Перайсці да зместу

Полацкая езуіцкая акадэмія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Полацкая езуіцкая акадэмія
Міжнародная назва Academia Polocensis Societatis Jesu
Заснаваны 1812
Год закрыцця 1820
Краіна
Размяшчэнне Полацк, Беларусь
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Полацкая езуіцкая акадэмія (18121820) — першая і адзіная вышэйшая навучальная ўстанова на сучаснай тэрыторыі Беларусі ў першай чвэрці ХІХ ст.[1] У 1820 г. езуіты былі высланы з Расійскай імперыі, а Полацкая акадэмія ліквідавана.

Статус і структура

[правіць | правіць зыходнік]

Акадэмія створана на базе Полацкага езуіцкага калегіума згодна з указамі імператара Аляксандра І ад 12 студзеня і 1 сакавіка 1812 г. і атрымала правы ўніверсітэта. Мела тры факультэты: тэалагічны, філасофіі і вольных навук, а таксама старажытных і сучасных моў. Навучальны працэс кантраляваўся Міністэрствам асветы, па ўсіх іншых пытаннях акадэмія мелася падпарадкоўвацца генералу Таварыства Ісуса ў Расіі (на той час ім быў Тадэвуш Бжазоўскі). Акадэмія фактычна стаяла на чале асобнай навучальнай акругі, кантралюючы справы іншых езуіцкіх навучальных устаноў Расійскай імперыі — ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Оршы, Мсціслаўлі, Дынабургу, Чачэрску, Клімавічах, Пецярбургу (да 1815 г.), Рызе, Адэсе, Астрахані, Саратаве, Раманаве (на Валыні).

На чале акадэміі стаяў рэктар і чатыры дарадцы, факультэтамі кіравалі дэканы. Тры цэнзары і сакратар акадэміі складалі цэнзурны камітэт. Навучанне было пазаканфесійным і фармальна пазасаслоўным і бясплатным, аднак за ўтрыманне студэнта ў канвікце (інтэрнаце) браліся грошы. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзяржаўную службу. Акадэмія мела права надаваць навуковыя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, дактароў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права.

Асноўныя падзеі і адукацыйны працэс

[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё акадэміі адбылося 29 мая 1812 г. Але неўзабаве Вялікая армія Напалеона увайшла ў межы Расійскай імперыі, і з-за пачатку вайны заняткаў у тым годзе студэнты і выкладчыкі так і не дачакаліся. Навучэнцы адправіліся дадому, а прафесары, дэманструючы лаяльнасць да расійскіх уладаў, з’ехалі ў глыб краіны. Урачыстая цырымонія пачатку навучальнага года адбылася ў студзені 1813 г., але з-за малалікасці студэнтаў вучоба пачалася толькі ў сакавіку. Першы нармальны навучальны год стартаваў 2 лістапада 1813 г. З наступнага года адукацыйны працэс стаў прыходзіць у норму. Заняткі пачаліся 15 верасня 1814 г. і працягваліся да 15 ліпеня 1815 г. Такі час пачатку і канца вучобы захоўваўся да канца існавання акадэміі.

На тэалагічным факультэце вывучалі дагматычную тэалогію, маральную тэалогію, святое пісанне, кананічнае права і гісторыю касцёла. На факультэце філасофіі і вольных навук сярод прадметаў былі логіка, метафізіка, дыялектыка, этыка, палітычная эканомія, геаметрыя, трыганаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія. На факультэце старажытных і сучасных моў вывучалі рускую, французскую, нямецкую, італьянскую, польскую, лацінскую, грэчаскую, сірыйскую і старажытнаяўрэскую мовы, а таксама літаратуру на гэтых мовах. У акадэміі працавалі кабінеты — натуральнай гісторыі, хімічны, фізічны, мінералагічны, заалагічны; меліся карцінная галерэя і збор архітэктурных мадэляў.

