На берагах ракі Бярэзіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іпаліт Гараўскі
На берагах ракі Бярэзіны. 1857
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 127 × 99 см
Рускі музей, Санкт-Пецярбург

На берагах ракі Бярэзіны — карціна беларускага мастака Іпаліта Гараўскага (1828—пасля 1864), напісаная ў 1857 годзе[1]. З'яўляецца часткай збору Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Памер карціны — 127 × 99 см[2].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Кампазіцыйны матыў пейзажа вельмі цікавы. На беразе ракі стаіць магутны дуб. Крона яго займае амаль палову палатна. Пад дубам, прысеўшы на пянёк, адпачывае жанчына. Яе кволую фігурку вырывае з царства зеляніны прамень святла. На пярэднім плане — паваленае маланкай дрэва. Лісце даўно абсыпалася з яго, галінкі пазасыхалі. 3 зямлі вывернуты карэнні. I нават у гэтым стане дрэва не страціла сваёй магутнасці і прыгажосці[1].

Для пейзажа характэрна дакладнасць у выпісванні дэталей і старанная праца пад планамі. У гэтым пейзажы яшчэ шмат прыкмет акадэмізму: строгая ўраўнаважаная кампазіцыя, некалькі аднастайны каларыт, імкненне да «прыгажосці». Разам з тым пейзаж вельмі рэалістычны. Ён цудоўна перадае багацце і прыгажосць беларускай прыроды, выклікае ў памяці асацыяцыі са знаёмымі з дзяцінства карцінамі роднай Беларусі. Аўтар аб'ектыўны ў паказе дэталей. 3 аднолькавай адданасцю ён піша і ствалы дрэў, і лісце, і зямлю, і неба. У рамантычным гучанні пейзажа адчуваецца вялікая любоў мастака да сваёй зямлі, яго вернасць дэмакратычным ідэалам часу[1].

Зноскі

  1. а б в Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 3: Канец XVIII - пачатак XX стагоддзя / [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Л. М. Дробаў, П. А. Карнач] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 448 с. : іл. ISBN 5-343-00319-2. с. 215
  2. На берегах Березины. 1857

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 3: Канец XVIII - пачатак XX стагоддзя / [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Л. М. Дробаў, П. А. Карнач] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 448 с. : іл. ISBN 5-343-00319-2. с. 215