ўласнай не атрымалі. Аднак, гэта пэўнае спрашчэнне, стаўленне сялян да атрымання асабістай свабоды не варта недаацэньваць. Напрыклад, селянін Фёдар Дзмітрыевіч Бабкоў успамінае як пры навіне пра скасаванне прыгону: «У многих на глазах были слёзы»[12], — са зместу зразумела, гэта былі слёзы ўдзячнасці. Што праўда, сяляне аднесліся да свабоды розна — адны разумелі яе як усёдазволенасць, напіваліся ў кабаках, грубілі былым гаспадарам; іншыя нават пракліналі цара, бо не ведалі як і за што жыць і што рабіць самастойна. Пісьменнейшыя тлумачылі сэнс маніфеста, але разумелі яго ўсё адно не ўсе. Мікалай Шыпаў піша ў мемуарах пра будучага імператара Аляксандра II: «На Наследника я долго и пристально смотрел и не мог вдоволь насмотреться. … Предчувствие у меня тогда было, что этот царь будет великий и покровитель всем угнетённым»[13], — што, вядома, толькі пераасэнсаванне мінулага праз веданне лёсу Аляксандра II, але адлюстроўвае стаўленне аўтара да скасавання прыгону.

Аквілеў звярнуў увагу на падабенства лёсу Шыпава і героя «Кавказского пленника» Льва Талстога, ён меркаваў, што з мемуарамі мог азнаёміцца Талстой, які напісаў свой твор у 1872 годзе, бо, на думку Аквілева, рукапіс Шыпаў перададаў у рэдакцыю «Рускай старына» яшчэ ў 1862 годзе і ён праляжаў у стале рэдактара 15 гадоў.[14] Таксама ёсць падабендства лёсу Шыпава і Флягіна — галоўнага героя аповесці Мікалая Ляскова «Очарованный странник», напісанай у 1872 годзе, абодва — прыгонныя, беглыя і шукальнікі праўды, займаліся дзейнасцю звязанай з жывёлагадоўляй, гандлем быдлам са стэпавымі народамі, падарожнічалі. Мікалай Ляскоў добра ведаў Міхаіла Сямеўскага, галоўнага рэдактара «Рускай старыны». Аднак, як адзначана ў самой публікацыі «Рускай старыны», рукапіс паступіў у рэдакцыю толькі ў снежні 1877 года, што праўда не выключае ранейшага знаёмства з ім Талстога і Ляскова.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Николай Шипов История моей жизни и моих странствий // Русская старина. — СПб: Типография В. С. Балашева, 1881. — № 5. С. 133—148; № 6. С. 221—240; № 7. С. 437—478; № 8. С. 665—678; № 9. С. 137—162. Аўтограф не знойдзены.
    • Карпов, В. Н. Воспоминания; Шипов, Н. История моей жизни / Подгот. текста к печати П. Л. Жаткина; Предисл. Н. В. Яковлева. — М.-Л.: Academia, 1933. — 523, [4] c.; 17,5х13,5 см. — 5300 экз.
    • Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. — М.: Новое литературное обозрение, 2006.

Зноскі

  1. Шипов 2006, с. 156.
  2. Шипов 2006, с. 159-160.
  3. а б Шипов 2006, с. 163.
  4. Шипов 2006, с. 169.
  5. Шипов 2006, с. 170.
  6. а б Щегольков Н. — С. 191
  7. Шипов 2006, с. 186.
  8. Шипов 2006, с. 203.
  9. Шипов 2006, с. 213.
  10. Карпов, В. Н. Воспоминания; Шипов, Н. История моей жизни / Подгот. текста к печати П. Л. Жаткина; Предисл. Н. В. Яковлева. — М.-Л.: Academia, 1933. — 523, [4] c.; 17,5х13,5 см. — 5300 экз.
  11. Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. М., 2006.
  12. Бобков 2006, с. 627.
  13. Шипов 2006, с. 182.
  14. Аквилев — С. 154—157.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аквилев А. А. Малоизвестная повесть нижегородского крепостного крестьянина // Записки краеведов. — Горький, 1981.
  • Бобков Ф. Д. Из записок бывшего крепостного человека // Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. М., 2006.
  • Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. — М.: Новое литературное обозрение, 2006.
  • Карпов, В. Н. Воспоминания; Шипов, Н. История моей жизни / Подгот. текста к печати П. Л. Жаткина; Предисл. Н. В. Яковлева. — М.-Л.: Academia, 1933. — 523, [4] c.; 17,5х13,5 см. — 5300 экз.
  • Лотман, Ю. М. Воспитание души: воспоминания, беседы, интервью, в мире пушкинской поэзии (сценарий), беседы о рус. культуре (телевиз. лекции). — Санкт-Петербург: Искусство-СПб., 2005.
  • Пурлевский С. Д. Воспоминания крепостного (1800—1868) // Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. М., 2006.
  • Шипов Н. Н. История моей жизни и моих странствий // Воспоминания русских крестьян XVIII — первой половины XIX века. — М., 2006.
  • Шипов Николай История моей жизни и моих странствий // Русская старина. — СПб: Типография В. С. Балашева, 1881.
  • Щегольков Н. Исторические сведения о городе Арзамасе, собранные Николаем Щегольковым. — Арзамас, 1911.