Самаабарона Літвы і Беларусі
Самаабарона Літвы і Беларусі, Самаабарона (польск.: Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi) — польскія вайсковыя фарміраванні на тэрыторыі Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусветную вайну германскімі войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясцовага польскага насельніцтва, а таксама як авангард Польскай Арміі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыя органаў Самаабароны Літвы і Беларусі пачалася летам-восенню 1918 афіцэрамі былога 1-га польскага корпуса генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясцовых польскіх палітычных колаў. Галоўнымі цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках.
Мінская самаабарона створана ў кастрычніку 1918 «Таварыствам самадапамогі вайсковых палякаў былых карпусоў» і польскай Радай Мінскай зямлі. Яе арганізатарамі выступілі В. Рачкевіч, ген. А. Бернатовіч, ген. У. Вейтка, палк. Ф. Кабарда і інш. 28.10.1918 ген. Вейтка прызначаны кіраўніком усіх атрадаў Самаабароны, а палк. Кабарда — Самаабароны Беларусі. 3 прычыны зрыву перагавораў з камандаваннем беларускіх вайсковых фарміраванняў пра сумесную абарону Мінска ад наступаючых часцей Чырвонай Арміі 5.12.1918 атрад Мінскай самаабароны (1929 чал.) пакінуў горад.
У пачатку лістапада 1918 па ініцыятыве Р. Сапоцькі, паручнікаў С. Іваноўскага і В. Шукевіча створана Народная рада Лідскай зямлі як прадстаўнічы орган польскага мясцовага насельніцтва. Пры ёй дзейнічала Лідская самаабарона, якую па чарзе ўзначальвалі паручнік В. Шукевіч, ген. С. Макрэцкі, капітан П. Мяніцкі. Пад канец снежня 1918 года Лідская самаабарона налічвала звыш 80 чал. і сконцэнтравалася у Заполлі. Калі камандаванне атрымала паведамленне пра ўступленне бальшавікоў у Ліду было вырашана перайсці з Заполля ў Гурнофель. Пры пераходзе салдаты 6 студзеня 1919 года ўдзельнічалі ў нядзельнай імшы у Ваверцы. Праз Васілішкі Самаабарона праехала 7 студзеня.
Арганізатарамі Шчучынскай самаабароны (пачала стварацца 13.11.1918) былі паручнік Б. Лістоўскі, падпаручнік А. Брахоцкі і інш. Яе атрад (у сярэдзіне снежня 1918 года аб’ядноўваў больш за 70 чал.) правёў некалькі аперацый з мэтай задушэння выступленняў мясцовых сялян. 8 студзеня 1919 года атрады Лідскай і Шчучынскай самаабароны аб’ядналіся. Была здзейснена спроба адбіць у бальшавікоў Ліду. У Астроўлі атрад раздзяліліўся на групы, адна з іх заняла маёнтак Перапечыца, але ад атакі на горад адмовіліся з-за недахопу сіл. 17 студзеня пад націскам бальшавікоў аддзелы з Гурнофеля адышлі да Шчучына.
12 лістапада 1918 года па ініцыятыве Б. Багатарэвіча, А. Спевака, Комара, Я. Шумінскага і ген. М. Сулеўскага (камандзір) створана Гродзенская самаабарона. Палітычнае кіраўніцтва ёй ажыццяўляла польская Галоўная рада Гродзенскай зямлі на чале з С. Іваноўскім, А. Жабакліцкім і ксяндзом Л. Жаброўскім. На пачатку студзеня 1919 Гродзенская самаабарона аб’ядноўвала 260 салдат і 20 афіцэраў, размяшчалася ў в. Капцёўка.
Адной з апошніх арганізавалася самаабарона ў Эйшышках і Радуні (каля 60 чал.).
У выніку супрацьдзеяння германскага боку і наступлення Чырвонай Арміі 29.12.1918 Самаабарона Літвы і Беларусі ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Генеральная акруга Літвы і Беларусі на чале з ген. Вейткам.
Пасля няўдалай бітвы за Вільню 1-5.1.1919 Віленская самаабарона інтэрніравана германскімі войскамі і адпраўлена на ст. Лапы, дзе ўлілася ў Літоўска-беларускую дывізію войска польскага, астатняя яе частка (каля 500 чал.) накіравалася да Гродна. Каб засцерагчы сябе ад сумеснага выступлення польскіх вайсковых фарміраванняў, германскае камандаванне Гродзенскай крэпасці ў ноч на 16.1.1919 раззброіла атрад Гродзенскай самаабароны, які, аднак, не быў расфарміраваны. 14.1.1919 Віленскі атрад польскіх войск аб’яднаўся з часткамі Лідскай і Шчучынскай самаабароны і 26 студзеня рушыў праз Белавежскую пушчу да Брэста. 27 студзеня палякі занялі Дзярэчын, 29 — Ружаны, 30 — Пружаны, дзе заключылі з германскім камандаваннем дагавор аб польска-германска-ўкраінскай дэмаркацыйнай лініі. Аднак 8 лютага часці самаабароны ўвайшлі ў Жабінку, а 9 лютага атакавалі Брэст. 10.2.1919 Віленскі атрад польскіх войск аб’яднаўся ў Брэсце з групай ген. А. Лістоўскага. У канцы лютага 1919 апошнім у склад польскага войска ўвайшоў атрад Гродзенскай самаабароны, які працягваў кантраляваць тэрыторыю на поўнач ад Ваўкавыска ў раёне Лунны, Волі, Алекшыц, Крынак, Саколкі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Самаабарона Літвы і Беларусі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.