Свіслацкі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Руіны замка, 1928 год

Свіслацкі замак — замак, які існаваў у XII—XVII стагоддзях каля сучаснага аграгарадка Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці Беларусі). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мястэчка Свіслач і Свіслацкага княства (XIV стагоддзе), размяшчалася на мысе правага берага ракі Бярэзіна, у якую справа ўпадае рака Свіслач.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне XVII стагоддзя замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 х 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У першай палове XIII стагоддзя замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 годзе крымскія татары і ў 1535 годзе — рускія войскі. Ужо ў 1501 годзе Свіслацкі замак меў агнястрэльную зброю, у т.л. гарматы. Паводле плана Свіслацкага замка (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы князем Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т.л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўжынёй 39 м і 35,8 м. На самым мысе Свіслацкага замка размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найбольш блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз раку Свіслач.

У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў паўстанцкі атрад палкоўніка Г. Бута колькасцю каля 1 тыс. чалавек заняў у 1648 годзе Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў без вялікіх намаганняў «Іван Золоторенко город Свіслочь взял… в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра Свіслацкі замак больш не сустракаюцца.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]