Парыжскі мірны дагавор з Фінляндыяй (1947)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мірны дагавор з Фінляндыяй падпісаны 10 лютага 1947 года ў Парыжы ў рамках Парыжскай мірнай канферэнцыі 1947 года, на якой дзяржавы-пераможцы ў Другой сусветнай вайне (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і шэраг краін-саюзніц) падпісалі мірныя дагаворы з былымі саюзніцамі нацысцкай Германіі: Італіяй, Фінляндыяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Румыніяй.

Паводле дагавора, Фінляндыя пацвердзіла тэрытарыяльныя набыцці СССР у рамках Маскоўскага мірнага дагавора ад 12 сакавіка 1940 года, паводле якіх да СССР адыходзіла значная частка паўднёвай Карэліі з гарадамі Выбарг і Сортавала.

Фінляндыя перадала Савецкаму Саюзу вобласць Петсама (Печанга), атрыманую Фінляндыяй паводле Тартускага мірнага дагавора ад 14 кастрычніка 1920 года.

Савецкі Саюз адмовіўся ад сваіх правоў на арэнду паўвострава Ханка, а Фінляндыя перадала Савецкаму Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэрыторыю і водныя прасторы для стварэння савецкай ваенна-марской базы ў раёне Поркала-Уд на ўмовах выплаты Савецкім Саюзам 5 мільёнаў фінскіх марак у год.

Дагавор прадугледжваў абмежаванне колькасці і складу ўзброеных сіл Фінляндыі, а таксама забарону мець ядзерную зброю, падводныя лодкі, самалёты-бамбардзіроўшчыкі і некаторыя іншыя віды ўзбраенняў.

У частковае пакрыццё страт, панесеных СССР у выніку акупацыі Фінляндыяй савецкай тэрыторыі ў час вайны, з улікам удзелу Фінляндыі ў вайне з Германіяй, Фінляндыя абавязалася выплаціць рэпарацыі ў суме 300 мільёнаў долараў ЗША. Вызначана, што рэпарацыі выплачваюцца ў форме пастаўкі розных тавараў на працягу 8 гадоў.

Пасля заключэння дагавора аб канчатковым урэгуляванні ў дачыненні да Германіі Фінляндыя 21 верасня 1990 у аднабаковым парадку заявіла, што ваенныя абмежаванні Парыжскага дагавора (акрамя ядзернай зброі) больш не з’яўляюцца актуальнымі і страцілі сілу[1][2].

Зноскі

  1. Anton Pelinka, Günter Bischof. Austria in the European Union = Österreich in der Europäischen Union. — Вена: Böhlau Verlag, 2003. — P. 280. — 655 p. — ISBN 3205771168. (англ.)
  2. Лукашук И.И. Глава 4. Право международных договоров. // Международное право. Особенная часть : учеб. для студентов юрид. фак. и вузов. — 3. — Wolters Kluwer Russia, 2005. — Т. 2. — С. 129. — 517 с. — (Библиотека студента). — ISBN 546600104X.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Лагатып Вікікрыніц
Лагатып Вікікрыніц