Свята-Ушэсцеўская царква (Забычанне)
Праваслаўны храм | |
Свята-Ушэсцеўская царква | |
---|---|
53°25′40,60″ пн. ш. 31°52′29,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Забычанне |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская |
Благачынне | Клімавіцкае |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Архітэктар | Зімберг |
Заснавальнік | Аркадзь Астанкевіч |
Дата заснавання | пачатак XVII ст. |
Будаўніцтва | 1893—1897 гады |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у в. Забычанне Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Размешчана ў цэнтры вёскі, на плошчы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая драўляная царква ў імя апосталаў Пятра і Паўла згадваецца ў 1511 годзе. У пачатку XVII стагоддзя мясцовы шляхціч збудаваў у Забычанні новую драўляную царкву Святога Духа. Калі ў ёй перастала хапаць месца, было вырашана ўзвесці каменны храм[1].
Будоўля пачалася ў 1893 годзе і вялася за кошт сродкаў памешчыка Аркадзя Астанкевіча і тутэйшых жыхароў нямецкім архітэктарам Зімбергам, запрошаным з Пецярбурга. Будаўнікамі былі запрошаныя спецыялісты з Магілёўскай губерні. Абразы для храма пісаліся афонскімі майстрамі на кіпарысавых дошках, пакрытых разьбой, аконныя рашоткі каваліся ў Пецярбургу і дастаўляліся ў Забычанне абозамі. У 1897 годзе да дня Ушэсця Гасподняга будаўніцтва царквы скончылася. Аднак, зрабіць роспіс інтэр’еру да рэвалюцыі не паспелі[2].
У савецкія часы храм дзейнічаў да 1932 года, калі быў рэпрэсаваны святар Віктар Барташэвіч. З храма былі скінуты крыжы і званы, спалены абразы і царкоўныя рэчы. Будынак перадалі калгасу, які ўладкаваў у ім зернесховішча. Падчас Другой сусветнай вайны царква значна пацярпела: калі ішоў бой за вызваленне вёскі, на званіцы схаваліся 3 нямецкія снайперы[2].
У пасляваенны час пабудова выкарыстоўвалася для захоўвання гною, заняпала і стаяла без даха. У 1990-я гады пачаліся працы па аднаўленні храма, і 23 верасня 2018 года адрэстаўрваная царква была паўторна асвечана ў гонар Ушэсця Гасподняга[3].
Настаяцель царквы — айцец Міхаіл Салабуцін, па сумяшчальніцтве святар храма ў Фёдараўцы[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю і неаготыкі. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая кампазіцыя будынка складаецца з прытвора, трапезнай, малітоўнай залы і пяціграннай апсіды. Вертыкальнымі дамінантамі з’яўляюцца васьмігранныя шатровыя барабаны надбудаванай над прытворам званіцы і цэнтральнага кубападобнага аб’ёму.
Фасады крапаваны вуглавымі трохчвэртнымі калонкамі, зубчастымі фрызамі, аркатурнымі паясамі, прарэзаны падвойнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах. Вокны падвойныя, з паўцыркульнымі завяршэннямі. Асаблівасцю пластычнага вырашэння будынка з’яўляюцца шчытавыя завяршэнні сцен аб’ёмаў і барабанаў, абрысы якіх паўтараюць шматсхільны дах. У якасці гідраізаляцыі была выкарыстана бярозавая кара[4].
Унутры ў малітоўную залу адкрываецца светлавы барабан з самкнутым скляпеннем, абапёрты праз парусы на шырокія аркі прыдзелаў, апсіды і прытвора; апсіда перакрыта конхай. Арыгінальнае дэкаратыўнае ўбранне не захавалася. Ад першапачаковых рэліквій захаваўся драўляны вынасны запрастольны крыж, пакрыты разьбой, які сёстры Федарыставы, пеўчыя храма, паспелі схаваць, калі зачынялі царкву.
Вышыня будынка — 23–25 м, таўшчыня вонкавых сценаў — да 2 м. Для гідраізаляцыі ў падмурку пакладзены пласт бяросты[1].
Першапачаткова храм быў абнесены мураванай агароджай, у левым вуглу якой знаходзілася вартоўня[1].
Зноскі
- ↑ а б в г Л. Смолякова.. Второе рождение Забычанского храма (+ фото, + видео) (руск.). Касцюковічы: Голас Касцюкоўшчыны (29 мая 2017). Праверана 24.06.2020.
- ↑ а б Вярнуць храм да жыцця . Звязда (11 лістапада 2014). Праверана 19.07.2019.
- ↑ В Костюковичском районе освятили восстановленный храм (руск.). Могилёвская епархия Белорусской Православной Церкви (23 верасня 2018). Праверана 19.07.2019.
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — с. 217
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 217
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Свята-Ушэсцеўская царква (Забычанне) на Вікісховішчы |
- Свята-Ушэсцеўская царква (Забычанне) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Ушэсцеўская царква (Забычанне) на сайце Глобус Беларусі (руск.)