Хвоя
| Хвоя | ||||||||||||||||
| Хвоя звычайная (Pinus sylvestris) | ||||||||||||||||
| Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
|
Pinus L., 1753 | ||||||||||||||||
| Тыпавы від | ||||||||||||||||
| Падроды | ||||||||||||||||
| ||||||||||||||||
| Арэал | ||||||||||||||||
| ||||||||||||||||
Хвоя, або Сасна[1] (Pinus) — род вечназялёных дрэваў, радзей кустоў, сямейства хваёвых.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Вышыня дрэў 20—50 м, дыяметр ствала да 150 см. Большасць відаў светлалюбныя, хуткарослыя, даўгавечныя (жывуць да 300—500 гадоў), непатрабавальныя да глебы і вільгаці.
Каранёвая сістэма моцна развітая, стрыжнёвая. Ствол прамы, поўнадраўняны. Драўніна смалістая, трывалая, сярэднеўстойлівая да гніення. Крона спярша конусападобная, потым часта становіцца пляскатай ў верхняй частцы. Парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. На падоўжаных парастках лісце (ігліца) лускападобнае, бурае, адзінкавае, спіральнае. На пакарочаных парастках лісце жорсткае або мяккае, іголкападобнае, звычайна 2-3‑граннае, зялёнае, часта з шызым налётам, размяшчаецца ў пуках па (1) 2-5 (8) штук; даўжыня ад 3 да 45 см. Ігліца на пакарочаных парастках захоўваецца ад 2 да 12 гадоў, у некаторых відаў да 40 гадоў. Семядольныя і ювенільныя лісты звычайна маюць іншую будову.
Мужчынскія шышкі дробныя (даўжыня 5-15 мм), авальныя або шарападобныя, жаўтаватыя, чырванаватыя або сіняватыя, сабраны ў шчыльныя скопішчы каля асновы прыросту новых маладзенькіх парасткаў. Пылок з двума паветранымі мяшочкамі. Жаночыя шышкі круглявыя або даўгаватыя — ад 3 да 50-65 см у даўжыню (вага да 3,6 кг), маладыя жаночыя шышкі — чырванаватыя, бураватыя або зеленаватыя, адзінкавыя або па 2-5 штук; спелыя шышкі — бурыя, павіслыя або прамыя, спеюць восенню ў год апылення або праз 2-3 гады. Насенныя лускавінкі цалкам зрастаюцца з покрыўнымі. Пасля выспявання ападаюць цалкам (зрэдку рассыпаюцца) ці застаюцца на дрэве некалькі гадоў. У некаторых відаў шышкі доўга застаюцца закрытымі. Насенне дробнае, крылатае або буйное з рэдукаваным крылцам. Размнажаецца хвоя ў асноўным насеннем. У культуры некаторыя віды гібрыдызуюць.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Найбуйнейшы род хвойных. Шырока распаўсюджаны ў халодных, умераных, субтрапічных і трапічных, часта горных абласцях пераважна Паўночнага паўшар’я — у Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Паўночнай Афрыцы, дзе многія віды з’яўляюцца найважнейшымі лесаўтваральнымі пародамі.
Многія віды малапатрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы (аддаюць перавагу добра дрэніраванай, нейтральнай або слабакіслай глебе). Святлалюбныя, мароза- і засухаўстойлівыя, адчувальныя да забруджвання, большасць відаў дрэнна пераносяць гарадскія ўмовы. Шырока прымяняюцца ў дэкаратыўным азеляненні і ахоўным лесаразвядзенні.
Адзіны від[2] на Беларусі хвоя звычайная (Pinus sylvestris) — самая распаўсюджаная дрэўная парода ў краіне. Інтрадукавана яшчэ 20 відаў, з іх у садова-паркавай і лясной культуры 10; найбольш вядомыя: хвоя веймутава (Pinus strobus), румелійская (Pinus peuce), сібірская кедравая, або кедр сібірскі (Pinus sibirica), хвоя Банкса (Pinus banksiana), цвёрдая (Pinus ponderosa), чорная (Pinus nigra).
У Паўднёвым паўшар’і да нядаўняга часу рос толькі адзін від гэтага роду — хвоя Меркуза (Pinus merkusi), але і гэты від хвоі захадзіў да поўдня ад экватара толькі на 2°. Аднак у наш час у Паўднёвым паўшар’і з’явіліся штучна пасаджаныя хваёвыя лясы, для стварэння якіх выкарыстоўвалася пераважна хвоя прамяністая (Pinus radiata). Натуральнае месца распаўсюджання гэтага прыгожага віду — усяго некалькі дзясяткаў гектараў у Каліфорніі і на адным з блізкіх астравоў. Насаджэнне гэтай хвоі пачалося ў пачатку 20 ст. у Аўстраліі і Новай Зеландыі, і цяпер штучныя хваёвыя лясы займаюць тут вялікія плошчы. Некалькі меншую плошчу займаюць штучныя хваёвыя лясы ў трапічнай і паўднёвай Афрыцы і на Мадагаскары.
Падроды і віды
[правіць | правіць зыходнік]Род налічвае 130 відаў[3]. Сістэматыка паміж відамі і родам нестабільная, сваяцкія адносіны паміж відамі і секцыямі яшчэ даследуюцца, розныя крыніцы могуць выкарыстоўваць розныя склады секцый-падсекцый і размеркаванне ў іх відаў. Па адной з апошніх версій унутрыродавай сістэматыкі віды размеркаваны ў два падроды, падзеленых на дзве секцыі кожны, са сваімі падсекцыямі[4][5].
|
Падрод Pinus
Секцыя Trifoliae Duhamel
|
Падрод Strobus Lemmon
Секцыя Parrya Mayr
|
Некаторыя віды:
Захворванні
[правіць | правіць зыходнік]Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Арэхаплодныя, тэхнічныя, дэкаратыўныя расліны. Група відаў хвоі дае ядомае, часцей бяскрылае насенне. т. зв. кедравыя арэхі. Драўніна выкарыстоўваецца Ў будаўніцве, як паліва, ідзе на вырабы. 3 яе атрымліваюць шкіпінар, каніфоль, тэрпенцінавы алей, смалу, вар, дзёгаць; з ігліцы — вітамін C, эфірны алей; з насення — кедравы алей. Пасадкі хвоі выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 97. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ База Растения Беларуси(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 23 чэрвеня 2011.
- ↑ Віды роду Pinus Архівавана 19 верасня 2017. паводле The Plant List
- ↑ Гл. спасылку GRIN у картцы расліны.
- ↑ The Gymnosperm Database.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарановіч І. М. Хвоя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- ХВОЯ на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»
- Сосна: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
- Christopher J. Earle (ed.): Pinus (pine) description (англ.). The Gymnosperm Database. Праверана 15 мая 2018.