Старэнне металаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Старэ́нне мета́лаў[1] — змена механічных, фізічных, хімічных уласцівасцей металаў і іх сплаваў, абумоўленае тэрмадынамічнай неўраўнаважаннасцю зыходнага стану і паступовым набліжэннем структуры да раўнаважнага стану ва ўмовах дастатковай дыфузнай рухомасці атамаў.

Адбываецца ў звычайных умовах (натуральнае старэнне) або пры награванні (штучнае старэнне). Асноўны працэс — распад перанасычанага цвёрдага раствору, які звычайна атрымліваецца пры загартоўцы і суправаджаецца павышэннем трываласці, каэрцытыўнай сілы, электраправоднасці, зніжэннем пластычнасці і ўдарнай вязкасці[1]. Да працэсу старэння дадаецца дэградацыя павярхоўнага пласта за кошт зносу, карозіі і інш.[2]

Штучнае старэнне металаў ужываецца для павышэння трываласці сталей і сплаваў на аснове алюмінію, медзі, тытану і інш., паляпшэння характарыстык магнітна-цвёрдых матэрыялаў. Дасягаецца пластычным дэфармаваннем, спецыяльнай тэрмічнай апрацоўкай, радыеактыўным абпрамяненнем, лазернай і ультрагукавой апрацоўкай.

Адмоўны ўплыў старэння металаў прадухіляецца больш дасканалай тэхналогіяй выплаўкі, легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай[1].

Зноскі

  1. а б в БелЭн 2002.
  2. СТАРЕ́НИЕ МЕТА́ЛЛОВ / Штремель М. А. // Социальное партнёрство — Телевидение. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2016. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-368-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]