Альбаін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Альбаін
лац.: Alboin
Альбаін
Забойства Альбаіна, караля лангабардаў.
Карціна Чарльза Ландсіра (1859)
кароль лангабардаў
566 — 572/573
Папярэднік: Аўдаін
Пераемнік: Клеф
 
Дзейнасць: суверэн
Нараджэнне: каля 526
невядома
Смерць: 28 чэрвеня 572 ці 573
Верона, правінцыя Верона[d], Венета, Італія
Пахаванне: Верона
Бацька: Аўдаін
Маці: Rodelinda[d]
Жонка: 1-ы шлюб: Хладазінда
2-і шлюб: Разамунда
Дзеці: дачка

Альбаін (лац.: Alboin; каля 526 — 28 чэрвеня 572 ці 573) — кароль лангабардаў з 566 года[1], заснавальнік і першы кіраўнік каралеўствы лангабардаў у Італіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак кіравання[правіць | правіць зыходнік]

Альбаін быў сынам караля лангабардаў Аўдаіна і Радэлінды. Паводле легенд, род Альбаіна называўся Гаўсіс[2], які некаторыя даследчыкі атаясамляюць з старажытна-германскім племем гаўтаў. Альбаін атрымаў у спадчыну трон свайго бацькі паміж 560 і 566 годамі. Найбольш верагоднай датай пачатку кіравання Альбаіна з'яўляецца апошняя дата. Тым часам лангабарды былі федэратамі Візантыйскай імперыі і жылі ў раёне рэк Дравы і Дуная. У 567 годзе кароль Альбаін перамог у саюзе з аварамі гепідаў і забіў іх караля Кунімунда.

Падрыхтоўка да паходу ў Італію[правіць | правіць зыходнік]

Авары на той момант уяўлялі найбольш магутную сілу ў землях на правым беразе Дуная. Асцерагаючыся, што авары могуць абвясціць вайну і сваім саюзнікам лангабардам, Альбаін прыняў рашэнне перасяліць свой народ у Італію, дзе ўлада Візантыі пасля Гоцкіх войнаў яшчэ не дастаткова ўмацавалася. Паводле звестак сярэдневяковых храністаў, якія падвяргаюцца сумневу некаторымі сучаснымі гісторыкамі, лангабардаў паклікаў у Італію палкаводзец Нарсес, які хацеў стаць незалежным ад улады візантыйскага імператара кіраўніком. Кароль Альбаін заключыў пагадненне з аварамі, паводле якога лангабарды пакідалі аварам свае землі ў Паноніі. Перасяленне лангабардаў пачалося 2 красавіка 568 года. Разам з імі ў Італію таксама прыйшлі заваяваныя лангабардамі гепіды, аланы, свевы і саюзнікі Альбаіна — саксы.

Італія на момант смерці Альбаіна. Бірузовым колерам вылучаны ўладанні лангабардаў.

Уварванне ў Італію[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Марыя Аваншскага, уступленне лангабардаў у Італію адбылося 20 ці 21 верасня 569 года. За кароткі час лангабарды заваявалі амаль усю паўночную і сярэднюю Італію, гэта значыць тыя часткі Італіі, якія былі незадоўга перад тым спустошаны Юстыніянам I у барацьбе супраць остготаў. Незаваяванымі засталіся толькі Рым, Равена і амаль усе прыбярэжныя гарады. У горадзе Фрыўлі Альбаін заснаваў першае на тэрыторыі Італіі лангабардскае княства — Фрыульскае герцагства — і прызначыў тут кіраўніком свайго пляменніка Гізульфа. У 571 годзе лангабарды заснавалі яшчэ адно герцагства — Беневент.

У 569 годзе лангабардам таксама здалася Верона, у выніку чаго лангабарды атрымалі ў сваё распараджэнне тэрыторыі аж да Трыента, і быў захоплены Мілан (біскуп, які кіраваў горадам, бег). Гарады, якія аказвалі лангабардам супраціўленне, былі разрабаваны, у той час як тыя гарады, якія прызнавалі над сабой уладу лангабардаў (напрыклад, Трэвіза і Вічэнца), заставаліся ў недатыкальнасці. У цэлым заваяванне Італіі лангабардамі было больш спусташальным, чым заваяванне Італіі остготамі, якія даволі хутка перанялі рымскія парадкі. У пачатку 572 года пасля трохгадовай аблогі пала Павія, аднак яна адзіная, з гарадоў, што супрацьстаялі лангабардам, не была разбурана, як лічылі сярэдневяковыя храністы, толькі дзякуючы боскаму заступніцтву. З цягам часу гэты горад набыў найважнейшае значэнне і стаў сталіцай каралеўства. Лангабарды не жылі ў гарадах, а рассяляліся па сельскай мясцовасці радавымі абшчынамі.

