Перайсці да зместу

Лявонцій Карповіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Л. Карповіч)
Лявонцій Карповіч
Дата нараджэння 8 красавіка 1580(1580-04-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 24 верасня 1620(1620-09-24) (40 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці рэлігійны дзеяч, публіцыст, багаслоў
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Пахвала Сматрыцкага Карповічу

Лявонцій Карповіч (свецкае імя Лонгін, Логвін; 8 красавіка 1580, Пінскі павет — 24 верасня 1620, Вільня) — беларускі праваслаўны дзеяч, пісьменнік; адзін з пачынальнікаў сістэматычнага багаслоўя[1][2].

Стваральнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага праваслаўнага манастыра Святога Духа; кіраўнік брацкай друкарні, рэфарматар і рэктар брацкай школы[2]. Кананізаваны Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой[3] і Беларускай Праваслаўнай Царквой[4].

Паходзіў з Карповічаў Кіеўскіх, шляхцічаў, якім у ХV стагоддзі за верную службу князі аддалі ў валоданне востраў Асоў на Піншчыне[3]. Нарадзіўся ў сям’і святара. Быў, відаць, малодшым сынам Міхаіла Фёдаравіча Карповіча, пратапопа пінскай замкавай царквы Св. Дзімітрыя. Дакладна невядома, дзе навучаўся. Паводле Л. В. Ляўшуна, найбольш верагодна, што спачатку — у школе пры Пінскім Ляшчынскім манастыры, а потым — у школе Віленскага праваслаўнага брацтва пры Свята-Троіцкай царкве[5]. Малады Лонгін у канцы ХVІ стагоддзя прыехаў з Піншчыны да свайго сваяка Яна Карповіча, правадзейнага член віленскага праваслаўнага Брацтва; апякун аддаў хлопчыка ў Брацкую школу і па меры сіл дапамагаў яму[3]. Зрэшты, некаторыя даследчыкі пазначаюць месцам навучання Астрожскую акадэмію[6][7].

Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва. Прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве новага брацкага храма Святога Духа, які ўзводзіўся на прыватным участку князёў Валовічаў ля Вострай брамы. Па даручэнні брацтва займаў пасаду «строителя церковного албо вытрикуша». У 1590-я працаваў у брацкай друкарні пад кіраўніцтвам С. Зізанія, выдаваў кнігі на карысць праваслаўнага жыхарства Літвы. Дасягнуўшы паўналецця (каля 1598), быў прызначаны «слугой і пісарам» брацкім, выконваў пасольска-дэпутацкія даручэнні брацтва на соймах, узначаліў брацкую друкарню, замяніўшы на гэтай пасадзе С. Зізанія (стаў карэктарам і галоўным тыпографам, які адказваў за адбор матэрыялаў для друку). Разам з тым служыў панамаром і шпітальным дазорцам, выкладаў у брацкай школе[5].

У студзені 1609 выехаў адным з брацкіх паслоў на Варшаўскі сойм. Паводле Л. Ляўшуна, неўзабаве пасля гэтай паездкі, на працягу другой паловы 1609 — пачатку 1610 прыняў манаскі пострыг з імем Лявонта (Лявонція)[3][8], пасля быў пасвечан у святары Свята-Духавай царквы, а праз некаторы час быў узведзен у сан архімандрыта і стаў, такім чынам, паўнамоцным кіраўніком новага брацкага манастыра[5].

