Румынская Грэка-Каталіцкая Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грэкакаталіцкі кафедральны сабор у Сату-Марэ

Румынская Каталіцкая Царква (Румынская Грэка-Каталіцкая Царква, Румынская Царква, аб'яднаная з Рымам) — адна з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якая прытрымліваюцца візантыйскага абраду. Пяць епархій Царквы знаходзяцца на тэрыторыі Румыніі і адна — на тэрыторыі ЗША. Адна з чатырох Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якая носіць статус Вярхоўнага Архіепіскапства.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карта грэкакаталіцкіх епархій Румыніі

Пасля паражэння туркаў у бітве пад Венай у 1683 годзе значная частка зямель, якія яны раней займалі, адышла да Аўстрыйскай дзяржавы, у тым ліку і Трансільванія. Імператар Аўстрыі Леапольд I падтрымліваў ідэю уніі праваслаўных румын з Рымам. У 1700 годзе значная частка трансільванскіх румын на чале з епіскапам Афанасіям Ангелам увайшлі ў поўныя адносіны са Святым Прастолам. Грэка-каталікі Трансільваніі былі аб'яднаны ў дзве епархіі і падначалены рымскаму епіскапу вянгерскага горада Эстэргам. З 1737 года цэнтрам грэкакаталіцкай царквы Румыніі стаў горад Блаж.

У 1744 годзе ў Трансільваніі выбухнула антыўніятскае паўстанне, у выніку ў 1759 годзе імператрыца Марыя-Тэрэзія дазволіла стварэнне ў Трансільваніі праваслаўнай епархіі, пасля чаго больш за палову грэкакаталікоў зноў перайшлі ў праваслаўе. Праваслаўная епархія ўваходзіла ў склад сербскай Карлавацкай мітраполіі і да 1810 года ўзначальвалась этнічнымі сербамі.

У 1853 годзе румынская грэкакаталіцкая царква была павышана ў статусе да мітраполіі, якая аб'ядноўвала чатыры епархіі.

Пасля першай сусветнай вайны Трансільванія была далучана да Румыніі, і тэрыторыя грэкакаталіцкай мітраполіі распаўсюдзілась на ўсю гэтую краіну. Да пачатка Другой сусветнай вайны ў царкву ўваходзіла больш за паўтара міліёна чалавек.

Пасля прыхода да ўлады камуністычнага рэжыма царква падверглася жорсткім ганенням. У 1948 годзе яна была юрыдычна ліквідавана, а ўся яе маёмасць перадана Румынскай праваслаўнай царкве. Шэсць епіскапаў былі арыштаваны, пяць з ніх памерлі ў турме, а шосты — Юлій Хоса памер у 1970 годзе ў манастыры пад дамашнім арыштам. Ужо пасля смерці Хосы Папа Павел VI абвясціў, што той быў кардыналам in pectore. Царква існавала толькі ў падполлі.

Колькасць грэкакаталікоў у Румыніі па дадзеным перапісу 2002 года

У 1982 годзе для румынскіх эмігрантаў у ЗША быў сфарміраваны апостальскі экзархат, з 1987 года атрымаўшы статус епархіі. Пасля падзення рэжыма Нікалае Чаўшэску грэкакаталікі Румыніі змаглі выйсці з падполля. У 1990 годзе Папа Ян Павел II прызначыў кіраўнікоў пяці адноўленых епархій. Як і ва Украіне, у Румынскай грэкакаталіцкай царквы ўзніклі канфлікты з праваслаўнымі з-за належаўшай да 1948 года ўластнасці. 16 снежня 2005 года Папа Бенедыкт XVI даў царкве статус Вярхоўнага Архіепіскапства.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Румынская каталіцкая царква мае статус Вярхоўнага Архіепіскапства. Дадзеныя аб колькасці прыхаджан вельмі адрозніваюцца і служаць аб'ектам дыскусій. Калі па сведчанням ватыканскага Annuario Pontificio у 2013 годзе налічвалася больш за 535 тысяч прыхаджан[1], то згодна з перапісам насельніцтва Румыніі праведзенай у 2002 годзе, грэкакаталікоў было ўсяго 191 556 чалавек[2]. Большасць прыхаджан краіны засяроджана ў паўночна-заходніх рэгіёнах краіны.

Вярхоўнае архіепіскапства складаецца з архіепархіі-метраполіі Фэгэршана і Алба-Юліі і пяці суфраганых епархій — Арадзі, Лугожа, Клуж-Герлы, Марамурэша і створанай у 2014 годзе епархіі Васіля Вялікага, з цэнтрам у Бухарэсце. У ЗША існуе асобная епархія грэкакаталікоў — Епархія святога Георгія ў Кантоне.

З 1994 года і па гэты час царкву ўзначальвае кардынал Лучыян Мурэшан, які з 2005 года носіць тытул Вярхоўнага архіепіскапа. Рэзідэнцыя кіраўніка царквы знаходзіцца ў горадзе Блаж. Багаслужэнне ў царкве вядзецца на румынскай мове.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]