Мікалай Васілевіч Бірыла
Мікалай Васілевіч Бірыла | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 верасня 1923[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1 кастрычніка 1992 (69 гадоў) ці 30 верасня 1992[2] (69 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мовазнавец, дыялектолаг |
Навуковая сфера | мовазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук |
Навуковае званне | акадэмік НАНБ, прафесар |
Альма-матар | |
Вядомы як | спецыяліст па беларускай антрапаніміі |
Прэміі | |
Узнагароды |
Мікалай Васілевіч Бірыла (10 верасня 1923, в. Скварцы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці — 1 кастрычніка 1992) — беларускі мовазнавец. Акадэмік НАН Беларусі (1977; член-карэспандэнт з 1972), доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978)[3].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]У час 2-ой сусветнай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху ў Беларусі[3]. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1947)[3]. У 1947—1953 малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва, у 1953—1955 — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН БССР[3]. У 1956—1958 — прафесар кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта[3]. З 1959 — загадчык сектараў тэрміналогіі, сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР[3]. З 1977 адначасова выконваў абавязкі акадэміка-сакратара, у 1982—1992 — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі[3], з 1992 — саветнік пры Прэзідыуме АН Беларусі.
У 1982—92 быў галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук».
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя навуковыя працы па пытаннях беларускай дыялекталогіі, сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы. Ім створаны цыкл работ, прысвечаных праблемам беларускай і славянскай анамастыкі.[3].
У галіне дыялекталогіі яго ўвагу прыцягвала лінгвагеаграфія. Удзельнічаў у падрыхтоўцы комплексу работ «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69). Адзін з сааўтараў і рэдактараў шматтомнага «Лексічнага атласа беларускай мовы» (т. 1, 1992).
3 1958 адзін з выканаўцаў і кіраўнікоў лінгвагеаграфічнай працы «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (АЛА), якая выконваецца міжнародным калектывам. Першыя выпускі АЛА апублікаваны ў 1988. Пры распрацоўцы дыялекталагічнай тэматыкі шмат увагі аддаў даследаванню фанетыкі беларускіх народных гаворак, у прыватнасці націскнога вакалізму, вынікаў пераходу е ў ё(о), рэфлексаў агульнаславянскіх о, ъ, е, ь, этымалагічна мяккіх губных, парных па цвёрдасці — мяккасці д — дэ(д'), т — ц(т') і інш. Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964).
У «Курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (у сааўтарстве; 1961), манаграфіях «Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове» (1986), «Беларуская граматыка» (у суаўтарстве; ч. 1—2, 1985—86), у радзе артыкулаў даследаваў пытанні фанетыкі, арфаэпіі, акцэнтуацыі.
Шмат увагі аддаў лексікаграфіі. Яго артыкул «Да пытання аб тыпе і прынцыпах укладання беларускіх абласных слоўнікаў» (Працы Інстытута мовазнаўства АН БССР. 1958. Вып. 5) значна паўплываў на развіццё рэгіянальнай лексікаграфіі ў рэспубліцы. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і рэдагаванні «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (разам з А. Абрэмбскай-Яблонскай; Варшава, 1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (Мн., 1970), слоўніка «Славянская анамастычная тэрміналогія» (Скоп’е, 1983), «Слоўніка беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» (Мн., 1987).
М. В. Бірыла быў заснавальнікам новага ў беларускім мовазнаўстве кірунку — анамастыкі. Ён аўтар трохтомнай манаграфіі «Беларуская антрапанімія»: т. 1 — «Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы» (1966), т. 2 — «Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі» (1969), т. 3 — «Структура ўласных мужчынскіх імён» (1982). У апошнія гады жыцця даследчык працаваў над чацвёртым томам «Беларускай антрапаніміі» (уласныя асабовыя жаночыя імёны), «Слоўнікам беларускіх прозвішчаў», «Анамастыконам Вялікага княства Літоўскага XVI ст.». У гэтых і шэрагу іншых работ даследаваў лексічны склад, структуру і ўтваральную базу сучасных беларускіх прозвішчаў, эмацыянальна-ацэначныя формы як сучасных уласных асабовых імён, так і імён 16—18 ст., сучасную беларускую антрапанімічную сістэму і працэс яе фарміравання, тыпалогію славянскіх прозвішчаў, узаемасувязі беларускай антрапаніміі з антрапаніміяй рускай, украінскай, польскай і літоўскай моў. 3 дакладамі па анамастычнай праблематыцы выступаў на V—VII і IX Міжнародных з’ездах славістаў.
Апублікаваў больш як 110 навуковых прац, у т. л. 8 манаграфій і слоўнікаў.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1976), медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971) за ўдзел у комплексе прац па беларускай лінгвагеаграфіі[3].
Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Бірыла М. В. Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай). Мінск, 1963.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. Уласныя імёны, імёны-мянушкі, імёны па бацьку, прозвішчы. Мінск, 1966.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 2. Прозвішчы, утвораные ад апелятыўнай лексікі. Мінск, 1969.
- Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 3. Структура ўласных мужчынскіх імен. Мінск, 1982.
- Бірыла М. В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мінск, 1986.
- Бірыла М. В. Тыпалогія і геаграфія славянскіх прозвішчаў. Мінск, 1988.
- Бірыла М. В. Слоўнік націску ў беларускай мове. Мінск, 1992.
- Бірыла М. В., Ванагас А. П. Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы. Мінск, 1968.
- Бірыла М. В., Лемцюгова В. П. Анамастычныя словоўтваральныя элементы на ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. (Адантрапанімічныя айконімы). Мінск, 1973.
- Бирилло Н. В., Булахов М. Г., Судник М. Р. Белорусский язык // Языки народов СССР, т. 1. М., 1966.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France Mikalaï Basilevitch Biryla // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 21 мая 2024.
- ↑ а б в г д е ё ж з Бирилло Николай Васильевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 58. — 737 с.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Падлужны А.I. Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння) // Известия НАН Беларуси. Серия гуманит. наук. 2003. № 3.
- Бірыла Мікалай Васілевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 116. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Мікалай Васілевіч Бірыла ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Нарадзіліся 10 верасня
- Нарадзіліся ў 1923 годзе
- Нарадзіліся ў Мінскім павеце
- Памерлі 1 кастрычніка
- Памерлі ў 1992 годзе
- Памерлі 30 верасня
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
- Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
- Выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
- Дактары філалагічных навук
- Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
- Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Мовазнаўцы СССР
- Мовазнаўцы Беларусі
- Беларусісты
- Партызаны Вялікай Айчыннай вайны