Спалецкае герцагства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герцагства
Спалецкае герцагства
лац.: Ducatus Spolitanorum
італ.: Ducato di Spoleto
Італія ў 1000 годзе
Італія ў 1000 годзе
570 і 842 — 776 і 1201

Сталіца Спалета
Мова(ы) італьянская
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спалецкае герцагства — феадальная дзяржава са сталіцай у Спалета, якая існавала ў Цэнтральнай Італіі ў 570776 і 8421201 гадах, пасля чаго ўвайшла ў склад Папскай вобласці.

Лангабардская дзяржава[правіць | правіць зыходнік]

У 568 годзе ў Італію ўварваліся лангабарды і заваявалі яе. Іх дзяржава была кангламератам герцагстваў, якія знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад караля, двор якога з 572 года знаходзіўся ў Павіі. У 570 годзе лангабарды захапілі Спалета. Аднак пасля смерці караля Альбаіна, яшчэ пры жыцці яго слабога спадчынніка Клефа, герцагствы, асабліва ў Паўднёвай Італіі, сталі абвяшчаць сябе незалежнымі ад караля. Да 575 ці 576 годзе адзін з правадыроў лангабардаў Фараальд заваяваў Нурсію і Спалета, і заснаваў самастойнае герцагства. Фараальд аднавіў абарончыя збудаванні горада, разбураныя ў час візантыйска-гоцкіх войнаў Тотылам.

Герцагі Спалета вялі няспынную вайну з Равенскім экзархатам, які быў падпарадкаваны Візантыі, перыядычна пашыраючы сваю тэрыторыю за кошт зямель Умбрыі, Лацыа, Абруцы і Анконскай маркі і страчваючы свае заваяванні.

Другі герцаг Спалета Арыульф ваяваў з Візантыяй, здзейсніўшы ваенныя паходы супраць Равены (579—592) і Рыма (592).

Яго пераемнік Тэадэлап, сын Фараальда, пачаў будаваць Спалецкі сабор. У Спалета ўжо з IV стагоддзя была біскупская кафедра.

Пасля яго кіравалі герцагі Ато (653—663), Тразімунд I (663—703) і Фараальд II (703—724). Апошні напаў на Класіс, порт Равены, і спаліў яго, хоць пазней па загадзе караля лангабардаў Ліўтпранда вымушаны быў аднавіць яго.

У 724 годзе Фараальд быў скінуты сваім сынам Тразімундам II, які ў процівагу Ліўтпранду заключыў саюз з Папам Грыгорыем III. Папа ж і даў яму прытулак у 738 годзе, калі Ліўтпранд выйграў вайну, захапіўшы Спалета і прызначыўшы герцагам Хільдэрыка. У 740 годзе Тразімунду ўдалося забіць Хільдэрыка, але ў 742 годзе ён быў вымушаны Ліўтпрандам сысці ў манастыр, а новым герцагам быў прызначаны Агіпранд.

Кароль Ліўтпранд памёр у 744 годзе, забяспечыўшы залежнасць Спалета ад Павіі, так што далейшая змена ўлады не ўяўляла праблем для ламбардскіх каралёў. У VIII стагоддзі тры герцагі Спалета былі каралямі, што паказвае цесную сувязь паміж Спалета і Павіяй.

Імперскі феод[правіць | правіць зыходнік]

У 776 годзе, праз два гады пасля Павіі, Спалета здаўся войскам Карла Вялікага, які фармальна стаў ламбардскім каралём. Тэрыторыя герцагства была перададзена царкве, але Карл захаваў за сабой права прызначаць герцагаў.

У 842 годзе герцагства было адноўлена франкамі для абароны памежнай тэрыторыі Франкскай дзяржавы[1]. Спалета кіраваў залежны ад франкаў маркграф.

Герцаг Гвіда I з дынастыі Гвіданідаў у 859 годзе падзяліў герцагства паміж двума сваімі сынамі, Ламбертам II і Гвіда III, пры гэтым апошні стаў кіраўніком незалежнага маркграфства Камерына. Ламберт вымушаны быў адбіваць атакі сарацынаў з Барыйскага эмірата і візантыйцаў. У 871 годзе ён быў скінуты, у 876 годзе вярнуўся на трон, а ў 880 годзе адлучаны ад царквы Папам Іаанам VIII. Пасля гэтага яго брат аб’яднаў дзве часткі былога герцагства пад сваім кіраваннем. З тых часоў дзяржава была вядома як герцагства Спалета і Камерына.

Пасля смерці Карла Тоўстага Папа Стэфан V каранаваў Гвіда III каралём Італіі і імператарам Захаду. У наступным годзе Папа Фармоз каранаваў яго сына Ламберта III, таксама спалецкага герцага, які стаў суправіцелем Гвіда.

Спалецкія герцагі працягвалі ўмешвацца ў справы Рыма. Так, герцаг Камерына, а пасля і герцаг Спалета, Альберых I, ажаніўся з рымлянкай Марозіяй, палюбоўніцай Папы Сергія III, і паспрабаваў захапіць уладу над Рымам, але быў забіты ў 924 годзе.

У 939 годзе Берэнгар II, імператар і кароль Італіі, ізноў вылучыў Спалета як маркграфства, але пазней імператар Атон I перадаў большую частку зямель герцагства Рыму. Герцагства ўсё больш і больш станавілася разменнай манетай для імператараў.

У 967 годзе Атон II Руды на кароткі час аб’яднаў Спалета, Беневента і Капую, і прызначыў князя Беневента Пандульфа I герцагам Спалета. Пасля смерці Пандульфа ў 989 годзе ён перадаў Спалета маркграфу Тасканы Гуга Вялікаму. Герцагства зноў было аб’яднана з Тасканай у 1057 годзе латарынгскім герцагам Годфрыдам Барадатым, які ажаніўся з удавой спалецкага герцага Беатрысай.

У час Барацьбы за інвестытуру спалецкіх герцагаў прызначаў імператар Генрых IV, а затым маркграфства перайшло да сямейства Урслінген, маркграфаў Анконы.

У 1155 годзе горад быў разбураны імператарам Фрыдрыхам Барбаросай, але хутка адноўлены.

У 1158 годзе імператар перадаў герцагства тасканскаму маркграфу Вельфу VI, а Генрых VI прызначыў герцагам Конрада Урслінгена.

У 1201 годзе імператар Атон IV падарыў Спалета Папу Рымскаму, і з 1213 года горад кіраваўся губернатарам (звычайна ў рангу кардынала), непасрэдна падпарадкаваным папу.

Іншыя землі герцагства адышлі да Неапалітанскага каралеўства. Каралі Савойскай дынастыі насілі тытул Спалецкіх герцагаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Грегоровиус Ф. История города Рима в Средние века. — С. 379—380.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]