Расліна вышынёй 5—25 см, з паўзучым, галінастым карэнішчам, з якога ўвесну развіваюцца павуцініста-апушаныя, шчыльна ўсаджаныя чырванавата-бураватым лускападобным лісцем кветаносныя сцяблы. Прыкаранёвае зялёнае лісце доўгачаранковае, шчыльнае, сэрцападобнае, вуглавата-няроўназубчастае, скурастае, з верхняга боку голае, знізу — лямцавае, адрастае пасля цвіцення. Суквецці — кошыкі, адзіночныя, дыяметрам 2-3 см, пасля цвіцення паніклыя. Лісцікі абгорткі аднарадковыя. Кветкі жоўтыя: краявыя — несапраўднаязычковыя, песцікавыя, пладаносныя, з вузкаязычковым вяночкам, сярэдзінныя — трубчастыя, двухполыя, бясплодныя, з 5-зубчастым вяночкам. Плод — лінейна-падоўжаная сямянка з белым шаўкавістым чубком, які ў 5 разоў даўжэйшы за сямянку.
Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у Паўночнай Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы (як заносная расліна). Сустракаецца па ўсёй Беларусі. Расце на адхонах, пустках, каля дарог, па берагах канаў, рэк, ручаёў. Цвіце ў красавіку—маі.
Падбел звычайны // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. — Мн.: БелСЭ. 1979.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 487. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (Т. 11).