Рыгор Юр’евіч Осцік
Рыгор Юр'евіч ОСЦІК (ОСТЫК, ОСЦІКАВІЧ) (? — 18 чэрвеня 1580) — прадстаўнік вялікалітоўскай магнатэрыі. Дваранін каралеўскі (з 1569).
З магнацкага роду Осцікаў. Пасля ад'езду Генрыха Валуа і новага безкаралаўя ў Рэчы Паспалітай Р. Ю. Осцік далучыўся да прамаскоўскай партыі, у лютым 1576 г. напісаў ліст да цара Івана IV абяцаючы дапамогу ад сябе і вялікалітоўскай шляхты ў атрыманні стальца. У выпадку поспеху Р. Ю. Осцік спадзяваўся атрымаць Ковель і Бельск, а таксама ўрад гетмана. Аднак у 1575 каралём быў абраны (каранаваны ў 1576) Стэфан Баторый.
У 1579 памёр брат Р. Ю. Осціка — Юрый Осцік, які не пакінуў нашчадкаў, але ўсю сваю маёмасць запісаў на сваю другую жонку Магдалену з Брамоўскіх. Р. Ю. Осцік пачаў судовы працэс з Магдаленаю пра ануляванні тастамента, але прайграў. Пасля гэтага ён абвінаваціў братаву ўдаву ў атручэнні мужа, а таксама сфабрыкаваў фальшывы дакумент, што брат пазычыў у яго 20 тыс. коп грошаў. У выніку М. Брамоўская саступіла маёмасць мужа, у т.л. Варняны і Гiртушкi, на карысць Р. Ю. Осціка.
У чэрвені 1580 да караля ў Вільню прыбыў маскоўскі пасол Р. А. Нашчокін, які меў царскі ліст і да Р. Ю. Осціка, які пад прычынаю пакупкі футра і інш. маскоўскіх тавараў атрымаў дазвол на сустрэчы з Р. А. Нашчокіным. Частыя сустрэчы і багаты падарунак Нашчокіна — дарагі конь выклікалі падазрэнні, таксама на Р. Ю. Осціка данёс яго слуга. Пасля гэтага Р. Ю. Осцік быў арыштаваны, вобшук ў яго доме знайшоў падробленыя пячаткі многіх сенатараў, а ў маёнтку Каварск пад Вільняй абсталяванне для фальшавання манет. Арыштаваны давераны слуга Р. Ю. Осціка Барталамей пад пыткай паказаў, што яго пан меў зносіны з Масквою яшчэ да безкаралаўя і атрымліваў адтуль лісты. На судзе Р. Ю. Осцік спачатку адмаўляў здраду, кажучы, што з Масквою і Р. А. Нашчокіным яго звязвалі толькі гандлёвыя адносіны, а падробленыя пячаткі выкарыстоўваў адно ў сваіх маёмасных справах, але потым сазнаўся, што нават абяцаў пры магчымасці забіць караля, праўда, рабіў гэта толькі з-за беднасці спадзяючыся гэтым выцягнуць з рускіх грошы. Р. Ю. Осцік на каленях прасіў аб памілаванні, але 15.6.1580 быў прыгавораны судом да смерці, а 18.6.1580 пакараны на Ратушнай плошчы ў Вільні.
Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну частку Аванты і маёнтак Шатэчну, апроч гэтага валодаў Чадосамi, Ганушынкамi i Эмельнiкамi (усе — тэрыторыя сучаснай Літвы). Таксама меў дом у Вільні на вул. Вялікай (цяпер на месцы Didžioji g. 7) насупраць палацу Радзівілаў (цяпер Didžioji g. 10), пасля пакарання Р. Ю. Осціка дом быў перададзены С. Баторыям свайму паплечніку Габрыелю Бекешу, які праўда валодаў ім нядоўга[1]. У канцы 1580 уладанні Р. Ю. Осціка былі вернутыя яго ўдаве Ядзвізе Юр'еўне з Насілоўскіх.
Зноскі
- ↑ У 2-й пал. 17 ст. дом выкуплены Мікалаем Казімірам Пацам (1624—1682, кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі), пазней (1673) ім жа быў выкуплены і суседні дом і на іх месцы пабудаваны палац Пацаў.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 11. — Мн., 2000. — С. 456.
- Łowmiańska M. Hrehory Ościk i jego zdrada w roku 1580 // Alma Mater Vilensis Biblioteka. 1933. Zesz. 3;
- Кавалёў С. Паэма Станіслава Лаўрэнція «Лямант няшчаснага Рыгора Осціка» (1580) // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры БДУ. Выпуск 3. — Мн., 2002.