Селважэнс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Селважэнс
Карта астравоў Селважэнс
Карта астравоў Селважэнс
30°08′43″ пн. ш. 15°51′53″ з. д.HGЯO
Архіпелаг Мадэйра
Акваторыя Атлантычны акіян
Колькасць астравоў 18
Найбуйнейшы востраў Селважэм-Грандэ
Агульная плошча 2,73 км²
Найвышэйшы пункт 163 м
Краіна Flag of Portugal.svg Партугалія
Селважэнс (Афрыка)
Селважэнс
Селважэнс
Насельніцтва (2011) 4 чал.
Шчыльнасць насельніцтва 1,465 чал./км²
Паўночны бераг Селважэм-Пекена
Паўночны бераг Селважэм-Пекена
Commons-logo.svg Селважэнс на Вікісховішчы

Астравы Селважэнс (парт.: Ilhas Selvagens) — архіпелаг на ўсходзе Атлантычнага акіяна. Падпарадкаваны адміністрацыі Мадэйры (Партугалія). На астравы таксама прэтэндуе Іспанія. Агульная плошча — 2,73 км².

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Селважэнс месцяцца на ўсходзе Атлантычнага акіяна ў 294,3 км на паўднёвы ўсход ад вострава Мадэйра, у 118,5 км на поўнач ад канарскага вострава Тэнерыфэ, у 573,4 км на захад ад атлантычнага ўзбярэжжа Марока, у 993,5 км на паўднёвы захад ад кантынентальнага ўзбярэжжа Партугаліі. Архіпелаг налічвае 18 астравоў і скал. Яны падзяляюцца на паўночную і паўднёвую групы. Найбуйнейшы востраў паўночнай групы і ўсяго архіпелага — Селважэм-Грандэ (2,45 км²). Найбуйнейшы востраў паўднёвай групы — Селважэм-Пекена (0,2 км²).

Усе астравы маюць вулканічнае паходжанне. Селважэнс лічыцца найстаражытнейшым з усіх архіпелагаў Макаранезіі, паколькі сфарміраваўся 60 — 27 мілёнаў гадоў таму. Паверхня плоская, месцамі скалістая, складаецца пераважна базальтамі. На буйных астравах вылучаюцца пікі — рэшткі старажытных вулканаў. Найвышэйшым з'яўляецца пік Аталая (163 м) на Селважэм-Грандэ.

Клімат міжземнаморскі. Сярэдняя гадавая тэмпература трымаецца на ўзроўні +18,6°C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў — 691,6 мм.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

З 1971 г. астравы Селважэнс з'яўляюцца прыродным запаведнікам. Флора прадстаўлена каля 100 відамі судзінкавых раслін. Прычым, колькасць эндэмікаў на адзінку плошчы самая высокая ў Макаранезіі. Распаўсюджаны фікусы, лотасы, розныя травы. Каля берагоў налічваецца 173 віды марскіх водарасцяў.

Архіпелаг — важнае месца для гнездавання марскіх птушак. Усяго налічваецца каля 70 відаў птушак, 8 з якіх — эндэмікі паўднёвай Макаранезіі. У скалах сустракаюцца рэдкия віды бруханогіх. Сысуны цалкам адсутнічаюць. Навакольныя воды насяляюць кефалевыя, кіты, марскія чарапахі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першае пісьмовае апісанне, якое сведчыла аб адкрыцці астравоў, была пакінута партугальскім мараплаўцам Дыёгу Гомешам дэ Сінтра, які наведаў іх падчас вяртання з Гвінеі ў 1438 г. Ён даў ім сучасную назву (літаральна "Дзікія астравы"). Аднак Дыёгу Гомеш паведамляў, што архіпелаг ужо наведваўся зборшчыкамі лішайнікаў. Сапраўднымі першаадкрывальнікамі маглі быць венецыянцы Даменіка і Франчэска Піцыгана ў 1364 г.

Нягледзячы на малыя памеры, Селважэнс прыцягвалі еўрапейцаў як прыдатныя месцы стаянак караблёў пры пераходзе праз Атлантыку, тут здабывалі малюскаў і мясцовы від лішайнікаў, з якога на Пірынейскім паўвостраве выраблялі чырвоны пігмент. У XVI ст. астравы трапілі ў прыватную маёмасць і неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. Большасць валадароў Селважэнс жылі на Мадэйры. У XIX ст. неаднаразова рабіліся няўдалыя спробы адшукаць на астравах пірацкія скарбы.

Да II Сусветнай вайны іх стала наведвалі паляўнічыя на птушак. У 1971 г. урад Партугаліі набыў архіпелаг і стварыў на яго тэрыторыі запаведнік. Паляванне на птушак было забаронена, абмежаваны лоў рыбы. У 2002 г. Селважэнс трапілі ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У 1911 г. урад Іспаніі абвясціў аб імкненні уключыць Селважэнс у склад сваіх валоданняў на Канарскіх астравах. У 2005 г. у раёне архіпелага былі затрыманы некалькі іспанскіх рыбалоўных суднаў. У 2013 г. Іспанія звярнулася да ААН са скаргай, у якой заяўляла, што Селважэнс — скалы, вакол якіх нельга ўсталёўваць марскую мяжу. У 2014 г. некалькі жыхароў Канар правялі на Селважэнс акцыю пратэста. У 2015 г. на Селважэнс спыняўся прэзідэнт Партугаліі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]