Праект рэканструкцыі Полацкай акадэміі, малюнак Г. Грубера

Узначальвалі акадэмію езуіты з багацейшым вопытам арганізацыйнай і педагагічнай дзейнасці. Выкладанне вялося дасведчанымі вучонымі мужамі. Утварыўся своеасаблівы сплаў амбітнай моладзі (зразумела, «моладзі» па тагачасных акадэмічных мерках) і абазнаных карыфеяў. З вядомых прычын сярод выкладчыкаў аказалася шмат іншаземцаў — Антоніа Калебота, Ігнацыа П’етрабоні, Матэа Малінары, Каэтан Анджаліні, Луіджы Руснаці, Якаб Кандраў, Шарль Баландрэ, Дэзідэрый Рышардо, Жак Журдан, Франсуа Гаво, Жан Разавен, Банавентура Віём і многія іншыя. Працавала і нямала езуітаў — ураджэнцаў Беларусі: Францішак Дзеружынскі, Вінцэнт Бучынскі, Самуэль Рагоза, Казімір Гласко, Юзаф Цытовіч, Язафат Залескі і інш. Агульная колькасць выхаванцаў Акадэміі і падначаленых ёй устаноў няўхільна павялічвалася: у 1818 г. яна ўжо перавысіла 500 чалавек, а ў 1820 г., напярэдадні яе закрыцця, ужо набліжалася да 700.

Полацкая акадэмія актыўна рыхтавала дактароў, магістраў і кандыдатаў навук. З 15 верасня 1814 г. па 15 верасня 1819 г., гэта значыць за пяць гадоў, розныя ступені прылі прысвоены 123 яе выпускнікам. З іх 17 чалавек сталі дактарамі тэалогіі і кананічнага права (напрыклад, Язафат Залескі); 43 — дактарамі грамадзянскага права; 13 — магістрамі тэалогіі (у т.л. Якаб Кандраў); 10 — магістрамі філасофіі; 2 — магістрамі вольных навук; 5 — кандыдатамі тэалогіі; 27 — кандыдатамі філасофіі (напрыклад, будучы праваслаўны епіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко)); 3 — кандыдатамі юрыспрудэнцыі і 1 атрымаў ступень кандыдата вольных навук[2].

Акадэмія мела бібліятэку, друкарню. Наяўнасць грашовых сродкаў дазваляла езуітам умела стымуляваць навуковую і літаратурную дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў. Значную ролю ў гэтым адыграў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі часопіс — «Полацкі штомесячнік» (Miesięcznik Połocki), заснавальнікам і рэдактарам якога быў філосаф, прафесар акадэміі Вінцэнцій Бучынскі[3] Часопіс складаўся з шасці раздзелаў: літаратуры і вольных навук, маральна-філасофскага, фізіка-матэматычнага, гістарычнага, крытыкі і літаратурных навін. Выданне выходзіла на працягу 1818—1820 гг. (за выключэннем 1819 г.). Усяго за час яго існавання пабачыла свет 14 нумароў, або сшыткаў, аб’яднаных у чатыры тамы.

Закрыццё акадэміі

[правіць | правіць зыходнік]

Аднак Полацкай акадэміі не быў наканаваны доўгі век. 17 жніўня 1814 г. Папа Пій VII абнародаваў брэвэ Sollicitudo omnium ecclesiarum («Клопат усіх цэркваў») аб легалізацыі Таварыства Ісуса па ўсім свеце і аднаўленні яго ранейшых прывілеяў. Гэта азначала, што расійскія ўлады страчвалі аднаасобны кантроль за езуітамі і пачалі ставіць пад сумненне неабходнасць трываць на сваёй тэрыторыі уплывовую каталіцкую організацыю. Праваслаўныя іерархі, устрывожаныя поспехамі ордэна (нават патомны расійскі арыстакрат князь Дзмітры Галіцын стаў езуіцкім місіянерам!) і спалоханыя далейшымі перспектывамі яго экспансіі, здолелі пераканаць Аляксандра І у неабходнасці прыняцця актыўных антыезуіцкіх мер. Спачатку 20 снежня 1815 г. імператарскім указам езуітаў выдалілі з абедзвюх расійскіх сталіц — Пецярбурга і Масквы. На тэрыторыі Беларусі Таварыству Ісуса забаранілі прымаць на вучобу дзяцей праваслаўнага веравызнання. 13 сакавіка 1820 г. выйшаў новы загад Аляксандра І: «1) Иезуитов, как забывших священный долг не только благодарности, но и верноподданнической присяги, и поэтому недостойных пользоваться покровительством Российских законов, выслать под присмотром полиции, за пределы государства и впредь ни под каким видом и наименованием не впускать в Россию; 2) Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить»[4].