6 мая 1610 г. за выданне супрацьуніяцкага твора М. Сматрыцкага «Фрынас» («Трэнас») кароль Жыгімонт III Ваза, між іншага, загадаў «карэктара Логвіна Карповіча» затрымаць у ратушы ці ў якой турме да асобага каралеўскага распараджэння. Зрэшты, архімандрыт Лявонцій быў арыштаваны раней за каралеўскі загад: у Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 годзe ў брацкай друкарні адбыўся вобыск[8], пры якім схапілі «главного типографа братского, слугу и писаря Лонгина Карповича»[5]. Нягледзячы на ўзычаныя пінскаю шляхтаю каралю сведчанні, што Карповіч як чалавек шляхецкага паходжання, не можа быць зняволены, архімандрыт не быў адпушчаны[7]. Адбываў турэмнае зняволенне на працягу двух гадоў[7]. Як сведчыць М. Сматрыцкі, архімандрыт Лявонцій «был насмеван для веры православной, лжен, безчещен, шарпан от суду до суду, з турмы до турмы», так што яму «срогим а окрутным темничным вязнем мордованому на кожны день… бедне умирати приходило»[5]. Паводле некаторых звестак, яго прымушалі адрачыся праваслаўя і перайсці ў унію[8]. М. Сматрыцкі сведчыў, што вязень «праўды евангельскай аніяк не здрадзіў» і быў «цвярдзей за дыямент»[3]. Пасля двухгадовых здзекаванняў і катаванняў быў адпушчаны пасля Вялікдня 1612 года[3], імаверна, пры хадайніцтве буйных магнатаў: Валовічаў, Карэцкіх, Агінскіх і інш.[5]

Паводле некаторых звестак, прыняў манаскі пострыг толькі пасля адбывання зняволення[8]. Пасля вызвалення з турмы архімандрыт Лявонцій робіцца таксама і рэктарам брацкай школы. Пад яго кіраўніцтвам у 16131617 гг. узводзіцца новы мураваны школьны будынак, а сама школа рэфармуецца: у ёй ствараюцца пяць асобных класаў. Архімандрыт усталяваў у манастыры кінавійны (агульнажыццёвы) чын адпаведна статуту Св. Васілія Вялікага, для чаго склаў і выдаў «Кінавіён» (1618). Пры Лявонцію Карповічу Віленскае Свята-Духава праваслаўнае брацтва і яго манастыр сталі асновай цэлай сеткі праваслаўных брацтваў і манастыроў, брацкая друкарня зрабілася буйным выдавецкім цэнтрам праваслаўных, а школа — вядомай навучальнай установай. Паводле сведчанняў сучаснікаў, «церковь… Виленскую, в побожности овоцы почасти зазяблую… зрядил, благодатию Христовою, способну и выдал урожайну и плодовиту», «през проклятое отступство ўпалую Церкви нашея Руской святыню щасливе поднести зезволил»[5].

З брацкай друкарні выходзяць наступныя манастырскія выданні, якія друкаваліся ў Еўі і ў Вільні: Гадзінаслоў (Еўе, 1612 г.), Анфалогіён, або абраныя малітвы (Еўе, 1613 г.), Малітвы паўсядзённыя (Еўе, 1615 г.), Евангелле настаўніцкае (Еўе, 1616 г.), Малітоўнік (Вільня, 1617 г.), Служэбнік (Вільня, 1617 г.), Кінавіён (Еўе, 1618 г.), Трэбнік (Вільня, 1618 г.), Чытанка славянскай мовы (Еўе, 1618 г.), «„Граматыка славенская“ Мялеція Сматрыцкага» (Еўе, 1619 г.)[3].

У 1613 пасля смерці мітрапаліта І. Пацея, праваслаўнымі Вялікага Княства Літоўскага выбіраюць архімандрыта Лявонція епіскапам-«намінантам» Уладзімірскім і Брэсцкім (афіцыйная хіратонія не магла адбыццца праз забарону караля Рэчы Паспалітай Праваслаўнай царкве мець зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхам)[5]. У адказ на выстаўленне архімандрыта Лявонція, у 1614 пінскі ўніяцкі епіскап Паісій Сухоўскі і Іасафат Кунцэвіч, што наведалі ўжо ўніяцкі Свята-Троіцкі манастыр, ледзь не забілі архімандрыта Лявонція, кідаючы ў яго цаглінамі[5]. Аправіўшыся, Лявонцій Карповіч працягнуў сваё служэнне: восенню 1615 падрыхтаваў да друку прамоўленыя ім нядаўна казанні — «На Ператварэнне Гасподне» і «На Успенне Найсвятой Багародзіцы».

