Сядзібна-паркавы ансамбль Алешаў (Новаберажное)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзіба
Сядзібна-паркавы ансамбль Алешаў
Сядзібны дом
Сядзібны дом
52°00′41″ пн. ш. 26°59′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Пасёлак Новаберажное
Архітэктурны стыль Неаготыка
Дата пабудовы 1890 год
Будынкі
сядзіба • вінакурня • гаспадарчая пабудова • лядоўня
Map

Сядзібна-паркавы ансамбль Алешаў у Новаберажным — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры. Знаходзіцца ў пасёлку Новаберажное, на землях былога маёнтку Алешаў, які ў XIX стагоддзі аддзяліўся ад маёнтка Старое Беражное.

Сядзіба[правіць | правіць зыходнік]

Бровар

Сядзіба ў Нова-Беражным была збудавана ў канцы XIX стагоддзя. У плане яна мае форму выцягнутага прамавугольніка, але без выяўленай кампазіцыйнай восі. Сядзібны дом пабудаваны ў глыбіні парку, будынак прамавугольны, двухпавярховы. Дах чатырохсхільны, з люкарнамі. З паўночнага бакавога фасада маецца тамбур з вялікай тэрасай. З процілеглага, тыльнага боку, невысокая гранёная вежа з шатровым завяршэннем. Звонку сцены раздзеленыя па гарызанталі сціплымі паясамі і завершаны карнізам. Вокны паркавага фасада вялікія, амаль па ўсёй вышыні паверху, па форме яны з паўцыркульным і лучковым завяршэннем. Будынак прафесійна складзены з якаснай чырвонай цэглы. Сядзіба мае рысы неаготыкі.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Парк

У сядзібу праз сад вядзе грабавая алея з глогавым бардзюрам. Каля ўезда растуць старэючыя таполі канадскія «Marilandica». Дарога праходзіць паміж двума параўнальна шчыльнымі невялікімі масівамі рознага складу (клён, дуб, хвоя, елка, снежнаягаднік, спірэя, рабіннік), за якімі адкрываецца партэрны газон. Газон, аточаны дрэвастоем з маляўнічымі палянкамі, з'яўляецца асноўным кампазіцыйным элементам парка. Ён вялікі, асіметрычнай формы. Пры ўваходзе дрэвы пасаджаныя трохкутнікамі. У левым трохкутніку лістоўніца Кемпфер з доўгімі (да 12 метраў) бакавымі галінамі спалучаецца з ліпамі і цісам ягадным; у правым — лістоўніца расце з дзвюма елкамі. Маляўнічыя, асіметрычна размешчаныя драўняныя кулісы каля дома складаюцца з елак звычайных і елак калючых (левы і правы бок). Пад'езд да дома праходзіць пад полагам дубоў, адзіночных каштанаў і ліп, якія вянком ахопліваюць газон з левага боку.

У наш час уздоўж будынка сядзібнага дома высаджаны шэраг бяроз, якія парушаюць кампазіцыю і закрываюць фасад.

Парк сфармаваўся як пейзажны натуралістычны. Яго асаблівасцю з'яўляецца разнастайны склад насаджэнняў. 26 іншаземных відаў размеркаваны адзінкава, у складзе груп мясцовых дрэў па ўсім парку, нечакана з'яўляючыся нават у самых аддалёных месцах. Пад полагам высокіх старых адзіночных дубоў у паўднёва-ўсходнім драўняным масіве сустракаецца ліпа, конскі каштан, граб, елка, а таксама групы іншаземных відаў — лістоўніца Кемпфер, піхта аднаколерная, спірэя Біяра, хвоя чорная аўстрыйская. Другі масіў выцягнуты з правага боку газона. У масіве з граба, ліры, елкі, хвоі і бярозы сустракаюцца лістоўніца Кемпфер, конскі каштан, псеўдатсуга Мензіса, клёны «Purpurascens». Гэты масіў змяняецца невялікай утульнай палянай, на якой растуць адзінаццаць старых бяроз, узлесак аформлены трыма дубамі. З бярозамі пышна спалучаецца хвоя веймутава. Велічны салітэр вышынёй да 28 метраў, са ствалом у дыяметры больш за 1 метр. Парк сканчаецца дубравай злакавай, якая мае высокія дэкаратыўныя якасці. Гэта найбольш ціхая частка парку. У кутку насыпны пагорак, з'яўляецца месцам альтанкі. Тут устаноўлены лаўкі, высаджаны хосты. Сярод дубоў па краі гэтага масіва сустракаецца шмат рэдкіх відаў: тсуга канадская, бук, ліпа лямцавая, хвоя жосткая, піхта аднаколерная. Добрым ростам адрозніваецца хвоя чорная, адно з лепшых месцазнаходжанняў у Беларусі (10 дрэў).

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Каля сядзібы працуе вінны завод (былая вінакурня). Сядзіба захавалася ў ранейшых межах, дом на 2017 год у задавальняючым стане, але з кожным годам усё больш прыходзіць у занядбанне.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]