Міканор Казіміравіч Ярашэвіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Міканор Казіміравіч Ярашэвіч
Партрэт
Род дзейнасці: палітык
Дата нараджэння: 24 ліпеня 1885(1885-07-24)
Месца нараджэння:
Дата смерці: не раней за 1937
Месца працы:
Альма-матар:

Міканор Казіміравіч Ярашэ́віч (11 (24) ліпеня 1885, мяст. Новы Свержань Мінскага павета, цяпер Стаўбцоўскі раён — пасля 1937) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, аграном, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Глухаўскі настаўніцкі (1910) і Маскоўскі сельскагаспадарчы (1912) інстытуты. У час вучобы ў Маскве ўваходзіў у склад беларускага студэнцкага гуртка, дасылаў лісты ў газету «Наша ніва». Працаваў аграномам, чытаў лекцыі па аграноміі ў навучальных установах Мінскай, Смаленскай і Харкаўскай губерняў. Удзельнік Першай сусветнай вайны з 1915 года.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі (1917) адзін з кіраўнікоў Мінскай губернскай земскай управы і лідэраў мясцовай філіі расійскіх эсэраў (пазней т.зв. абласнікоў). У пачатку сакавіка 1918 у складзе мінскай земскай групы кааптаваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак 25.3.1918 разам з іншымі прадстаўнікамі земстваў, гарадскога самакіравання і нацыянальных меншасцей выйшаў з яе складу ў знак нязгоды з прыняццем Трэцяй Устаўнай граматы. Адзін з аўтараў праекта стварэння ў Мінску ўніверсітэта. У час польска-савецкай вайны (1919—1920) узначаліў Мінскую губернскую земскую ўправу, выкладаў у Мінскім політэхнічным вучылішчы. 18.9.1919 у час прыезду ў Мінск Ю. Пілсудскага пры сустрэчы апошняга з грамадскасцю ў памяшканні былога Мінскага дваранскага сходу адзіны, хто выступіў з публічным пратэстам супраць польскай акупацыі краю, заявіў, што «палякам няма чаго шукаць у Беларусі». Ва ўмовах польскай акупацыі і фактычнай перамогі бальшавікоў у грамадзянскай вайне падтрымліваў утварэнне суверэннай Беларускай рэспублікі. У пачатку 1920 г. у складзе «расійскай сацыялістычнай групы» беспаспяхова ўдзельнічаў у выбарах у Мінскі гарадскі магістрат.

3 аднаўленнем савецкай улады ў лістападзе 1920 г. прызначаны першым рэктарам новаўтворанага Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), адначасова выкладаў у Мінскім інстытуце народнай адукацыі (МІНА), Беларускім рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзела Наркамата асветы БССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выступаў супраць т.зв. прымусовай беларусізацыі, быў прыхільнікам паступовага пераводу выкладання ў навучальных установах Беларусі на беларускую мову. У канцы 1920 — пачатку 1921 г. намагаўся аднавіць дзейнасць эсэраўскай арганізацыі «абласнікоў».

У сакавіку 1921 г. арыштаваны ДПУ БССР па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці і зняволены ў мінскі Пішчалаўскі замак. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў БПІ, МІНА і Беларускага рабочага тэхнікума праз 2 месяцы вызвалены. У студзені 1923 г. паводле загаду ДПУ БССР высланы ў Ташкент.

У 1920-я г. працаваў у Сярэднеазіяцкім універсітэце, Інстытуце ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі Узбекскай ССР. Пасля чарговага арышту ў 1930 годзе выселены разам з сям’ёй з Ташкента ў сельскую мясцовасць, але ў 1933 годзе зноў дазволена вярнуцца назад. У 1937 г. арыштаваны «за шпіянаж на карысць замежных разведак» і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў без права перапіскі. Паводле слоў жонкі, знаходзіўся ў адным з лагераў Краснаярлагу, дзе быў расстраляны.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ляхоўскі У., Міцкевіч В. Ярашэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі у 6 т. Т. 6. Кн. ІІ. — Мн., 2003.