Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча — навучальная ўстанова ордэна піяраў у Полацку ў 18221830 гадах, створана на базе пераведзенага сюды паводле імператарскага ўказу ад 28 жніўня 1822 года Віцебскага піярскага вучылішча .

Месцілася ў будынках скасаванай Полацкай езуіцкай акадэміі. Згодна са статутам падзялялася на прыхадское вучылішча, 4-класнае павятовае вучылішча і 3-гадовыя «курсы вышэйшых навук». Ад езуітаў вучылішча перайшлі бібліятэка (больш за 24 тысячы тамоў), фізічны і мінералагічны кабінеты, музей, друкарня.

Выкладанне вялося на польскай мове. У 1823 годзе былі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў (большасць з іх скончыла Віленскі ўніверсітэт). Каб стварыць асветніцкі цэнтр, падобны да ўніверсітэцкага, была значна пашырана навучальная праграма і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў.

У павятовай вучылішча выкладаліся: закон Божы, польская, лацінская, французская, нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне. «Курсы вышэйшых навук» падзяляліся на літаратурныя i матэматычныя аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, даследчая фізіка, грамадзянскае права, лацінская, грэчаская, польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы.

Пры вучылішчы дзейнічаў інтэрнат (канвікт) на 40 юнакоў. Вучэльня мела трывалыя сувязі з Віленскім універсітэтам, у канцы 1822 годзе лекцыі па гісторыі тут чытаў прафесар гэтага ўніверсітэта I. Лялевель. У вучылішча дзейнічаў філіял таварыства філаматаў (раскрыты паліцыяй у снежні 1823 года).

Папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А. Чартарыйскі меркаваў надаць вучылішчу афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 годзе ўсходняя Беларусь адышла да Пецярбургскай навучальнай акругі. У 18251826 гадах па ініцыятыве візітара прафесара В. Сянкоўскага праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная форма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за выхаванцамі і выкладчыкамі.

Пасля стварэння ў 1829 годзе Беларускай навучальнай акругі ўлады пачалі працэс скасавання вучылішча. Летам 1830 года вучэльня была зачынена, а піяры пераведзены ў Вільню.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]