У 1620 годзе Вялікае Княства Літоўскае наведаў Іерусалімскі патрыярх Феафан, які збіраўся пасвяціць для Праваслаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох епіскапаў. Аднак, хвароба не дазваляе Лявонцію паехаць у Кіеў на епіскапскую хіратонію.

Тытульны аркуш «Ляманта на смерць Л. Карповіча» (Вільня, 1620)

Памёр 24 верасня (4 кастрычніка паводле н. ст.) 1620 года. Яго астанкі былі пакладзена ў Свята-Духавай царкве, а пасля пабудовы мураванага храма перанесены туды. Архіепіскап Мялецій (Сматрыцкі) здзейсніў адпяванне прападобнага Лявонція 2 лістапада 1620 г[8].

Лявонцій лічыўся адукаваным чалавекам, валодаў некалькімі мовамі: польскай, грэчаскай, латынню, царкоўнаславянскай, рускай. Ён пакінуў значную літаратурную спадчыну — казанні на Праабражэнне, Успенне, у нядзелю перад Ражаством, пасланні на Афон і ў Львоў, надгробнае слова Васілію Галіцыну, прадмовы да прац манаха Фікарыя і Яна Залатавуста.

У 1620 годзе на смерць Лявонція, па ўсёй верагоднасці Мялеціем Сматрыцкім, быў складзены найбуйнейшы паэтычны твор, напісаны ў Вялікім Княстве Літоўскім на старабеларускай мове — «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (аг.-усх.-слав.: Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого а в обои добродетели богатого мужа, в бозе велебного господина отца Леонтиа Карповича)[2].

У першыя дзесяцігоддзі пасля смерці Лявонцій Карповіч ушаноўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім як святы, пра што сведчаць згадкі ў «Палінодыі» Захарыя Капысценскага (1621), у «Дыярыушы» Афанасія Філіповіча (1648). Аднак дакументальных сведчанняў афіцыйнай кананізацыі не захавалася, як не захаваліся ні жыціе архімандрыта Лявонція, ні службы яму, ні ікона, хоць апошняя відавочна была створана[5]. Пазней склаліся неспрыяльныя акалічнасці для шанавання архімандрыта Лявонція[8] і ўжо к канцу XVII ст., імя архімандрыта было забыта[5].

Архімандрыт Леанід (Кавелін) у канцы XIX стагоддзя засведчыў шанаванне Лявонція ў асобных епархіях[9]. У канцы 1940-х кананізаваны Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой[3].

Камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2009 годзе было даручана скласці праект жыція архімандрыта Лявонція, а таксама правесці іншую працу. 4 красавіка 2011 быў прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы[10].

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  2. а б в Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVIII стст. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мінск: Беларуская навука, 2011. — С. 14—15. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9.
  3. а б в г д е ё ж СЁНЬНЯ 430 ГАДОЎ ЗЬ ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ АРХІМАНДРЫТА ВІЛЕНСКАГА СЬВЯТА–ДУХАЎСКАГА МАНАСТЫРА – ЗВЫШГОДНАГА ЛЯВОНЦІЯ (КАРПОВІЧА). Беларуская аўтакефалія (11 жніўня 2012).
  4. 4 апреля 2011 г. в столичном Доме милосердия прихода Всех Святых г. Минска под председательством Митрополита Минского и Слуцкого, Патриаршего Экзарха всея Беларуси Филарета состоялось заседание Святого Синода Белорусской Православной Церкви (руск.)
  5. а б в г д е ё ж з і к Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 565—571
  6. Карповіч Лявонцій // Спадчына
  7. а б в Лявонцій Карповіч, архімандрыт Віленскага Свята-Духава манастыра (11 жніўня 2012).
  8. а б в г д е Свят. Сяргей Гардун. Жыццяпіс Лявонція (Карповіча), Віленскага архімандрыта. churchby.info (11 жніўня 2012).
  9. Святые Западной России (руск.)
  10. Чын праслаўлення новага беларускага святога пройдзе ў мінскім Петрапаўлаўскім саборы 15 мая