Мінскжалезабетон

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Мінскжалезабетон»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 16 красавіка 1975
Заснавальнікі Камбінат «Мінскбуд»
Размяшчэнне Мінск, Заводскі раён, вул. Кабушкіна, д. 66а
Галіна прамысловасць будаўнічых матэрыялаў
Прадукцыя арматура, бетон, жалезабетон, металаканструкцыі, піламатэрыялы, плітка, раствор
Абарот 574,168 млрд рублёў[1] (2015 г.; $35,326 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак 11,237 млрд руб. (2015 г.; $0,691 млн)
Чысты прыбытак 6,355 млрд руб. (2015 г.; $0,391 млн)
Матчына кампанія ДВА «Мінскбуд»
Сайт mgb.by

«Мінскжалезабетон» — дзяржаўнае прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў Беларусі, заснаванае ў красавіку 1975 года ў Мінску.

Уключае 3 адасобленыя падраздзяленні: Завод пустотных вырабаў (Мінск, вул. Сацыялістычная, д. 24), Завод будаўнічых канструкцыяў (Мінск, вул. Сяліцкага, д. 29) і сельскагаспадарчую вытворчую філію «Аграбуд» (вёска Грабёнка, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць)[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1975 года камбінат «Мінскбуд» утварыў вытворчае аб’яднанне «Мінскжалезабетон» у выніку зліцця заводаў зборнага жалезабетону № 5 і № 8. У кастрычніку 1990 года прадпрыемства пераўтварылі ў арэнднае паводле дагаворы арэнды з Галоўбудам Мінска. У студзені 1998 года «Мінскжалезабетон» стаў адкрытым акцыянерным таварыствам. У 1999 г. прадпрыемства пачало выраб керамзітабетонных блокаў, якія з 2007 года сталі выпускаць на лініі высокай дакладнасці па памерах. У жніўні 2004 года ААТ «Мінскжалезабетон» перадалі маёмасць стратнага сельскагаспадарчага кааператыва «Светач» (в. Грабёнка, Чэрвеньскі раён), на аснове якой стварылі ў філію «Аграбуд». У снежні 2004 года пусцілі лінію вібрапрэсавання бетонных вырабаў RH-2000, на якой сталі вырабляць керамзітабетонныя блокі, тратуарную плітку і сценавыя матэрыялы. У 2007 г. «Мінскжалезабетон» атрымаў пасведчанне на адпаведнасць сваіх вырабаў Дырэктыве Савета Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ад 21 снежня 1988 года № 89/106/EEC «Аб збліжэнні законаў, правілаў і адміністрацыйных умоў дзяржаў-удзельніцаў датычна будаўнічых вырабаў». За 2005—2009 гады на прадпрыемстве асвоілі вытворчасць 13 відаў сценавых керамзітабетонных камянёў[3].

У 2011 годзе ААТ «Мінскжалезабетон» паставіў жалезабетонныя канструкцыі, сценавыя матэрыялы, таварны бетон і раствор на большасць буйных будоўляў сталіцы, сярод якіх былі: Парк Перамогі, Музей Вялікай Айчыннай вайны, аквапарк, квартал «Маяк Мінска», тэатр імя Янкі Купалы, Дзяржаўны цырк, сярэднія школы ў мікрараёнах Масюкоўшчына, Каменная Горка, Сухарава і Лошыца, жылых мікрараёнаў Дружба, Сокал, Брылевічы, Міхалова і Сцяпянка. Звыш 99 % вырабаў збылі ў Беларусі. На 2012 год ААТ «Мінскжалезабетон» выпускала жалезабетонныя і бетонныя канструкцыі, будаўнічыя сумесі (бетон і раствор), таварную арматуру і металаканструкцыі, ходнікавую плітку, сценавыя матэрыялы для аздаблення фасадаў, драўляныя паддоны і пілапаматэрыялы. У 2012 годзе пачалі выраб керамзітабетонных вырабаў павышанай трываласці (М35 і М50), якія прайшлі выпрабаванні ва УП «Беларускі навукова-даследчы інстытут будаўніцтва»[3].

Зноскі