Перайсці да зместу

Мікалай Міхайлавіч Янчур

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Міхайлавіч Янчур
Дата нараджэння 9 (22) мая 1902
Месца нараджэння
Дата смерці 1980
Месца смерці
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера медыцына
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Айчыннай вайны II ступені ордэн Чырвонай Зоркі ордэн Чырвонай Зоркі
Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР Выдатнік аховы здароўя СССР

Мікала́й Міха́йлавіч Янчу́р (9 (22) мая 1902, ст. Пагодзіна Пружанскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Бярозаўскі раён — 1980) — беларускі савецкі навуковец у галіне хірургіі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972)[1].

Нарадзіўся ў сям'і чыгуначніка.

У 1915 сям'я пераехала на будаўніцтва Мурманскай чыгункі  (руск.). Скончыўшы сярэднюю школу, у 1919 Мікалай Янчур трапляе добраахвотнікам на службу ў Чырвоную Армію, дзе ўдзельнічае ў баях супраць генерала Юдзеніча. У наступным годзе атрымаў накіраванне ў Ваенна-медыцынскую акадэмію РСЧА, якую скончыў у 1926 з адзнакай[1]. Яго імя залатымі літарамі ўпісана ў ліку іншых на сценах канферэнц-залы Акадэміі[2].

Служыў у Сярэдняй Азіі, працаваў урачом у розных ваенных установах, удзельнічаў у барацьбе з маджахедамі  (руск.). Ад 1930 — малодшы выкладчык, выкладчык, старэйшы выкладчык Ваенна-медыцынскай акадэміі, у 1936 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Мімалётнае ўздзеянне снарадаў на жывы арганізм».

У 1938 камандзіраваны на тэатр ваенных дзеянняў на Далёкім Усходзе і прызначаны начальнікам хірургічнага аддзялення ваеннага шпіталю ў Нікольску-Усурыйскім. Пасля ўдзельнічаў у вайне з фінамі 1939-40 гадоў[1], ваенны хірург 8-й  (руск.) і 15-й  (руск.) армій.

Добрае веданне ваеннай тактыкі дазволіла Мікалаю Янчуру ў вайне з фінамі паспяхова вывесці з акружэння групу да 300 салдат, калі камандзіры палічылі іх палажэнне безнадзейным. Пасля гэтага брыгадны лекар Янчур вярнуўся ў акружэнне дзеля дапамогі параненым[3].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Янчур — галоўны хірург 11-й  (руск.), 57-й  (руск.), 23-й  (руск.) армій. Падчас агляду палявых шпіталёў акадэмік Мікалай Бурдэнка асабіста адзначыў дзейнасць Янчура па правядзенні хірургічных аперацый у франтавых умовах. У 1943 атрымаў званне палкоўніка медыцынскай службы[1], а ў 1944 годзе Мікалаю Янчуру даверана аперацыя над хворым камандуючым 3-га Украінскага фронту маршалам Таўбухіным[3].

Пры фарсіраванні Дняпра Мікалай Міхайлавіч атрымаў цяжкае раненне ў вока. Быў нават перыяд, калі яго вучылі чытаць кнігі для сляпых, аднак ён здолеў вылечыцца. Пасля вайны займаў пасаду галоўнага хірурга Таўрыйскай ваеннай акругі  (руск.), а з 1951 ізноў выкладаў у Ваенна-медыцынскай акадэміі імя Кірава ў Ленінградзе. У 1956 абараніў доктарскую дысертацыю «Рэакцыя арганізму на ўздзеянне ўдарных хваляў», доктар медыцынскіх навук.

У 1958 годзе дэмабілізаваны і абраны загадчыкам кафедры факультэцкай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута[1]. У 1960 атрымаў званне прафесара.

Быў сябрам рады Усесаюзнага таварыства хірургаў, сябрам прэзідыуму і рады Беларускага таварыства хірургаў, старшынёй абласнога таварыства, гарадскога таварыства «Веды».

Памёр у 1980 годзе.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй кандыдацкай дысертацыі «Мімалётнае ўздзеянне снарадаў на жывы арганізм» (1936) Мікалай Янчур паказаў, што зніжэнне палёту артылерыйскага набою над галовамі наступоўцаў не чыніць на іх паражальнага ўздзеяння, але забяспечвае раптоўнасць і хуткасць наступальнай аперацыі. Гэтыя вышукі былі паспяхова выкарыстаныя ў Вялікай Айчыннай вайне[3].

У гады вайсковай службы асноўныя навуковыя даследаванні Мікалая Міхайлавіча былі скіраваны на распрацоўку пытанняў ваеннай тэматыкі. На падставе праведзеных ім даследаванняў па вывучэнні ўздзеяння збытнага ціску на жывы арганізм былі прапанаваны прафілактычныя сродкі калектыўнай і індывідуальнай абароны ад уздзеяння ўдарных хваляў[4].

Пасля звальнення з вайсковай службы Мікалай Янчур 17 гадоў займаў пасаду загадчыка кафедры факультэцкай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе за гэты час пад яго кіраўніцтвам былі выкананы 12 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысертацыі, апублікаваныя каля 300 навуковых прац, распрацаваныя пытанні тыроіднай паталогіі і захворванняў мочапалавой сістэмы, лячэння язвавай хваробы, перытаніту, параненняў чэрапу і сасудзістых захворванняў.

Уласныя працы па пытанням уздзеяння кантузій пералівання крыві, дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі пры хірургічных захворваннях, механізму дзеяння некаторых лекарстваў, сродкаў пры наркозе[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Янчур Николай Михайлович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 719. — 737 с.
  2. В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества(руск.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 3.
  3. а б в В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества(руск.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 4.
  4. В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества(руск.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 5.