Ніжнедунайская нізіна
Ніжнедунайская нізіна, Ніжнедунайская раўніна, Румынская нізіна — раўніна на поўдні Румыніі і поўначы Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага мора. Даўжыня 560 км, шырыня 40—120 км.
Утварылася на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія тэмпературы студзеня ад −1 да -З °С, ліпеня 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае раўніну, упадаюць злева шматлікія рэкі, у т.л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукровых буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Ніжнедунайскай нізіне размешчана сталіца Румыніі Бухарэст.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ніжнедунайская раўніна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).