Святыя апосталы Пётр і Іаан Багаслоў (фрэска з Фараса)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Autor nieznany, Św. Piotr i św. Jan Ewangelista. Malowidło ścienne.jpg
аўтар невядомы
Святыя апосталы Пётр і Іаан Багаслоў. VIII–першая палова X стст.
Матэрыял тэмпера па глейкай тынкоўцы
Тэхніка al secco
Памеры 260 × 145 см
Нацыянальны музей у Варшаве, Польшча
(інв. 234053)

Святыя апосталы Пётр і Іаан Багаслоў — нубійская фрэска, якая датуецца перыядам VIII — першая палова X стагоддзяў, выкананая тэмперай па глеістай тынкоўцы ў тэхніцы al secco[1]. Аўтар невядомы.

Праца была знойдзена ў саборы Фараса на тэрыторыі старажытнай Нубіі (сучасны Судан) групай польскіх археолагаў падчас адной з археалагічных экспедыцый, праведзеных у 60-х гадах XX стагоддзя пад эгідай ЮНЕСКА (так званая Нубійская кампанія ці Нубійская аперацыя). З 1964 года фрэска знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Пасля рэстаўрацыйных работ была выстаўлена ў VI зале Галерэі Фарас[2].

Археалагічны кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

Фрэска знаходзілася ў двух метрах над падлогай на паўночнай сцяне ў паўночным нефе, размешчаным каля заходняй сцяны, якая аддзяляла неф ад капліцы. Вышыня фігур апосталаў на фрэсцы складае два метры, а іх твараў — 33 сантыметры[3]. На сценах нефаў сабора ў Фарасе фрагментарычна захаваліся выявы іншых вялікіх фігур, якія стаяць франтальна, магчыма, гэта таксама апосталы. Іх партрэты ў суседстве з выявамі біскупаў Фараса павінны былі сведчыць аб працягласці апостальскай спадчыны[4].

Апосталы Пётр і Іаан разам здзяйснялі місіянерскія падарожжы, таксама апакрыфічныя тэксты згадваюць аб сумесным удзеле абодвух у многіх падзеях, звязаных з Багародзіцай (у прыватнасці, у Ўспенні і выяўленні яе нерукатворнага абраза на слупе храма ў Лідзе). Магчыма, менавіта па гэтай прычыне яны намаляваныя разам.

Іканаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Апосталы намаляваныя франтальна ў пазіцыі стоячы. Пётр — ў правай частцы фрэскі, Іаан Багаслоў — у левай. Абодва апранутыя ў доўгія хітоны белага колеру з размешчанымі пасярэдзіне двума вертыкальнымі палосамі (Ποταμοί) фіялетавага колеру[3][5]. На туніку накінуты плашч гіматый, які пакрывае плечы і даходзіць да каленяў. Контуры адзення намаляваныя чорнай фарбай, зморшчыны — жоўтымі і фіялетавымі лініямі. Святыя носяць характэрны абутак пурпурнага колеру.

Апостал Пётр[правіць | правіць зыходнік]

Рукі апостала Пятра сагнутыя ў локцях, а выступаючыя з-пад гіматыя далоні прыўзняты да ўзроўню жывата. У левай руцэ ён трымае ключ, намаляваны цёмна-фіялетавай фарбай[3]. Твар святога выканана ў стылістыцы ўсходняга мастацтва — выцягнутыя, выразна выдзеленыя фіялетавай фарбай вялікія, круглявыя вочы з добра прыкметнымі зрэнкамі, бялкамі і павекамі. Паміж вачыма намаляваны прамы, доўгі нос, выдзелены фіялетавымі і жоўтымі лініямі[5]. Твар акружаны доўгай барадой і кароткімі валасамі з залысінамі, выразна пазначанымі светла-фіялетавай лініяй. Барада зліваецца з вусамі, якія пакрываюць вусны. Па абодва бакі твару намаляваныя вялікія, адсталыя вушы, яны выдзелены цёмна-фіялетавымі лініямі. Галаву святога акружае німб шэрага колеру з чорным контурам[3][5].

Апостал Іаан Багаслоў[правіць | правіць зыходнік]

Іаан Багаслоў заслонены правым плячом Пятра, гэта стварае ўражанне, што ён стаіць крыху ззаду. Яго левая рука сагнутая ў локці, далонь размешчана на жываце. У гэтай руцэ апостал трымае вялікую кнігу, контуры якой пазначаныя чорным колерам. Яе вечка чырвонага колеру, а бакавая частка справа — белага. Вечка дэкараванае белымі прастакутнікамі, вылучанымі чорнай лініяй — верагодна, гэта каштоўныя камяні. Твар Іаана больш вузкі і даўжэйшы, чым твар Пятра. Барада і адсталыя вушы кантрастуюць з ім у меншай ступені, хоць і рысы твару прыкметна вастрэй. Нос прамы і доўгі, як у Пятра, выдзелены чорнымі і жоўтымі лініямі. Вочы міндалепадобнай формы, іншыя чым у Пятра, са зрэнкамі таксама ў выглядзе вялікай чорнай кропкі. Гэтак жа і контур твару, бровы, вусны, барада і вусы намаляваныя чорнымі лініямі. Контур вачэй выдзелены фіялетавай лініяй[3][5].

