Перайсці да зместу

Раніца вясны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Мікалаевіч Кудрэвіч
Раніца вясны. 1924
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 101 × 79,5 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск

Ра́ніца вясны́ — карціна беларускага мастака Уладзіміра Кудрэвіча (18841957), напісаная ў 1924 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер карціны — 101 × 79,5 см[1].

«Раніца вясны» была напісана 1924 годзе. Упершыню была экспанавана на Першай Усебеларускай выстаўцы 1925 года ў Мінску[1][2].

Савецкія крытыкі пабачылі «суб'ектывізм», «стылізацыю», што ўсё тут «губляецца ў яркіх мігатлівых мазках», што мастак «захапляецца запушчанымі куточкамі прыроды». Пазней было адзначана: «Творчае спаборніцтва, аб'ектыўная крытыка савецкага гледача, уважлівае вывучэнне твораў перадзвіжнікаў дапамаглі У.Кудрэвічу стаць на шлях рэалістычнага мастацтва. Ён спаліў шмат сваіх пуантылістычных эцюдаў, а палатно „Млын у Крупцах“ паклаў на падлогу ў парозе замест палавіка»[3].

У канцы Вялікай Айчыннай вайны карціна была знойдзена савецкімі салдатамі ў спустошаным Мінску, у кінутымі фашыстамі, недабудаваным будынку ЦК КПБ[4]. Карціна «Раніца вясны» — адзіны твор Уладзіміра Кудрэвіча 1920-х гадоў, які захаваўся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Астатнія «імпрэсіяністычныя» палотны былі знішчаны самім мастаком ці загінулі падчас вайны[5].

Карціна выклікала незадавальненне крытыкі амаль да 1960-х гг. Толькі у 1992 годзе яна са сховішча зноў трапіла ў асноўную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі[6].

Твор адпавядае радаснаму натхненню і аптымізму 1920-х гадоў. Мастак надае здавалася б выпадкова абранаму матыву сімвалічны настрой. Гай, якая зіхаціць каштоўнымі блікамі ад кветак, расы, ранішняга святла, паказвае адчуванне прыўзнятага стану душы майстра. На першым плане пахіленая бярозка — знак смутку. Але кірунак нахілу — ад левага ніжняга вугла ў правы верхні — як вядома, выклікае мажорны настрой і несвядомае адчуванне ўздыму і росту[5]. Карціна, відаць, адлюстроўвае не сапраўднае месца з вельмі танклявымі бярозамі, якія маюць высачэзныя кроны[2].

У гэтай карціне адчуваецца ўплыў французскіх імпрэсіяністаў, якімі ў тыя гады захапляўся но толькі Кудрэвіч[7], аўтарытэтам якога ў мастацтве з'яўляўся Поль Сезан[3].

Мастак імкнецца перадаць пленэрны настрой, выкарыстоўвае прыёмы пуантылізму, аднаго з накірункаў імпрэсіянізму[2][5]. Адбываецца спектральнае, а не механічнае, змяшэнне колераў, якое дае ні з чым не параўнальны эфект дрыготкага ззяння, надматэрыяльнасці, большае сапраўднасці ва ўяўленні гледача, чым гэта ёсць у сапраўднасці. Кудрэвічава манера лёгкая і імпульсіўная. Прыдуманыя дрэвы ў прыдуманым паветры складеныя з чатырох колераў — зялёнага, блакітнага, жоўтага і сіняга ў іх бясконцым калейдаскапічным судачыненні. Кропкі колераў то спалучаюцца звонкім дакрананнем, то разбягаюцца ў далёкай свежай і новай імжы, што пакуль не набрыняла сонцам і летнім скварам[2].

Зноскі

  1. а б 85-годдзе Першай Усебеларускай выстаўкі 1925 года. віртуальная выстаўка Архівавана 2 верасня 2016.
  2. а б в г Сяргей Харэўскі. 100 твораў мастацтва ХХ ст.: Уладзімер Кудрэвіч. Раніца вясны
  3. а б Як расказаць пра «сваё»… Архівавана 13 красавіка 2016. № 52 (1178) 27.12.2014 — 02.01.2014 г
  4. Гісторыя музея Архівавана 2 лютага 2019.
  5. а б в В. Кудревич «Утро весны» Архівавана 13 верасня 2016.
  6. Жывапіс. Скульптура. Графіка.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2018. Праверана 5 верасня 2016.
  7. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 4: 1917-1941 гг. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — 352 с. : іл. ISBN 5-343-00157-2