Аляксандр Янавіч Любанскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Янавіч Любанскі
Герб «Грымала»
Герб «Грымала»
Нараджэнне 1863(1863)
маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя
Смерць 9 чэрвеня 1932(1932-06-09)
маёнтак Варонча, Навагрудскі павет, Польшча
Месца пахавання
Род Любанскія
Бацька Ян Янавіч Любанскі (1820—1884)
Маці Аляксандра Юзафаўна Сулістроўская
Жонка Ізабэла (Ізабэла-Ганна) Янаўна Мержаеўская (1876—1943)
Дзеці 1) Антаніна-Аляксандра Аляксандраўна Любанская (10.08.1899—21.02.1980). 2) Аляксандра-Вольга Аляксандраўна Любанская (1894—30.04.1943). 3) Сафія Аляксандраўна Любанская. 4) Ян Аляксандравіч Любанскі (04.11.1894—28.01.1922)
Веравызнанне каталік
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Янавіч Любанскі (руск.: Александр Иванович Любанский; польск.: Aleksander Lubański) (1863, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя — 9 чэрвеня 1932, маёнтак Варонча, Навагрудскі павет, Польшча) — грамадскі дзеяч Расійскай імперыі і Беларусі, член палітычнага руху «краёўцаў»-кансерватараў, буйны землеўласнік і арганізатар сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці ў Беларусі, інвестар, мецэнат, філантроп. Надворны саветнік (1915). Апошні прыватны ўласнік Лошыцкай сядзібы і маёнтка (пад Мінскам).

Паходжанне і сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх гербу «Грымала», прадстаўнікі якога займалі розныя пасады ў Пінскім павеце ВКЛ і Віленскай і Мінскай губернях Расійскай Імперыі.

Нарадзіўся ў 1863 г. у родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская Імперыя) у дваранскай каталіцкай сям’і Яна Янавіча Любанскага (1820—1884) і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва пад імем «Аляксандр-Раман-Юзаф»[1][2].

У лютым 1892 г. у Вільні зрабіў заручыны[3], а пазней ажаніўся з дваранкай-каталічкай Ізабэлай-Ганнай Янаўнай Мержаеўскай (1876—1943), якая была дачкой Яна Антонавіча Мержаеўскага і Марыі Яўстахаўны Рдултоўскай — дачкі Яўстаха Казіміравіча Рдултоўскага (1824—1902) і Мальвіны Кунцэвіч.

Ад сваёй жонкі Аляксандр Янавіч Любанскі меў трох дачок-каталічак і сына:

  • Антаніна-Аляксандра Аляксандраўна Любанская (10.08.1899—21.02.1980). Муж: Генрык Дунін-Шастакоўскі (12.01.1890—31.05.1955).
  • Сафія Аляксандраўна Любанская. Мужы: 1) Раман Гарадыскі. 2) Тадэвуш-Антоні Фалевіч (1892—1971).
  • Ян Аляксандравіч Любанскі (04.11.1894—28.01.1922). Пахаваны на парафіяльных могілках у Варончы[4].
  • Аляксандра-Вольга Аляксандраўна Любанская (1894—30.04.1943). Муж: Адам Юзафавіч Чарноўскі (1879—1939/1941), дваранін-католік, уласнік маёнтка Шалпахоўка Уманьскага павета Кіеўскай губерні. Шлюб адбыўся ў Варшаве 28 красавіка 1914 г. пры прысутнасці бацькоў маладых, а сведкамі шлюбу сталі Юзаф-Алаіз Чарноўскі, уласнік маёнтка Камароўка Падольскай губерні, і Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939), «краёвец», дэпутат I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі (1906) ад Мінскай губерні, уласнік маёнтка Парэчча ў Пінскім павеце Мінскай губерні[1].

Матка Рамана Скірмунта Тэафілія Зянонаўна Любанская была стрыечнай сястрой Аляксандра Янавіча Любанскага.

У Аляксандра Любанскага меўся родны брат Яўстах Янавіч Любанскі (1859—пасля 1915), уладальнік Лошыцкага маёнтка (цяпер ускраіна Мінска), «краёвец», дэпутат I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі (1906) ад Мінскай губерні, адносіны з якім у Аляксандра былі вельмі прыязныя і ў якога ў Лошыцы не раз гасцяваў.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт[5].

Грамадская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Паступіў на службу (па дзіцячым прытулкам) 11 сакавіка (ст.ст.) 1893 г.[5]: у 1893—1915 гг. з’яўляўся ганаровым членам Імператарскага Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў[6], дзе шмат год быў ганаровым членам у тым ліку і яго брат Яўстах Янавіч Любанскі[7]. Атрымаў залачоны знак службы па дзіцячым прытулкам[8][9].

Будынак былога віленскага гатэля «St. Georges» (зараз «Grand Duke Palace», Вільнюс, Літва). Фота 2006 г.

