Перакананне (раман)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Перакананне
англ.: Persuasion
Выданне
Тытульная старонка выдання 1818 года.
Жанр раман
Аўтар Джэйн Осцін
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1817
Дата першай публікацыі 1817
Выдавецтва Джон Мюрэй[d]
Папярэдні Northanger Abbey[d]
Персанажы Эн Эліят і Frederick Wentworth[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Перакананне» (англ.: Persuasion) — апошні завершаны раман англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін. Ён быў упершыню апублікаваны ў канцы 1817 года, праз шэсць месяцаў пасля смерці аўтаркі.

Раман апавядае гісторыю Эн Эліят, 27-гадовай дзяўчыны, сям’я якой пераязджае, каб скараціць свае выдаткі і пазбавіцца ад даўгоў. Свой маёнтак Кілінч-хол яны здаюць адміралу і яго жонцы. Брат жонкі, капітан ваенна-марскога флота Фрэдэрык Уэнтварт, быў некалі заручаны з Эн, але тады лэдзі Расэл, хросная Эн, пераканала яе разарваць заручы, бо малады чалавек не меў багацця. Цяпер, пасля сямігадовай разлукі, капітан Уэнтварт мае намер ажаніцца з Луізай Масгроўв, сваячкай Эн. Аднак няшчасны выпадак дае Фрэдэрыку і Эн другі шанец.

Раман быў добра прыняты ў пачатку XIX стагоддзя, але большая вядомасць прыйшла у канцы таго ж стагоддзя і працягваецца па сённяшні дзень. З тых часоў было апублікавана мноства навуковых прац па творчасці Осцін. Эн Эліят вылучаецца сярод іншых яе гераінь адноснай сталасцю. Паколькі «Перакананне» з’яўляецца апошнім завершаным раманам Осцін, яго прынята лічыць самым сталым раманам, які дэманструе вытанчанасць літаратурнай задумы, характэрную для жанчын, якія набліжаюцца да саракагадовага ўзросту. У адрозненне ад «Разуму і пачуцяў» і «Пыхі і перадузятасці», «Перакананне» не было заснавана на чарнавіках, напісаных Осцін да 1800 года.

Першае выданне «Пераканання» было апублікавана разам з раней неапублікаваным «Нортэнгерскім абацтвам» у канцы снежня 1817 года (на тытульным лісце абазначаны 1818 год). Замест імені пісьменніцы значылася «аўтар „Пыхі і перадузятасці“ і „Мэнсфілд-парка“». Пазней абодва раманы былі выдадзены асобна.

Раман неаднаразова адаптаваўся для сцэны, кіно і тэлебачання.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя пачынаецца праз сем гадоў пасля разрыву заручын Эн Эліят і Фрэдэрыка Уэнтварта. Калі Эн толькі споўнілася дзевятнаццаць, яна закахалася і прыняла прапанову рукі і сэрца ад Уэнтварта, тады яшчэ маладога і нічым не адметнага марскога афіцэра. Ён быў разумны, упэўнены ў сабе, амбітны і працавіты, але яшчэ не заможны і без асаблівых сямейных сувязяў, якія маглі б дапамагчы яму хутчэй прасунуцца па службе. Бацька Эн, сэр Уолтэр, і яе старэйшая сястра, Элізабэт, сцвярджалі, што Уэнтварт не адпавядае Эліятам з Кілінч-Хола. Лэдзі Расэл, якая спрабавала замяніць нябожчыцу маці Эн, пераканала яе разарваць заручыны, якія яна лічыла недарэчнымі для такой маладой дзяўчыны. Ніхто апрача лэдзі Расэл так і не даведаўся пра іх кароткія заручыны.

Сямю гадамі пазней сям’я Эліятаў мае грашовыя цяжкасці з-за празмерных трат і даўгоў, таму яны вымушаны здаць сямейны маёнтак Кілінч-Хол у арэнду і пасяліцца ў больш танным доме ў Баце, пакуль іх фінансавае становішча не палепшыцца. Баранэт сэр Уолтэр, яго дачка Элізабэт і яе новая кампаньёнка місіс Клэй з нецярпеннем чакаюць пераезду. Эн, наадварот, сумняецца, што ёй прыйдзецца даспадобы Бат, але не можа пайсці супраць сваёй сям’і. Мэры, сястра Эн, цяпер замужам за Чарлзам Масгроўвам, спадчыннікам паважанага мясцовага сквайра з суседняга маёнтка Аперкрос. Эн наведвае Мэры і яе сям’ю, дзе яе вельмі любяць. Канец Напалеонаўскіх войнаў вяртае маракоў на бераг, і арандатары Кілінч-Хола, адмірал Крофт з жонкай Сафіяй (сястрой Фрэдэрыка) вяртаюцца ў маёнтак. Капітан Фрэдэрык Уэнтварт, які разбагацеў пасля службы на вайне, наведвае сястру і знаёміцца з сям’ёй з Аперкроса, дзе сутыкаецца з Эн.

