Патуа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Патуа (ад фр. patois — дыялект) — фармальна неакрэслены ў мовазнаўстве тэрмін, што абазначае моўны ідыём, які лічыцца нестандартным у пэўнай моўнай прасторы і не разглядаецца як літаратурны[1]. Патуа можа абазначаць піджын, крэольскую мову, дыялекты або прастамоўе (збліжаючыся з тэрмінам вернакуляр), але як правіла не жаргон, слэнг, арго.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін паходзіць ад старафранцузскага patois («мясцовы або рэгіянальны дыялект[2]»), — што першасна значыла жэстыкуляцыю, размахванне рукамі, пасля грубыя паводзіны, а пасля грубае, каструбаватае або некультурнае маўленне, — магчыма, ад дзеяслова patoier, утворанага ад patte з дапамогай суфікса -oyer[3] — «звяртацца груба», плюс суфікс -ois.

Згодна з другой гіпотэзай[4], слова можа паходзіць ад лацінскага patria (радзіма), азначаючы мясцовую распаўсюджанасць ідыёма.

Ужыванне[правіць | правіць зыходнік]

У асноўным тэрмін выкарыстоўваецца ў Францыі, Бельгіі, Італіі і Швейцарыі[5] для абазначэння любой мясцовай мовы меншасці — у Францыі іх забаранілі да ўжывання яшчэ ў часы Людовіка XIV[6] — (як, напрыклад, аксітанская, брэтонская, каталанская, пікардская[7], баскская, алеманская) ці дыялекту і часта мае прыніжальную канатацыю.

У гутарковым ужыванні, асабліва ў Францыі, слова мае класавую афарбоўку, бо patois у французскай мове абазначае любы сацыялект, звязаны з сельскім насельніцтвам, у адрозненне ад прэстыжнай стандартнай французскай, якой гутараць гарадскія прадстаўнікі сярэдняга і вышэйшага класаў або ад ідыёму, які выкарыстоўваецца ў літаратуры і афіцыйных абставінах.

На Ямайцы патуа (Patwa, Patua, Patois) называюць мясцовую крэольскую мову на аснове англійскай[8].

Выкарыстанне ў лінгвістыцы[правіць | правіць зыходнік]

У лінгвістыцы (асабліва ў сацыялінгвістыцы) тэрмін звычайна не выкарыстоўваецца праз прыніжаную канатацыю, якой ён уносіць няяўную іерархію паміж моўнымі ідыёмамі — «мовамі» (пад якімі маюцца на ўвазе мовы, «вартыя» так звацца) і «мясцовымі формамі маўлення», якія нібыта нявартыя стаяць на ўзроўні з прэстыжнымі мовамі. Аднак, ёсць лінгвісты, часта дыялектолагі, якія выкарыстоўваюць тэрмін «патуа» для абазначэння мясцовай мовы. «Гласарый патуа франкамоўнай Швейцарыі» («Glossaire des patois de la Suisse romande»), адна з найзначнейшых прац ў апісанні раманскіх дыялектаў, утрымлівае слова «patois» у назве як нейтральнае. Французская лінгвістка Анрыет Вальтэр[fr] не асуджае выкарыстанне гэтага тэрміна[9]:

«Тэрмін патуа паступова стаў выклікаць у свядомасці людзей раз за разам уяўленне рудыментарнай мовы. […] Гэта далёка ад акрэслення, дадзенага лінгвістамі, для якіх патуа (раманская мова) — гэта першапачаткова адна з форм лацінскай, мова, на якой гутараць у даным рэгіёне, без аніякага ацэначнага меркавання: патуа — гэта мова.» 

З французскай слова patois запазычылі іншыя мовы для абазначэння мясцовых формаў маўлення і ў іх яно не нясе пагардлівага адцення; але ж як тэрмін патуа не ўжываецца шырока праз пэўную неакрэсленасць, перасячэнне з блізкімі па значэнні тэрмінамі і магчымую ацэначнасць.

Зноскі