У 1893 г. стаў адным з трох інвестараў (разам з архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім і інжынерам Ігнатам Парчэўскім) будаўніцтва ў 1893—1895 гг. самага шыкоўнага ў Вільні гатэля «St. Georges» (у цяпераўні час «Grand Duke Palace»)[10]. Для гэтых мэт інвестары ў тым ліку ўзялі значны крэдыт, які быў прадастаўлены Санкт-Пецярбургска-Тульскім пазямельным банкам[10]. Праз некалькі гадоў пасля адкрыцця гатэля Тадэвуш Раствароўскі і Аляксандр Любанскі прадалі свае долі, але пакінулі для сабе ў будынку апартаменты, якія мелі яшчэ з самага пачатку[10][11].

Упамінаецца, што ў 1894—1896 гг. быў у Вілейцы адным са старшынь Вілейскага грамадскага сходу[12]. Яўстах Любанскі з 1898 г. сваёй дзейнасцю быў больш звязаны з Мінскай губерняй, а яго брат Аляксандр Любанскі, хоць меў маёнтак і рабіў кар’еру ў Віленскай губерні, ніколі не парываў сувязі з Мінскай губерняй, з 1889 г. быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[13] і меў прыязныя адносіны з братам Яўстахам, у якога ў Лошыцы не раз гасцяваў[14].

Шмат год працаваў у Віленскім аддзяленні Дзяржаўнага банку Расійскай Імперыі: спачатку са снежня 1897 па 1912 г. членам камітэту па ўліку сола-вэксаляў землеўласнікаў, а пасля ў 1913—1915 гг. — членам улікова-пазыковага камітэту (секцыі па сельскагаспадарчым крэдытам) у Інспекцыі па справам дробнага крэдыту[15][16].

Як і бацька Ян Янавіч Любанскі (1820—1884), Аляксандр Любанскі быў з 1899 г. членам Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі (і адначасова членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі)[17]. Створанае ў 1884 г., Віленскае таварыства сельскай гаспадаркі ў 1890-ыя гг. па сутнасці прыпыніла сваё існаванне. Паводле мемуараў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага (1848—1932), адным з ініцыятараў аднаўлення з 20 лістапада (2 снежня) 1899 г. актыўнай дзейнасці таварыства быў Аляксандр Любанскі[18][19], які таксама быў у 1900—1906 гг. членам Рады гэтага таварыства[20][21].

10 снежня 1899 г. у Мінску Яўстах Любанскі на пасяджэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў выбраны членам у арганізацыйны камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі таварыства, якая адбылася ў Мінску ў 1901 г.[22] Знаходзіўшы карысным мець у сваім асяроддзі прадстаўнікоў ад усіх беларуска-літоўскіх губерняў, арганізацыйны камітэт пастанавіў павялічыць свой склад: у прыватнасці ад Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі быў кааптаваны ў якасці члена Аляксандр Любанскі[23]. Аляксандру Любанскаму ў 1901 г. на выстаўцы ў Мінску за прадстаўленыя экспанаты быў уручаны вялікі срэбраны медаль за галандскі сыр з Яхімоўшчыны, а яго жонцы Ізабэле — малы срэбраны медаль за вяндліну літоўскага гатунку і пахвальныя лісты за варэнне, а таксама за парэй і сельдэрэй[24]. Яўстах Любанскі за свае экспанаты з маёнтка Лошыца атрымаў два бронзавыя медалі (першы — за калекцыю бульбы для вінакурэння, другі — за цялушку галандскай пароды і жарабца ардэнскай пароды) і два пахвальныя лісты (за жарабіцу і за разнавіднасці ранета), а яго жонка Ядвіга — вялікі срэбраны медаль за пальмы і іншыя цяплічныя расліны з аранжарэі[25]. Акрамя таго, сам Аляксандр Любанскі ў час выстаўкі выступіў экспертам у камісіі па ацэнцы фабрычнай і тэхнічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі[26].

4 (16) чэрвеня 1900 г. разам з Урбанам Баніфацевічам Крупскім, Эмануэлем Людвікавічам Абрампальскім, Марыянам Геркуланавічам Хелхоўскім і Эдмундам Янавічам Барткевічам стаў членам рэвізійнай камісіі новастворанага Мінскага таварыства ўзаемнага сельскагаспадарчага страхавання (ад агню)[27][28].

У 1904 г. быў адным са старшынь Віленскага дваранскага клубу[29][30].

10 (23) верасня 1904 г. у Вільні ў шэрагах іншых дваран-каталікоў літоўска-беларускіх губерняў прысутнічаў на адкрыцці помніка расійскай імператрыцы Кацярыне II[31].

Аляксандр Янавіч Любанскі (у цэнтры паміж святарамі) падчас закладкі каталіцкага касцёла Узвіжання Святога Крыжа ў Вілейцы. Фота 1907 г.

У часы рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай Імперыі сяляне вёскі Каралеўцы Вілейскага павета падгаварылі наёмных работнікаў маёнтку Любань на арганізацыю забастоўкі, з-за чаго Любанскія і ўласнікі суседніх маёнткаў вымушаны былі часова з’ехаць з Вілейскага павета на жыхарства ў Вільню[32] — у дом № 3 на вуліцы Вялікая Пагулянка[33][34].

