Свята-Ільінская царква (Адахаўшчына)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Ільінская царква
53°09′04″ пн. ш. 26°08′40″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Адахаўшчына
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Пінская і Лунінецкая епархія
Архітэктар Леанід Васілевіч Макарэвіч
Дата пабудовы 1996 год
Map

Свята-Ільінская царква, Адахаўшчына — праваслаўны храм у вёсцы Адахаўшчына Баранавіцкага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першае апісанне драўлянай Свята-Ільінскай царквы ў вёсцы Адахаўшчына маецца ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Згодна з апісаннем 1864 года ў сяле Адахаўшчына мелася Свята-Троіцкая царква, чацвёртага класа драўляная царква. Пры ёй меліся прыпісная Крышынская царква і могілкавая драўляная капліца.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Ільінская царква, пабудаваная ў 1866 годзе на сродкі ўрада, за чвэрць вярсты ад вёскі. Царква была пабудавана падоўжаным крыжам з адным глухім цыбулепадобным купалам і званіцай у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў два рады, ніжнія з жалезнымі кратамі, мелася двое дзвярэй. Сцены і дах царквы звонку былі пафарбаваны алейнай фарбай. Унутры царква мела драўляны пол, столь падшыта дошкамі. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў сіні колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаўся з 5 абразоў размешчаных у адзін рад. На звоніцы было чатыры званы вагою ў 5, 3, 2, і 1 пуд.

У вёсцы Адахаўшчына мелася адна могілкавая царква.

Настаяцелем храма з 1858 года быў Антоній Плаўскі. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і штатнае народнае вучылішча.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Адахаўшчына, Лозкі, Заброддзе, Лаўрынавічы, Якімовічы, Дубава, Альсевічы, Дуброўна, Крошын, Залюбічы.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Пабудавана ў 1996 з цэглы і бетону па праекце архітэктара Леаніда Макарэвіча[1]. Маюцца 2 прыпісныя капліцы ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Дубава і ў гонар Усіх Святых у в. Залюбічы.

Вырашана ў традыцыях стылізаванага старажытнарускага храмавага дойлідства. У аснове цэнтрычнай кампазіцыі — кубападобны паўсферычна-купальны аб'ём. Элемент асіметрыі ўносіць паўкруглая апсіда пад пакрыццём.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — 656 с.
  • «Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг.» / Укладальнік Д. В. Лісейчыкаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2009. — 270 с., стар. 133—134.
  • Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213.
  • Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]