Крэольскія мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Знак на крэольскай мове, Гвадэлупа

Крэольскія мовымовы, якія ўзнікаюць у выніку працэса крэалізацыі. Лічыцца, што першапачатковай асновай крэольскіх моў з'яўляецца піджын.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню паняцце "крэольская мова" выкарыстаў французскі вандроўнік Мішэль Жажале ў 1688 г. у дачыненні да гаворкі на аснове партугальскай мовы ў Заходняй Афрыцы. Звесткі пра асобныя гаворкі насельніцтва еўрапейскіх калоній Новага Света, Афрыкі і Азіі былі шырока прадстаўлены ў тагачаснай літаратуры і нават у афіцыйных дакументах. Аднак да канца XVIII - пачатку XIX cт. мовазнаўцы не прызнавалі крэольскія мовы самастойнымі і паўнавартымі.

У эпоху рамантызма адносіны да крэольскіх моў значна змяніліся, пачалося іх вывучэнне, складанне граматык і слоўнікаў, з'явілася пісьмовая літаратура на крэольскіх мовах. У выніку навукоўцы прыйшлі да думкі, што крольскія мовы мала адрозніваюцца ад іншых моў, яны даволі складаныя, маюць паўнавартую структуру, спецыфічныя для кожнай з іх лексіку і вымаўленне. Гэта адрознівае крэольскія мовы ад піджынаў — вусных гаворак на аснове некалькіх моў, якія не маюць аднастайнай структуры і лексікі, імкнуцца да спрашчэння. Разам з гэтым, у XX ст. стала папулярная гіпотэза аб паходжанні крэольскіх моў ад піджынаў, упершыню выказаная аўстрыйцам Уга Шухардтам (1842 - 1927 гг.).

Асаблівасцю крэольскіх моў з'яўляецца тое, што яны фарміруюцца на аснове мовы-субстрата, або мовы-донара. Субстратная мова можа доўгі час паралельна выкарыстоўвацца ў якасці другой гаварковай мовы, літаратурнай мовы, афіцыйнай мовы і г. д. Яна ператвараецца ў аснову крэольскай мовы, у якую ў вялікай колькасці трапляюць запазычанні з іншых моў і дыялектаў, жарганізмы, прафесійная лексіка і г. д. Паступова ў крэольскай мове фарміруюцца самастойныя правілы выкарыстання слоў, пабудовы сказаў, новыя словы і выразы. У гэтай сувязі сучасная класіфікацыя крэольскіх моў будуецца на субстратнай мове. Таму вылучаюцца крэольскія мовы на аснове французскай, англійскай, партугальскай і інш. На самой жа справе, некаторыя крэольскія мовы накшталт пап'ямента маюць больш складаную аснову з некалькіх моў-донараў, і іх класіфікацыя мае ўмоўны характар.

Першасна даследчыкі звярталі ўвагу на крэольскія мовы еўрапейскіх калоній. Але ў пазнейшы час паняцце "крэольская мова" было пашырана на мовы на аснове турэцкіх і арабскіх моў у Паўночнай Афрыцы, суахілі, моў на аснове паўднёвакітайскіх гаворак у Паўднёва-Усходняй Азіі і інш. Болей за тое, выказваюцца гіпотэзы аб крэольскім паходжанні некаторых еўрапейскіх моў накшталт англійскай[1].

Тэорыі паходжання крэольскіх моў[правіць | правіць зыходнік]

Монагенетычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Монагенетычная тэорыя паходжання піджынаў і крэольскіх моў заснавана на вывучэнні гаворак былых еўрапейскіх калоній. Адзін з першых яе стваральнікаў Уга Шухардт лічыў, што ўсе крэольскія мовы маюць адзіную першааснову — піджын, што ўзнік на аснове партугальскай мовы ў Заходняй Афрыцы і адтуль распаўсюдзіўся ў іншыя калоніі. У далейшым прыхільнікі дадзенай тэорыі сканцэнтраваліся на значных падабенствах у структуры крэольскіх моў, што на іх думку можа сведчыць падцверджаннем адзіных каранёў гэтай з'явы.

Полігенетычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Полігенетычная тэорыя паходжання піджынаў і крэольскіх моў сфарміравалася ў выніку крытыкі прац прыхільнікаў монагенетычнай тэорыі. Яе распрацоўшчыкі зыходзяць з меркавання, што паняцце "крэольская мова" павінна разглядацца шырэй, чым тое прапануюць межы еўрапейскай каланізацыі, і кожная крэольская мова мае самастойную гісторыю ўзнікнення. Памылковасць тэзіса аб паходжання розных крэольскіх моў ад адзінага піджына на аснове разгляду структур сучасных крэольскіх моў яны тлумачаць тым, што піджыны наогул неструтураваны. Наўзамен высоўваюцца гіпотэзы аб паходжанні крэольскіх моў з розных еўрапейскіх дыялектаў або аб наўмысным спрашчэнні сваіх моў плантатарамі пры камунікацыі з рабамі і іншаземцамі, што ў далейшым дазваляла развіваць спрошчаную аснову дзякуючы ўключэнню ў яе слоў іншых моў.

Білінгвістычная тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Білінгвістычная тэорыя паходжання крэольскіх моў заснавана на вывучэнні іншых кантактных моў. Яна дапушчае, што ўзнікненню пэўнай крэольскай мовы папярэднічала сітуацыя двухмоўя або нават суіснавання ў адным грамадстве некалькіх моў. У розных сацыяльных сітуацыях магчымасці толькі адной з гэтых моў былі абмежаванымі, таму патрабаваліся запазычанні з другой мовы. Такім чынам, працэс утварэння крэольскіх моў расцягваўся на некалькі пакаленняў.

Універсалісцкая тэорыя[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі гэтай тэорыі спасылаюцца на ўніверсальныя ўласцівасці развіцця чалавечых моў. Найбольш распрацаваны ўніверсалісцкі варыянт узнікнення крэольскіх моў быў прапанаваны канадскім даследчыкам Стывенам Пінкерам у працы "Мова як інстынкт" (1994 г.). Спасылаючыся на тэорыю Ноама Хомскага ён сцвярджае, што крэольсія мовы ўзнікаюць як вынік асаблівасці чалавечага мозга ствараць і развіваць мову як сродак зносінаў. На яго погляд, піджыны ствараюцца дарослымі людзьмі для пашырэння кантактаў, а крэольскія мовы фарміруюцца ў асяроддзі дзяцей, што вымушаны карыстацца піджынамі з маленства і несвядома для сябе ўскладняюць іх да паўнавартай мовы для паўседзённага ўжывання.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]