Масгроўвы, у тым ліку Мэры, Чарлз і яго сёстры Генрыэта і Луіза, вітаюць Крофтаў і капітана Уэнтварта, які дае ўсім зразумець, што гатовы ажаніцца. Абедзве сястры ў захапленні ад новага знаёмства. Генрыэта заручана са сваім кузэнам, святаром Чарлзам Хэйтэрам, які адсутнічае, калі капітан Уэнтварт уваходзіць у іх кола. І Крофты, і Масгроўвы з задавальненнем разважаюць аб тым, на якой з сясцёр можа ажаніцца капітан. Калі Хэйтэр вяртаецца, Генрыэта амаль не заўважае яго, але ў рэшце рэшт яму ўдаецца зноў заваяваць яе сімпатыі. Эн па-ранейшаму кахае Фрэдэрыка, таму яна павінна быць гатовая стрымліваць свае пачуцці кожны раз, калі сустракае яго. Луіза паведамляе капітану Уэнтварту, што Чарлз Масгроўв рабіў прапанову Эн, але тая адмовіла яму. Гэтая навіна ашаламляе Фрэдэрыка. Эн, якая чуе гэтую размову, разумее, што Фрэдэрык дагэтуль не дараваў ёй, што сем гадоў таму яна дазволіла сваёй сям’і пераканаць яе разарваць заручыны.

Эн і маладыя людзі з сям’і Аперкрос суправаджаюць капітана Уэнтварта ў прыбярэжны горад Лайм-Рыджыс[en], куды ён адпраўляецца наведаць двух сваіх сяброў, капітанаў Харвіла і Джэймса Бэнвіка. Капітан Бэнвік аплаквае смерць сваёй нявесты, сястры капітана Харвіла, і ўдзячны Эн за спачуванне і разуменне. Акрамя таго іх яднае захапленне паэтамі-рамантыкамі. Эн прыцягвае ўвагу невядомага джэнтльмена, які аказваецца Уільямам Эліятам, яе кузэнам і багатым удаўцом, які з’яўляецца спадчыннікам Кілінча, але разарваў адносіны з сэрам Уолтэрам некалькі гадоў таму. У апошнюю раніцу візіту ў Лайм юная Луіза, спрабуючы паказаць сваю рашучасць і стойкасць, супраціўляецца ўгаворам не скакаць са сцяны і атрымлівае сур’ёзнае страсенне мозгу пры падзенні, бо капітан Уэнтварт не паспявае яе спаймаць. Эн не губляецца і хутка арганізуе іншых, каб паклікаць дапамогу. Уэнтварт уражаны хуткасцю мышлення і вытрымцы Эн і ў той жа час адчувае сябе вінаватым у тым, што здарылася з Луізай. Ён пераглядвае свае пачуцці да Эн. Стан Луізы паляпшаецца, але вельмі марудна, і яна вымушана застацца ў доме Харвілаў на некалькі месяцаў. Капітан Бэнвік, які таксама гасцюе ў Харвілаў, дапамагае Луізе акрыяць, клапоцячыся пра яе і чытаючы ёй паэзію.

Эн адпраўляецца з лэдзі Расэл да бацькі і сястры ў Бат. Апынаецца, што сэр Уолтэр памірыўся з нядаўна аўдавелым містэрам Эліятам. Цяпер ён разлічвае на прапанову містэра Эліята сваёй дачцэ Элізабэт, што дазволіць паправіць іх фінансавае становішча. Сам жа містэр Эліят праяўляе інтарэс да Эн. У сваю чаргу Эн падабаецца містэр Эліят і яго манеры, але яна сумняецца ў яго шчырасці.

