Свіслацкае княства
Свіслацкае княства — удзельнае княства ў нізоўі р. Свіслач і ніжнім цячэнні р. Бярэзіны. Узгадваецца ў дакументах з XIV ст., але аформілася, відаць, у XII—XIII ст. Цэнтр — замак Свіслач (цяпер в. Свіслач у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., гл. Свіслацкае гарадзішча).
Займала тэрыторыю сучасных Асіповіцкага, Бабруйскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобл., а таксама значную частку Бярэзінскага, Пухавіцкага, Старадарожскага і Чэрвеньскага раёнаў Мінскай вобл., Кіраўскага раёна Магілёўскай вобл., Акцябрскага і Светлагорскага раёнаў Гомельскай вобл.
Свіслацкі ўдзел вылучыўся са складу Менскага княства. Мяжа Свіслацкага ўдзелу з уласна Менскім ўдзелам праходзіла па ўмоўнай лініі в. Суцін — Арэшкавічы — Балоча.
Увайшло ў склад ВКЛ у 1350-я, пасля смерці апошняга свіслацкага кн. Сямёна, які не меў нашчадкаў. У 1360-я свіслацкім князем быў унук Гедзіміна Сямён Яўнутавіч, які ўзяў бок Ягайлы ў барацьбе таго з Вітаўтам. У 1387 вялікі князь Ягайла перадаў Свіслацкую воласць разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне Скіргайлу. Пасля Свіслач — дзяржаўнае ўладанне.
З XV ст. існавала як невялікая воласць пад кіраўніцтвам вялікакняскага намесніка.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Э. М. Загарульскі. Свіслацкае княства // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 9. Рабкор — Сочы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1973. — 640 с.: іл., карты.. С. 446.
- З. І. Даўгяла. Свіслацкая воласць у 1560 г. // Наш край № 12, 1927. — С. 21—37.
- Пазднякоў В. С. Свіслацкае княства // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 263. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).