Сядзібна-паркавы комплекс Любанскіх (Варонча)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сядзіба ў Варончы, малюнак Н. Орды, 1876
Палац у Варончы, малюнак К. Памяноўскага, 1878

Варончанская сядзіба — сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Варонча ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі.

Сядзібу заклаў у 1787 апошні наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі. Панскі дом і два бакавыя флігелі стваралі парадны двор з круглымі газонамі. Архітэктурны комплекс маёнтку дапаўняўся касцёлам Св. Ганны, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі забудовамі і паркам.

Сам маёнтак — аднапавярховы прамавугольны драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам меў пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластыка даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордарнай сістэмай, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі прамавугольныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі вылучаныя дзвюма чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі, якія накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка складалася з вялікай залі, вітальні, гасцінай, кабінету і іншых памяшканняў (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаныя роспісам, кафлянымі печкамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпенняў.

Пасля смерці ваяводы ў 1814 яго сын Францішак Ксаверый Несялоўскі, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанні генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 прадала маёнтак Антону Мержаеўскаму.

Апошнімі ўладальнікамі Варончы былі Любанскія. Аляксандра Любанская выйшла замуж за Адама Чарноўскага.

Пад час Другой Сусветнай вайны 30 красавіка 1943 уладальнікі сядзібы (8 чалавек) былі забітыя савецкімі партызанамі. Сядзіба была спалена разам з касцёлам. У жывых партызаны пакінулі толькі сляпога сына Антонія Чарноўскага, які пасля вайны застаўся жыць у Варончы да сваёй смерці ў 1989. Яго вельмі любілі мясцовыя жыхары, бо ён быў добры музыкант.

Да сёння захаваліся бровар, касцёл і фрагменты парку. Ад колішняй сядзібы засталася толькі частка муру.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]