Гібель Альбаіна[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ перад узыходжаннем на трон, Альбаін узяў у жонкі Хладазінду, дачку франкскага караля Хлотара I. Аднак яна памерла каля 567 года. Яго наступнай жонкай стала Разамунда, дачка забітага ім караля гепідаў Кунімунда. Паводле сведчанняў крыніц, 28 чэрвеня 572 ці ў пачатку 573 года Альбаін паў ахвярай змовы, арганізаванай у Вероне Разамундай, якая жадала адпомсціць свайму мужу за забойства свайго бацькі.

Адной з найважнейшых крыніц (хоць і не заўсёды надзейнай) па гісторыі лангабардаў з'яўляецца Historia Langobardorum Паўла Дыякана. У прыватнасці, там можна знайсці падрабязнасці змовы Разамунды, верагодна перабольшаныя фантазіяй аўтара:

" Забіўшы бацьку Разамунды, Альбаін загадаў зрабіць з яго чэрапа кубак. І неяк раз нанёс смяротную крыўду Разамундзе, прымусіўшы яе піць з чэрапа ўласнага бацькі. Вырашыўшы адпомсціць, Разамунда звярнулася да каралеўскага дружынніка Хелмегіса, які быў, верагодна, яе палюбоўнікам. Аднак той пабаяўся дзейнічаць у адзіночку і прапанаваў узяць у дапамогу Перэдэа, вельмі моцнага чалавека. Перэдэа адмовіўся дапамагаць змоўшчыкам, але, аднак, наступнай ноччу па памылцы пераспаў з Разамундай, прыняўшы яе за сваю дзяўчыну. Даведаўшыся пра сваю памылку, ён пагадзіўся ўдзельнічаць у змове, асцерагаючыся гневу караля. На наступны дзень Разамунда загадала ва ўсім палацы захоўваць цішыню ў час пасляабедзеннага сну Альбаіна. І, калі той заснуў, прывязала яго меч да ложка і ўпусціла забойцаў. Калі Альбаін прачнуўся і ўбачыў забойцаў, ён схапіўся за меч, але не змог яго выхапіць, таму што Разамунда трывала прывязала меч да ложка. Ён спрабаваў абараніцца лавачкай для ног, але сілы былі не роўнымі і ён быў забіты. Альбаін быў пахаваны ў сваім палацы і лангабарды аплаквалі яго смерць. "

У хроніцы Сігеберта з Жамблу прыводзіцца аналагічны ўрывак, з указаннем міфалагічнай прамовы Альбаіна:

" Альбаін, кароль лангабардаў, быў забіты сваім збраяносцам у выніку інтрыг сваёй жонкі, бацьку якой, Кунімунда, караля гепідаў, ён некалі забіў у бітве, а з яго чэрапа зрабіў сабе чашу для пітва. Калі ён, аднойчы, працягнуў ёй гэту чашу са словамі: «Выпі разам са сваім бацькам», жанчына загарэлася гневам і зрабіла так, што ён быў забіты ў ложку ўласным збраяносцам. "

Спадчыннікам Альбаіна на троне Каралеўства лангабардаў стаў Клеф. Падзел Італіі на лангабардскую поўнач, дзе была моцная ўлада караля, на сярэднюю Італію, дзе ўзніклі некалькі паў-незалежных герцагстваў, і на падпарадкаваны Візантыі поўдзень, які ўзнік яшчэ пры жыцці Альбаіна і канчаткова замацаваўся неўзабаве пасля яго смерці, захоўваўся аж да XIX стагоддзя.

Памятная дошка з імем Альбаіна знаходзіцца ў Вальгале каля Рэгенсбурга.

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

У 1962 годзе ў Італіі Карлам Карпагаліяні(італ.) бел. быў зняты фільм пад назвай «Разамунда і Альбаін». Рэжысёр канцэнтруе сваю ўвагу на ўзаемаадносінах Альбаіна з гепідамі і з Разамундай. У фільме бралі ўдзел акцёры Джэк Паланс, Элеанора Росі Драга, Гай Мэдысан і іншыя.

У ранняй рэдакцыі фэнтэзійнага рамана «Страчаны шлях і іншыя гісторыі» Дж. Р. Р. Толкін хацеў выкарыстаць у якасці галоўнага персанажа фігуру Альбаіна.

Зноскі

  1. Дакладная дата пачатку кіравання Альбаіна не пастаўлена. Апошняя згадка пра бацьку Альбаіна, караля Аўдаіна, адносіцца да 550-х гадоў. У розных крыніцах згадваюцца розныя даты смерці Аўдаіна: 560, 563 і 566 гады. Дакладна вядома толькі тое, што да моманту разгрому лангабардамі каралеўства гепідаў, іх каралём ужо быў Альбаін.
  2. Эдикт короля Ротари // Законы лангобардов. Обычное право древнегерманского племени. (К раннему этногенезу итальянцев). — М.: Наука, 1992.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]