Слова (твор)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Слова — твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання; жанр старажытнай пісьменнасці. Блізкае да казання, але больш шырокае па значэнні. Паводле зместу, накіраванасці і агульнага характару словы падзяляліся на свецкія і царкоўна-рэлігійныя. Сярод апошніх вылучаліся ўрачыста-панегірычныя і павучальна-дыдактычныя.

У старажытнарускай і беларускай літаратуры словам называлі творы розных жанраў: легендарнае паданне «Слова пра Меркурыя Смаленскага», апакрыфічнае «Слова пра Адама і Еву», агіяграфічнае «Слова пра жыццё і смерць вялікага князя Дзімітрыя Іванавіча», перакладная аповесць «Слова пра Іасафа царэвіча». Выдатны помнік старажытнай літаратуры ўсходніх славян, у якім спалучаны асаблівасці апавядальнай прозы і гістарычнай песні, — «Слова аб паходзе Ігаравым». Арыгінальнасцю, багаццем вобразна-паэтычнай мовы, лірызмам вызначаліся словы Кірылы Тураўскага.

У XVIXVII стагоддзях словы царкоўна-рэлігійнага характару сталі важным сродкам вострай ідэалагічнай барацьбы, набылі некаторыя асаблівасці палемічнай літаратуры (словы-казанні Л. Карповіча, І. Пацея, М. Сматрыцкага). Актуальныя праблемы грамадска-палітычнага жыцця краіны закраналіся ў свецкіх словах (прамовы Р. Хадкевіча, Л. Сапегі, «Прамова Мялешкі»).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]