Пётр Мяніцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пётр Мяніцкі
Дата нараджэння 1 мая 1892(1892-05-01)
Дата смерці 23 ліпеня 1919(1919-07-23) (27 гадоў)
Месца пахавання
Альма-матар
Узнагароды і званні
Virtuti Militari

Пётр Мяніцкі (польск.: Piotr Mienicki; 1 мая 1892 — 23 ліпеня 1919) — польскі ваенны дзеяч. Брат архівіста, прафесара Рышарда Мяніцкага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па сканчэнні ў 1912 годзе Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе паступіў на земляробчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Аднак пасля двух гадоў навучання быў пакліканы да расійскага войска. У 1915 годзе ў Маскве скончыў Аляксееўскую вайсковую школу і быў прызначаны ў 142-і Звянігарадскі полк. Даслужыўся да чыну падкапітана. У кастрычніку 1917 года пакідае шэрагі часткі і далучаецца да 1-га корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. Служыў у 5-м палку 2-й стралковай дывізіі. У студзені 1918 прымаў удзел у баях з бальшавікамі за Бабруйск. Пасля расфармавання немцамі корпуса ў чэрвені 1918 года на кароткі час вяртаецца на радзіму.

Увосень 1918 году ад’язджае да Вільні, дзе ўступае ў шэрагі Самаабароны Віленскай зямлі. Быў адасланы ў Ліду дзеля дапамогі генералу Адаму Макрэцкаму ў фармаванні аддзелаў Самаабароны Лідскай зямлі. Ачоліў 2-і батальён пяхоты, што сфармаваўся з добраахвотнікаў з Ліды, Шчучына, Радуні, Беліцы. З ад’ездам генерала ў Вільню замяшчае яго на чале Лідскай Самаабароны ад 12.12.1918 да 13.1.1919. Пасля аб’яднання з аддзелам маёра Дамброўскага і рэарганізацыі ў Шчучыне стаў на чале першага батальёна пяхоты Лідскага палка, але паплечнікамі ўважаецца за першага камандзіра 76-га палка Лідскіх стралкоў, што увайшоў у склад Літоўска-Беларускай дывізіі. 14 лютага 1919 года аддзел Мяніцкага ў складзе пяці афіцэраў і 57 жаўнераў разбівае бальшавіцкі аддзел у складзе 180 жаўнераў, 80 з іх бярэ ў палон, здабывае 105 карабінаў, 2 кулямёты, 16 коней і палявую кухню, ды ўрэшце займае Бярозу Картузcкую (гэтая дата англійскім гісторыкам Норманам Дэвісам уважаецца за пачатак савецка-польскай вайны). У часе наступу 23 ліпеня 1919 года на мястэчка Камень (6 км на паўднёвы захад ад Івянца) ачольваў групу ў складзе батальёна пяхоты (453 чал.) і 10-га кавалерыйскага эскадрона (50 шабляў). Калі бальшавіцкі аддзел кулямётным агнём прыціснуў жаўнераў да зямлі, ён падняў іх у атаку, але быў цяжка паранены і памёр ад страты крыві.

Пахаваны на парафіяльных могілках у Навагрудку. Пасмяротна ўзнагароджаны крыжом вайсковай доблесці Virtuti Militari.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Баўтовіч М. М. Спадчына Мяніцкіх // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэрыялы VI Міжнароднай навуковай канферэнцыі (1-3 лістапада 2012 г.): у 2 ч. Ч.­1. — Полацк, 2013. С. 17-40.
  • Wejtko, W. Samoobrona Litwy i Białorusi: szkic historyczny / Władysław Wejtko. — Wilno, 1930.
  • Dziczkaniec, J. Bohaterowie Ziemi Lidzkiej. S.p. kapitan Piotr Mienicki / Józef Dziczkaniec // Ziemia Lidzka. — 1936. — Nr. 2.
  • Dziczkaniec, J. Ostatnia bitwa kapitana Mienickiego ze wschodnim najeźdźcą / Józef Dziczkaniec // Ziemia Lidzka. — 1936. — Nr. 2.
  • Davies, N. Boże igrzysko: historia Polski. Od roku 1795 / Norman Davies. — Kraków, 1991. — T. 2.