Слуцкі дзяцінец

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крэпасць
Слуцкі дзяцінец

Слуцкі дзяцінец — умацаваная цэнтральная частка старажытнарускага Случаска, цяперашняга Слуцка.

Першае летапіснае згадванне пра горад як пра крэпасць на паўночных рубяжах Тураўскага княства адносіцца да 1116 года, калі яго спаліў менскі князь Глеб Усяславіч. Пасля тут узніклі новыя драўляныя ўмацаванні. У эпоху Вялікага Княства Літоўскага на месцы старажытнарускага дзяцінца пад 1409 годам упершыню згадваецца новы драўляны замак (Верхні замак), на месцы вакольнага горада ўзнікае Ніжні замак. У пачатку XVI стагоддзя слуцкія ўмацаванні вытрымалі некалькі нападаў крымскіх татараў, а таксама аблогу з боку войск мяцежнага князя Міхаіла Глінскага. Сёння на месцы дзяцінца знаходзіцца Дом культуры.

Дзяцінец размяшчаўся на авальным пагорку плошчай 80х100 м, абароненым з захаду і поўдня рэкамі Бычок і Случ. Іншая ўмацаваная пляцоўка з’яўлялася вакольным горадам плошчай у 0,8 га. Ён прымыкаў да дзяцінца з паўднёва-ўсходняга боку і быў аддзелены ровам.

Слуцкі дзяцінец быў абнесены магутным валам, шырыня якога ў аснове была больш за 20 метраў, вышыня — каля 6 метраў. Па грэбні вала ішоў частакол з дубовых бярвёнаў, а перад валам размяшчаўся роў глыбінёй да 2 і шырынёй каля 25 метраў, які злучаўся з ракой Бычок, у той час яшчэ паўнаводнай. Увайсці ў дзяцінец можна было толькі праз браму. Меўся каменны храм XII стагоддзя, пабудаваны з тонкай цэглы (плінфы) і вапняковых пліт. Таксама тут знаходзіўся церам удзельных князёў Слуцкага княства.

Дзяцінец Слуцка абследавалі С. А. Дубінскі, А. М. Ляўданскі, Э. М. Загарульскі, П. Ф. Лысенка і іншыя. Культурны пласт складае да 4 м і часткова захаваў прадметы арганічнага паходжання. Выяўлены драўляныя пабудовы, насцілы вуліц, частаколы. Знойдзены жалезныя нажы, ключы, замкі, шарнірныя нажніцы, частка сашніка, косы, пісала, абломкі шкляных бранзалетаў, шыферныя прасліцы, двухбаковыя драўляныя грабяні. Мяркуючы па кераміцы і іншых знаходках, паселішча ў Слуцку ўзнікла на мяжы XI—XII стагоддзяў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Куза А. В. Древнерусские городища X–XIII вв. Свод археологических памятников / Ред. А. К. Зайцев. Российский гуманитарный научный фонд.. — М.: Христианское издательство, 1996. — С. 96—97.
  • Слуцк // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.