Скрэбні, скрэбені, калючагаловыя чэрві, або акантацэфалы[1] (Acanthocephala) — тып (існуюць іншыя класіфікацыі[2]) паразітычных беспазваночных. Апісана каля 750 відаў скрэбняў, у Беларусі 11 відаў.
Цела (даўжыня 1—65 см) двухбакова сіметрычнае, верацёнападобнае, укрыта кутыкулай, у некаторых відаў з шыпікамі. Пярэдні канец цела ператвораны у спецыялізаваны орган прымацавання — хабаток з хіцінавымі кручкамі.
Дарослыя стадыі жывуць у кішэчніку пазваночных, лічынкі — у поласці цела водных беспазваночных (напрыклад, бакаплавы).
Стрававальнай, крывяноснай і дыхальнай сістэм няма. Жыўленне ажыццяўляецца асматычным шляхам. Выдзяляльная сістэма протанефрыдыяльнага тыпу, нервовая складаецца з галаўнога ганглія і парных прадаўгаватых ствалоў.
Раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозай і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — ракападобныя, малюскі і насякомыя. У цыкле развіцця некаторых відаў скрэбняў удзельнічаюць і рэзервуарныя гаспадары (пазваночныя жывелы).
Меркушова І.Скрэбні, скрэбені // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
Скрэбні, скрэбені, калючагаловыя чэрві, акантоцэфалы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 475. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).