Адмірал Крофт і яго жонка прыбываюць у Бат з весткай, што Луіза заручана з капітанам Бэнвікам. Уэнтварт таксама адпраўляецца ў Бат, дзе яго ахоплівае рэўнасць, калі ён бачыць, як містэр Эліят заляцаецца да Эн. Фрэдэрык і Эн аднаўляюць знаёмства. Эн наведвае старую школьную сяброўку, місіс Сміт, якая жыве ў Баце і апынулася ў цяжкім становішчы пасля смерці мужа. Ад яе Эн даведваецца, што за чароўнай знешнасцю і манерамі містэра Эліята хаваецца халодны, эгаістычны маніпулятар, які зацягнуў памерлага мужа місіс Сміт у даўгі. Як выканаўца завяшчання мужа, містэр Эліят не зрабіў аніякіх крокаў, каб палепшыць становішча ўдавы. Хаця місіс Сміт лічыць, што ён шчыра сімпатызуе Эн, яго першая мэта — перашкодзіць місіс Клэй выйсці замуж за сэра Уолтэра, паколькі новы шлюб можа азначаць нараджэнне сына, да якога і пяройдзе спадчына містэра Эліята — Кілінч-Хол.

Масгроўвы наведваюць Бат, каб набыць вясельныя ўборы для Луізы і Генрыэты, якія неўзабаве выйдуць замуж. Капітаны Уэнтварт і Харвіл сустракаюць іх і Эн у гатэлі, дзе спыніліся Масгроўвы. Уэнтварт падслухоўвае размову Эн і Харвіла аб вернасці закаханых мужчын і жанчын. Эн кажа, што жанчыны працягваюць кахаць, нават калі няма надзеі на ўзаемнасць. Глыбока ўзрушаны гэтым, Уэнтварт піша ліст і незаўважна перадае ёй запіску, у якой прызнаецца ў сваіх пачуццях. На вуліцы Эн і Фрэдэрык сустракаюцца зноў, прызнаюцца адзін адному ў каханні і аднаўляюць заручыны. Уільям Эліят пакідае Бат, і місіс Клэй неўзабаве далучаецца да яго ў Лондане ў якасці палюбоўніцы, што павышае верагоднасць успадкавання ім Клінч-Хола. Лэдзі Расэл прызнаецца, што памылялася адносна Уэнтварта, і яны становяцца сябрамі. Эн і Фрэдэрык жэняцца, і пазней ён дапамагае місіс Сміт вярнуць страчаную маёмасць. Эн прывыкае да жыцця жонкі капітана ваенна-марскога флота.

Экранізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Раман экранізаваўся прынамсі 5 разоў:

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Gilson, David (1986). Grey, J David (рэд.). Editions and Publishing History. New York: Macmillan. ISBN 978-0-025-45540-5.
  • Irvine, Robert P (2005). Jane Austen. London: Routledge. ISBN 978-0-415-31434-3.
  • Kelly, Gary (1997). "Religion and Politics". In Copeland, Edward; McMaster, Juliet (рэд-ры). The Cambridge Companion to Jane Austen. Cambridge: Cambridge University Press. ISBN 978-0-521-49517-2.
  • Kindred, Sheila Johnson (June 2009). "The Influence of Naval Captain Charles Austen's North American Experiences on Persuasion and Mansfield Park". Persuasions: The Jane Austen Journal (31): 115–129. S2CID 141868499.
  • LeFaye, Deirdre (2003). Jane Austen: The World of Her Novels. London: Francis Lincoln. ISBN 978-0-7112-2278-6.
  • Parrill, Sue (April 11, 2002). Jane Austen on Film and Television: A Critical Study of the Adaptations. McFarland. ISBN 978-0-7864-1349-2.
  • Pinch, Adela (Spring 1993). "Lost in a Book: Jane Austen's "Persuasion". Studies in Romanticism. 32 (1): 97–117. doi:10.2307/25600997. JSTOR 25600997. S2CID 171375241.
  • Tomalin, Claire (1997). Jane Austen: A Life. New York: Alfred A Knopf. ISBN 978-0-679-44628-6.
  • Wiltshire, John (1997). "Mansfield Park, Emma, Persuasion". In Copeland, Edward; McMaster, Juliet (рэд-ры). The Cambridge Companion to Jane Austen. Cambridge: Cambridge University Press. ISBN 978-0-521-49517-2.
  • John Wiltshire. Annual General Meeting. Boston: Jane Austen Society of North America (1 кастрычніка 2000). Праверана 8 October 2020.