Серафім Татарын

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Серафім Татарын
Дата нараджэння: 13 лютага 1903(1903-02-13)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 27 ліпеня 1988(1988-07-27) (85 гадоў)
Месца смерці:

Серафім Татарын (13 лютага 1903, в. Вострава, Слонімскі павет, цяпер Зэльвенскі раён - 1988) - актыўны дзеяч у Заходняй Беларусі, арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказны рэдактар беларускай газеты «Наша праўда», удзельнік Другой сусветнай вайны, педагог, вязень польскіх і савецкіх лагераў.

Ранняе жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Серафім Татарын нарадзіўся 13 лютага 1903 года ў вёсцы Вострава Слонімскага павета (цяпер Зэльвенскі раён) у сям’і селяніна-серадняка, які меў траціну ўчастка зямлі: 6 дзесяцін ворыва і лугу. У 1914 годзе закончыў тры класы царкоўнапрыходскай школы ў вёсцы Вострава, а пасля займаўся ў духоўным вучылішчы ў Жыровічах. У гады Першай сусветнай вайны сям’ю Татарыных выгналі рускія казакі ў бежанства ў Расію. Жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе Серафім закончыў тры класы духоўнага вучылішча. А пасля рэвалюцыі ў Расіі (1917), вучыўся ў савецкай школе, а потым працаваў у аддзеле сацыяльнага забеспячэння. Потым Татарыны вырашылі вярнуцца ў Беларусь.

Летам 1920 года бацька Серафіма купіў каня і воз, і яны паехалі на Беларусь. Да роднай вёскі Вострава дабраліся ў верасні. Але вёска ўжо была пад уладай Польшчы. Прыехаўшы ў роднае мястэчка, Серафім Татарын уладкаваўся працаваць вольнанаёмным настаўнікам у суседнюю вёску Лабзова, дзе выкладаў беларускую і рускую мовы. Але гэта працягвалася нядоўга, бо школа хутка была закрытая. Дзяцей загадалі вучыць толькі па-польску. У роднай і суседніх вёсках Серафім Татарын вылучаўся сярод аднагодкаў сваёй адукаванасцю і пэўным жыццёвым вопытам. Серафім Татарын пазнаёміўся і падтрымліваў сувязі са слонімскімі актывістамі Паўлам Крынчыкам, Феакцістам Міско, Якубам Міско, часта бываў у Вільні, дзе пасябраваў з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Браніславам Тарашкевічам. Аднойчы Рыгор Шырма запытаўся: «Серафім, хочаш надалей вучыцца? Станавіся рэдактарам газеты «Наша праўда». Але папярэджваю, што можа быць некалькі канфіскацый газеты, таму, каб не арыштавалі, давядзецца ўцякаць». Татарын стаў адказным рэдактарам газеты «Наша праўда». За яго подпісам выйшла ў свет 19 яе нумароў, з якіх былі канфіскаваны №№ 3, 6 і 12, а ўсяго выйшла ў свет 49 нумароў. Улады збіралі абвінаваўчыя матэрыялы на рэдактара-выдаўца, а дэфензіва выбірала зручны момант для арышту. Прыйшлося часова пакінуць Вільню. Пасля разгрому Беларускай сялянска-рабочай грамады ў Заходняй Беларусі пачалі стварацца гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Усюды актыўна беларусы адкрывалі бібліятэкі-чытальні, ставілі спектаклі, чыталіся лекцыі (не заўсёды на гэта палякі давалі дазвол).

Дзейнасць ТБШ[правіць | правіць зыходнік]

Серафім Татарын у роднай вёсцы Вострава разам са сваімі аднавяскоўцамі пачаў актыўна будаваць Народны дом. Дапамогу яму і вяскоўцам нават аказвалі беларусы-востраўцы, якія жылі ў Амерыцы. З 1890 па 1912 гады толькі з адной вёскі Вострава Слонімскага павета ў пошуках лепшай долі выехалі каля 100 чалавек. Там быў і родны брат Серафіма — Андрэй Татарын. Серафім напісаў яму пра тое, што яны вырашылі пабудаваць у Востраве Народны дом. Напісаў пісьмо-зварот да востраўцаў, якія жылі ў Амерыцы. Брат там зачытаў пісьмо. І рабочыя-беларусы пачалі збіраць долары і дасылаць у Вострава на будаўніцтва Народнага дома. Першы раз даслалі 63 долары, потым — 80. А трэці раз прыслалі ажно 100. Усе гэтыя грошы з падпіснымі лістамі паступілі ў гурток ТБШ вёскі Вострава.

Народны дом у вёсцы Вострава[правіць | правіць зыходнік]

Пры гуртку ТБШ у Востраве працавалі драматычны і харавы гурткі. Ставілі беларускія спектаклі, гастралявалі з імі ў суседніх вёсках, наладжвалі канцэрты, лекцыі, сустрэчы. Пад восень 1927 года Серафіма Татарына выклікалі ў Слонім на допыт пасля канфіскацыі нумароў газеты «Наша праўда». Быў аддадзены пад нагляд паліцыі. Восенню 1928 года ў Слоніме быў праведзены павятовы з’езд ТБШ. На ім было выбрана новае кіраўніцтва. Старшынёй абралі Сямёна Жыткевіча, а намеснікам — Серафіма Татарына. У сакавіку 1929 года былі закрытыя ўсе гурткі ТБШ у Слонімскім павеце. У вёсцы Вострава дзейнічала бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг. Закрываючы яе, паліцыя захапіла ўсе кнігі. Уцалелі толькі тыя, якія былі на руках у чытачоў. Былі ліквідаваны ўсе гурткі ТБШ ва ўсім Навагрудскім ваяводстве. Серафім Татарын хутка пераязджае ў Наваградак, дзе актыўна працуе сакратаром павятовага сакратарыята клуба «Змаганне».