Стыль фрэскі[правіць | правіць зыходнік]

Па свайму стылю фрэска рэалізуе тыповыя для ўсходняга жывапісу каноны: фігуры маюць ідэалізаваны характар, святыя пазбаўленыя якіх-небудзь індывідуальных рыс, характэрных для партрэтнага рэалізму[3]. У адпаведнасці з традыцыяй візантыйскага мастацтва ігнаруецца розніца ва ўзросце паміж старэйшым Пятром і малодшым Іаанам. Іаан, таксама як і Пётр, намаляваны шаноўным чалавекам з велічнай шэрай барадой[5]. Твары апосталаў падкрэслены сімваламі, выпрацаванымі візантыйскімі мастакамі — ключ ў апостала Пятра і кніга, атрыбут евангелістаў, у Іаана Багаслова.

На фрэсцы вылучаюцца дзве вобласці, якія можна назваць лінейнымі. Яны асабліва прыкметныя ў геаметрычным спосабе малюнка шчаціння на шчоках. Гэты спосаб прадстаўлення, нароўні з тварамі даўгаватай формы і выкарыстаннем ліній фіялетавага колеру, характэрны таксама для іншых фрэсак з Фараса, перш за ўсё, для фрэскі з выявай святога Ігнація Антыяхійскага, якая знаходзіцца ў цяперашні час у Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме, і для фрэскі з невядомым архібіскупам, якая знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Усе тры карціны з'яўляюцца, хутчэй за ўсё, працай аднаго і таго ж цэха, які распісваў сцены сабора Фараса ў VIII стагоддзі[3]. Зважаючы на стылістычную агульнасць і выкарыстанне фіялетавага пігменту гэты стыль фрэсак называецца «фіялетавым»[3].

Надпісы на фрэсцы[правіць | правіць зыходнік]

Выявы суправаджаюцца надпісамі на грэчаскай мове, зробленымі цёмнай фарбай.

Надпіс ля апостала Іаана Багаслова мае памеры 55 × 20 см. Ён знаходзіцца злева і напісаны ў два радкі: вертыкальным і гарызантальным. Пачынаецца са знака крыжа: + [Ὁ ἃγ]ιος Ἰωάνν[ης] ἀπ[όστ]ολος εὐαγγελιστής κ(αὶ) θεολόγος (+ Святы Іаан, апостал і евангеліст, багаслоў).

Надпіс ля апостала Пятра мае памеры 60 × 20 см. Ён знаходзіцца ў правай частцы фрэскі. Як мяркуецца, першапачаткова быў ў двух радках: вертыкальным злева і гарызантальным уверсе. У месцы злучэння над галавой Пятра размешчаны знак крыжа. Але, хутчэй за ўсё, мастаку не хапіла месца для ўсяго надпісу і ён скончыў яго, спусціўшы ўніз, на другі вертыкальны радок справа. Гарызантальны радок заканчваецца на слове ἀπόστολος, якое ўключае ў сябе адно выпраўленне — літару τ, размешчаную над літарамі σο: + Ὁ ἃγιος Πέτρος κορυφαί[u]ς τῶν ἀποστ[τ]ό[λω]ν κ(αὶ) κλιδoūχ(oς) [τ]ῆς βασ(ιλείας) τ(ῶν) oὐ(ρα)νῶν (+ Святы Пётр, Князь апосталаў, ахоўнік ключоў Валадарства нябеснага)[6].

Зноскі

  1. K. Michałowski, Faras. Die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, с. 7-8.
  2. Galeria Faras im. Profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, рэд. B. Mierzejewska, с. 130—131.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 K. Michałowski, Faras : die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, с. 113—118.
  4. Malowidło ścienne — Św. Piotr i św. Jan Ewangelista, Muzeum Narodowe w Warszawie.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 Faras. Die Kathedrale aus dem Wüstensand, рэд. W. Seipel, с. 67.
  6. S. Jakobielski, Inschriften, у: K. Michałowski, Faras. Die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, die Inschriften bearbeitete Stefan Jakobielski, с. 296—297.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Faras. Die Kathedrale aus dem Wüstensand, рэд. W. Seipel, Wien 2002.
  • Galeria Faras im. Profesora Kazimierza Michałowskiego. Przewodnik, рэд. B. Mierzejewska, Warszawa 2014.
  • Malowidło ścienne — Św. Piotr i św. Jan Ewangelista, Muzeum Narodowe w Warszawie.
  • Michałowski K., Faras : die Wandbilder in den Sammlungen des Nationalmuseums zu Warschau, Warszawa-Dresden 1974.