Пацы
Пацы (літ.: Pacai) — магнацкі род, прадстаўнікі якога ў 16—18 стст. займалі дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Валодалі маёнткамі ў Лідскім і Гарадзенскім паветах, мястэчкамі Магільна, Астравец (у 16 ст.), Чартарыйск (у 17 ст.), Відзы і інш.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першым з роду Пацаў, які ўпамінаецца ў крыніцах з'яўляецца літоўскі баярын Даўкша, жыўшы ў 15 ст. Нічога значнага аб ім не вядома, але ўжо яго сын Юрый Пац быў адной з значных постацяў пры двары вялікага князя Казіміра Ягелончыка. З таго часу Пацы пачынаюць гуляць значную ролю ў палітычным і духоўным жыцці княства. У другой палове 17 ст. род дасягае піка сваёй магутнасці, прадстаўнікі роду займаюць высокія дзяржаўныя пасады, а менавіта:гетмана літоўскага, канцлера літоўскага, біскупаў віленскага і жмудскага. Але з цягам часу іх дамінацыя, у краіне знішчонай цяжкімі войнамі, пачала хіліцца, род быў адсунуты на другі план прадстаўнікамі Сапегаў. Апошні з вядомых Пацаў быў Людвіг Міхаіл Пац, удзельнік вайны напалеонаўскай і паўстання 1830-1831 гг. супраць расійскай улады, па заканчэнню паўстання быў вымушаны эміграваць дзе і памёр. Сямейны маёнтак Пацаў быў канфіскаваны расійскай уладай.
Найбольш вядомыя з роду:
- Юрый Пац (?-1505) - намеснік полацкі ў 1496—1501;
- Станіслаў Пац (?-1588) - ваявода віцебскі ў 1566;
- Павел Пац (?-1595) - кашталян віцебскі ў 1566, ваявода мсціслаўскі ў 1578, кашталян віленскі ў 1593;
- Ян Пац (?-1610) - ваявода менскі ў 1600;
- Стэфан Пац (1587—1640) - земскі падскарбі літоўскі з 1630, падканцлер літоўскі з 1635
- Крыштаф Жыгімонт Пац (1621—1684 - падканцлер літоўскі з 1656, канцлер вялікі літоўскі з 1658;
- Міхал Казімір Пац (?-1682) - ваявода смаленскі і гетман польны літоўскі з 1663, кашталян віленскі і гетман вялікі літоўскі з 1667, ваявода віленскі з 1669;
- Міхал Ян Пац (1728—1787) - маршалак Барскай канфедэрацыі;
- Міхал Людвіг Пац (1780—1835) - генерал польскага войску ў арміі Напалеона, часовы галоўнакамандуючы паўстанцкімі войскамі ў час паўстання 1830-1831, апошні прадстаўнік Пацаў.