Пажэжын

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Пажэжын
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1651
Аўтамабільны код
1
Пажэжын на карце Беларусі ±
Пажэжын (Беларусь)
Пажэжын
Пажэжын (Брэсцкая вобласць)
Пажэжын

Пажэ́жын[1] (трансліт.: Pažežyn, руск.: Пожежин) — вёска ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Велікарыцкага сельсавета. Вёска Пажэжын таксама вядома як Луцукі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Людзі жылі ў наваколлі вёскі прынамсі з бронзавага веку пра што сведчаць знаходкі каменных сякер.

Вёска напэўна існавала ўжо на пачатку ХVІ ст., але крыніцамі ўпершыню успамінаецца ў 1546 годзе, калі памежная камісія разглядала пытанні спрэчных тэрыторый паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Некаторыя землі належалыя Княству былі Жыгімонтам ІІ Аўгустам перададзены Кароне, сярод іх называюцца вёскі Арэхава, Ляхаўцы, Макраны, Олтуш, Радзеж, Хаціслаў, а таксама ўрочышча «Перавесся», ускосна згдваецца і Пажэжын. Урэшце спрэчныя тэрыторыі былі вернуты Княству. Прыклада тым жа часам успамінаецца і «поп пожежинский», т.б. можна думаць, што ў сярэдзіне ХVІ ст. у Пажэжыне існавала царква. Праўда, ёсць і меркаванні, што мелася на ўвазе пагарэлае месца і святар, які перажыў пажар.

У 1565—1566 гадах у Княстве адбывалася адміністрацыйна-судовая рэформа, паводле якой часткі Берасцейскага, Камянецкага і Кобрынскага старостваў увайшлі ў склад Берасцейскага павета Берасцейскага ваяводства, пры гэтым у актах пералічаны мясцовыя вёскі. У акце рэвізіі «Берасцейскага староства Ляхавецкага войтаўства Палескай воласці» проста названы Пажэжын.

У 1581 і 1584 гадах Пажэжын успамінаецца ў судовай справе «пра выдзяленне Лукашам Солтанам Станіславу Брастоўскаму шостай часткі падданых, будынкаў і ўгоддзяў у маёнтку Пажэжын Берасцейскага ваяводства». У 1637 годзе ў Пажэжыне пабудавана (або адбудавана) уніяцкая царква ў імя Архангела Міхаіла.

Паводле падання, у 1769 годзе загадам палкоўніка А. Суворава, замест быццам атручаных барскімі канфедэратамі, у вёсцы зроблена 3 калодзежы, адзін з якіх захаваўся і цяпер. У 1792 годзе прывілей на парафію Пажэжынскай царквы Міхаіла Архангела атрымаў святар Андрэй Паўловіч. У 1845 годзе ў Пажэжыне адкрылася сельскае прыходскае вучылішча.

У 1877—1878 гадах падубавана чыгунка Брэст-Ковель, непасрэдна на пажэжэнцаў уплыло адкрыццё на ёй у 1886 годзе чыгуначнай станцыі Александрыя (цяпер станцыя/пункт прыпынку «Пажэжын»). У 1915 годзе ў Пажэжыне пачалося будаўніцтва новай царквы, 25 сакавіка 1920 г. яе асвяціў протаіерэй Стэфан Жукоўскі, да восені 1925 года старая і новая царква стаялі побач.

У 1921 годзе ў Пажэжыне адкрыта польская школа. У 1937—1939 гадах ў «Доме Людовым» працавала бібліятэка.

Пажэжын пацярпеў падчас 2-й сусветнай вайны, у т.л. згарэла царква.

У 1950 годзе ў вёсцы была адкрыта 7-гадовая школа, у 1960 годзе яна стала 8-гадовай, а ў 1967 — сярэдняй. Першы выпуск Пажэжынскай СШ адбыўся ў 1969 годзе, у 1971 годзе для яе пабудавана новае памяшканне на 320 месцаў. З 9 мая 1981 года ў Пажэжынскай СШ дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1995 годзе на сродкі прыхаджан адбудавана з цэглы Пажэжынская царква.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Наконт паходжання назвы Пажэжын (мясцовае «Пужэжын») існуе дзве версіі. Паводле першай, у ХVІ ст. мясцовасць была балотам і хадзіць па ім па-мясцоваму азначала хадзіць па «жыжцы», «жыжнаму», «жэжнаму», адсюль — Пажэжын. Другая версія заснаваная на паданнях пра мясцовыя падзеі звязаныя з пажарам, паводле іх вёска была заснавана перасяленцамі з Валыні і яе падпальвалі незадаволеныя мясцовыя жыхары, у іншым варыянце сяляне падпальвалі панскі двор -- папялішча тады назвалі пажэжай і ад гэтага пайшла назва Пажэжына.

Назва "Пажэжын" рэдкая ў Беларусі, але на пачатку ХХ ст. існавала 4 паселішчы з ёю — сяло (1029 жыхароў), вёска (230 жыхароў), паўстанак Паўднёва-Заходняй чыгункі (8 жыхароў), фальварак (6 жыхароў) і ўсе яны знаходзіліся ў Вялікарыцкай воласці. Цяпер апроч Пажэжына вядома вёска Пажэжына ў Негарэльскім п/с Дзяржынскага раёна.

Выдатныя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

  • Цар-дуб — самае старажытнае дрэва дуба звычайнага ў Беларусі. Узрост — звыш за 800 гадоў, вышыня — 46 м, дыяметр ствала — 2,14 м. Знаходзіцца ў Пажэжынскім лясніцтве (за 2 км ад чыгуначнай станцыі «Пажэжын», за 5 км да ўсходу ад вёскі Новае Раматова).
  • Пажэжынскія ельнікі — помнік прыроды рэспубліканскага значэння (з 1963). Знаходзіцца ў Пажэжынскім лясніцтве. 20 участкаў зялёна-мошначарнічных і кіслых ельнікаў, у складзе якіх пераважае хуткарастучая карпацкая яліна. Агульная плошча 118,5 га. Узрост ялін 70-120 гадоў, вышыня — да 36 м, дыяметр — 0,36-0,48 м.

У Пажэжынскай СШ дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей даступны для наведвання.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Пужэ́жын

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ходар Г. Пажэжыну — 445 гадоў // «Голас часу» (Маларыта), 21.12.2011.
  • Ходар Г. Летапіс вёскі Пажэжын: Гісторыя і сучаснасць [Тэкст] / Генадзь Ходар. — Маларыта: Маларыцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма; аддзел бібліятэчнага маркетынгу, 2012. — 47 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]