Частка студэнтаў была пераведзена ў Пяцярбургскі ўніверсітэт. Бібліятэка, друкарня і іншая маёмасць былі перададзены навучальным установам Полацка, Віцебска і Пецярбурга. У будынках акадэміі неўзабаве размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Значэнне Полацкай езуіцкай акадэміі

[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі Полацкая езуіцкая акадэмія з’яўлялася буйнейшым адукацыйным цэнтрам Беларусі. Атрымала вядомасць процістаянне Полацкай езуіцкай акадэміі і Віленскага ўніверсітэта, кіраўніцтва якога прытрымлівалася ідэалогіі ў духу французскага Асветніцтва[5]. У Полацкай акадэміі замест польскай мовы стаў больш паслядоўна ўжывацца ў адукацыйным працэсе руская мова.

Полацкія езуіты спрыялі ўмацаванню рэгіянальнай беларускай ідэнтычнасці мясцовага дваранства ў процівагу паланізатарскай палітыцы Віленскага ўніверсітэта. Полацкая акадэмія дала цэлы шэраг грамадскіх, дзяржаўных і царкоўных дзеячаў Расійскай імперыі.

Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі нямала выкладчыкаў, выпускнікоў і студэнтаў працягнулі сваю выкладчыкую, навуковую і царкоўную дзейнасць у Заходняй Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі.

Ян Баршчэўскі апісвае час свайго навучання ў Полацкай езуіцкай акадэміі у апавяданні «Полацак» са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Аўтар піша пра традыцыі акадэміі, пачатак вакацый першага жніўня, іспыты і спаборніцтвы паміж студэнтамі перад Калядамі.

Рэктары Полацкай езуіцкай акадэміі

[правіць | правіць зыходнік]

Канцлеры акадэміі

[правіць | правіць зыходнік]

Сакратары акадэміі

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Шалькевіч, В. Ф. Полацкая езуіцкая акадэмія / В. Ф. Шалькевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд) і інш.; — Мінск: белЭн, 1999. — С. 531.
  2. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 179.
  3. Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  4. Полоцкая иезуитская академия (1812—1820)(недаступная спасылка)
  5. Серебряков Д. В. Иезуитская академия в Полоцке Архівавана 2 снежня 2008. — Яндекс. Словари
  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси (Их роль в организации образования и просвещения) / Т. Б. Блинова. — Гродно: ГрГУ, 2002. — 425 с. ISBN 985—417В Архівавана 6 верасня 2010.
  • Иезуиты в Полоцке : 1580—1820 гг.: Часть 1 / Сост. Л. Данько. — Полоцк, издатель А. И. Судник, 2005. — 40 с.
  • Иезуиты в Полоцке : 1580—1820 гг.: Часть 2 / Сост. Л. Данько. — Полоцк, издатель А. И. Судник, 2005. — 48 с.
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всём мире. М., 2004.
  • Мараш Я. Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века / Я. Н. Мараш. — Минск: Вышэйшая школа, 1974. — 288 с.
  • Сапунов А. П. Заметка о коллегии и академии иезуитов в Полоцке / А. П. Сапунов // Иезуиты в Полоцке : 1580—1820 гг.: Часть 2. — Полоцк, издатель А. И. Судник, 2005. — С. 7—40.
  • Беларусь: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал.: Б. І. Сачанка і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Шылькевіч В. Ф. Полацкая езуіцкая акадэмія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 11. — С. 459. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2 (Т. 11).