Паляі
Вёска
Паляі
| ||||||||||||||||||||
Паляі́[1] (трансліт.: Paliai, руск.: Поляи) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Варонаўскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1567 годзе ўпамінаецца як шляхецкая ўласнасць пані Станіславы Кішчынай у Віцебскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. На пачатку XVIII ст. Паляі належалі памешчыку Вікенцію Мінашу.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска ўвайшла ў Віцебскі павет Расійскай імперыі. У часы вайны 1812 года засведчаны выпадкі аселасці ў вёсцы французскіх жаўнераў (у прыватнасці, польскага шляхціча Неміро). У 1834 годзе ў вёсцы 4 двары і 18 рэвізскіх сялянскі душ. У 1846 годзе — прыватная ўласнасць пляменніка В. Мікаша, падпаручніка Апалінарыя Мікаша, які меў 228 дзесяцін зямлі. У вёсцы працаваў збожжазапасны магазін, з якога ў 1845 неўраджайным годзе было выдадзена сялянам па адной чвэрці азімага і па паўчвэрці яравога збожжа. Гаспадарскі дом быў драўляны, на каменным падмурку, пакрыты гонтай. Меліся вялікі фруктовы сад, карчма на купецкай дарозе ў Лёзна. У 1847 годзе ў маёнтку 31 рэвізская сялянская душа. У 1905 годзе маёнтак (1 двор) — уласнасць Мікаша, які меў 100 дзесяцін зямлі ў Каралёўскай воласці Віцебскага павета.
У 1918 годзе ў Паляях была адкрыта рускамоўная школа 1-й ступені, у 1919 годзе — польская школа ў нацыяналізаваным будынку. У 1923 годзе ў доме памешчыка працавала пачатковая школа (3 класы; загадчык — Валянціна Уладзіміраўна Малахоўская). У 1926 годзе ў маёнтку налічвалася 7 двароў. 15 сакавіка 1930 года быў створаны калгас імя Ю. Мархлеўскага. У 1936 годзе ў Паляі пераселены хутар Шашкоўшчына (Шашкова), у 1939 годзе — Красоўшчына, Лісіныя Ямы, Царэшкі, Хадулова. У 1941 годзе ў вёсцы было 63 двары.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Паляі былі акупіраваны нямецкімі войскамі, якія ў кастрычніку 1943 года знішчылі тут усе 63 двары і 5 мірных жыхароў. 45 чалавек былі вывезены ў нацысцкую Германію, з якіх вярнуліся 38. На фронце загінулі 14 вяскоўцаў, у партызанах — трое. Пасля вайны было адбудавана 54 двары.
16 мая 1954 года вёска ўвайшла ў склад Варонаўскага сельсавета.
Станам на 1 студзеня 2003 года, вёска (66 двароў) знаходзілася ў складзе КУСГП «Вароны», працавала жывёлагадоўчая ферма.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- З гісторыі населенных пунктаў / Падрых. В. В. Віталева // Памяць: Віцебскі раён: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.]; Укл. У. І. Мезенцаў; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — 772 с.: іл. — С. 754. — ISBN 985-02-0647-0 .
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Паляі