Увязненне[правіць | правіць зыходнік]

29 жніўня 1929 года ў Вільні праходзіў сход пасольскага клуба «Змаганне» і яго шаснаццаці павятовых сакратарыятаў. Наляцела паліцыя. Дэлегатаў сходу арыштавалі. Каля двух тыдняў трымалі ў Віленскай турме на Лукішках, затым паліцыя развезла ўсіх па дамах пад распіску бацькоў. У хуткім часе Серафім Татарын зноў прыехаў у Наваградак і працягваў працаваць у сакратарыяце. 5 снежня 1929 года яго арыштавалі і пасадзілі на год у турму. 5 снежня 1930 года юнак выйшаў на волю, 8 снежня — прыехаў у Вострава, а 9 снежня зноў яго арыштавалі і пасадзілі за беларускасць на 6 гадоў. Кайданкі, пабоі, пераводы з турмы ў турму, галадоўкі, няспынная барацьба за правы палітычных зняволеных…

Картуз-Бярозаўскі лагер[правіць | правіць зыходнік]

5 студзеня 1936 года Татарына вызвалілі па амністыі. Серафім Татарын вырашыў ажаніцца. Але 25 красавіка, за тыдзень да вяселля, яго зноў арыштоўваюць і саджаюць у Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. «Аднойчы, — часта ўспамінаў Серафім Лук’янавіч, — упрэглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…» У Картуз-Бярозе Серафім Татарын прабыў 14 месяцаў.

Рэпрэсіі НКУС[правіць | правіць зыходнік]

Вярнуўшыся дамоў, ён працаваў на бацькавай гаспадарцы. Але ў гісторыі Бацькаўшчыны адбываецца важная падзея — аб’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. Літаральна 17 верасня 1939 года на першым вольным мітынгу Серафіма выбіраюць старшынёй Часовага валаснога сялянскага камітэта ў вёсцы Дзярэчын. Але НКУС «убачыў» у асобе Татарына замаскіраванага класавага ворага. І 11 кастрычніка 1939 года органы НКУС яго арыштавалі як «польскага шпіёна» і за тое, што ён працаваў у контррэвалюцыйных арганізацыях — БСРГ, ТБШ, «Змаганні», і прыгаварылі да 10 гадоў ППК. Ён быў этапаваны ў Іўдэльскі канцлагер НКУС Свярдлоўскай вобласці Расіі. А 13 красавіка 1940 года арыштавалі ўсю сям’ю (жонку і траіх дзяцей) і вывезлі на поўнач Казахстана. Умовы жыцця там былі даволі складаныя: клімат улетку сухі, спякотны, зімою — вялікія маразы, завеі. Працавалі шмат, заробкі былі мізэрныя, на дзень атрымлівалі толькі па два вядры вады.

Праз год сям’ю Татарына перавезлі ў Кустанайскую вобласць на будаўніцтва чыгункі. Працавалі ў кар’еры, капалі і ссыпалі зямлю. Там адпрацавалі тры гады. І ў 1945 года жонку і дзяцей Серафіма Татарына перавезлі ў Кіеў, адкуль іх забраў сам Серафім Татарын, які ўжо быў вызвалены з лагераў, ваяваў на фронце, атрымаў раненне. Але пасля вайны знайшоў сям’ю і забраў усіх на Зэльвеншчыну.

Пасляваеннае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Пасля адкрыцця пачатковай школы ў роднай вёсцы Вострава Татарын уладкаваўся туды настаўнікам. Пасля арганізацыі калгаса «Радзіма» ў вёсцы Вострава адкрылася і пачала працаваць сямігадовая школа. У гэты час Серафім Лук’янавіч закончыў завочна педвучылішча і гістарычны факультэт настаўніцкага інстытута. 17 гадоў ён выкладаў у роднай школе гісторыю, і першы ўрок у кожным навучальным годзе ён прысвячаў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за лепшую долю. Разважаў заўсёды натхнёна, пераканаўча, цікава, быццам сваю біяграфію. Памёр Серафім Татарын у 1988 годзе. Рэабілітавалі яго ў 1956-м. У канцы 1990-х гадоў Пётр Марціноўскі (1932–2006) часта прыгадваў Серафіма Лук’янавіча Татарына: «Я добра ведаў гэтага простага і шчырага, гаваркога і няўрымслівага чалавека. Сустракаўся з ім у яго школе, на розных раённых нарадах, у кнігарні, у рэдакцыі раённай газеты «Праца», куды ён, як актыўны селькор, прыносіў свае артыкулы. Сваім багатым педагагічным вопытам ён шчыра дзяліўся з настаўнікамі на канферэнцыях і метадычных аб’яднаннях. А вечарамі чытаў лекцыі бацькам у клубах, сустракаўся з моладдзю. Яго дом у Востраве жыхары Зэльвеншчыны называлі ласкава Домам Серафіма. Ён часта казаў, што лёс у жыцці выпаў на яго долю нялёгкі, але з перакананнем заўсёды падкрэсліваў: «Але калі б давялося пачаць спачатку — я не збочыў бы з абранага беларускага шляху…»

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]