У маёнтку Аляксандра Любанскага — Яхімоўшчыне — з восені 1906 да вясны 1907 г. на бровары працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага малады паэт Янка Купала, дзе стварыў шмат сваіх славутых вершаў («А хто там ідзе?», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «З песень нядолі», «Ворагам Беларушчыны» і інш.)[35].

Заснаваў першую ў Вілейцы прамысловую вытворчасць — лесапільны завод (сёння гэта — мясцовае ААТ «Буддэталі»), дзе была таксама малатокавая электрычная ўстаноўка па асвятленні будынкаў прадпрыемства[32][36].

У 1906 г. стаў фундатарам участку ўласнай зямлі ў цэнтры Вілейкі і значнай сумы грошай для ўзвядзення каталіцкага касцёла Узвіжання Святога Крыжа ў Вілейцы, а таксама старшынёй будаўнічага камітэта і закладальнікам першага каменю 8 ліпеня (ст.ст.) 1907 г. пры пачатку будаўніцтва касцёла разам з вілейскім дэканам Віктарам Белазорам з благаславення віленскага каталіцкага біскупа[37][38].

У 1913—1915 гг. — член (ад лесаўласнікаў Віленскай губерні) Віленскага губернскага лесаахоўнага камітэта[39][40].

У 1912—1915 гг. (па прызначэнні расійскага ўрада) быў дэпутатам дваранства (вывадовым дэпутатам) ад Вілейскага павета ў Віленскім дваранскім дэпутацкім сходзе[41][42]. Па прычыне пачатку Першай сусветнай вайны і прыходу ў Віленскую губерню нямецкіх войск не змог далей выконваць абавязкі дэпутата дваранства Вілейскага павета і пераехаў у Мінск, які быў на расійскім баку лініі фронту. Упамінаецца, што ў 1915 г. меў чын надворнага саветніка[43][44].

Падчас Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу мая 1917 года Аляксандр Янавіч Любанскі ўласна запісаўся як беларус па нацыянальнасці[45].

Картка Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 года, дзе Аляксандр Янавіч Любанскі ўласна пазначыў сваю нацыянальнасць як «беларус».

Разам з іншымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі шчыра падтрымліваў ідэю палітычнай суб’ектнасці Беларусі[46]. 16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Эдварда Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні (граф Ежы Чапскі, Аляксандр Янавіч Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Генрыкавіч Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[47]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага ў Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай Імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распараджэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[48].

Як вынікае з мемуараў Эдварда Вайніловіча, пасля таго, як у канцы кастрычніка/пачатку лістапада 1918 г.[49] нямецкія войскі пакідалі тэрыторыю Магілёўскай губерні паводле рашэнняў Брэсцкага міру з бальшавікамі ад 3 сакавіка 1918 г., у Мінску лідары карэннага дваранства Мінскай губерні (галоўным чынам, члены Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі) выказаліся супраць падзелу Беларусі на часткі, выступілі з ініцыятывай стварэння пад нямецкім куратарствам «Вялікага Княства Літоўска-Беларускага»літоўска-беларускіх губерняў)[50][51]. У Берлін (сталіцу Германскай Імперыі) з місіяй ад мінскіх дваран-кансерватараў на чале дэлегацыі мясцовых дваран (князь Антоні Альбрэхт Радзівіл, Станіслаў Хржанстоўскі, граф Ежы Чапскі, Аляксандр Янавіч Любанскі) і прадстаўніка купецтва і прадпрымальнікаў (Грэгар Каплан) 24 кастрычніка 1918 г. паехаў Раман Аляксандравіч Скірмунт (1868—1939), але атрымаць аудыенцыю ў германскага імператара Вільгельма II ім не ўдалося[52][53]. У Берліне пачалася Лістападаўская рэвалюцыя (1918), якая ліківідавала нямецкую манархію і ўстанавіла рэспубліку.

З прыходам у 1920 г. на Міншчыну бальшавіцкіх войск Аляксандр Любанскі разам з жонкай выехаў на жыхарства ў польскую дзяржаву, бо на польскім баку ў яго заставалася частка яго маёнткаў (Любань і Варонча)[54].

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібны дом Любанскіх у Лошыцы, фота 2017 г.

Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага Аляксандр Любанскі спачатку валодаў супольна з маці (якая мела пажыццёвыя правы на ўсе маёнткі свайго мужа паводле тэстаменту), братам Янам Янавічам Любанскім (заўчасна памерлым) і Яўстахам Янавічам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце[55]. У 1901 г. браты падзялілі спадчынную зямельную ўласнасць: Яўстах стаў валодаць маёнткам Лошыца пад Мінскам (з Дубровамі) у Мінскай губерні, Аляксандр Любанскі — Яхімоўшчынай і Любанню ў Віленскай[56].

Паводле афіцыйных губернскіх даведнікаў, галоўным месцам жыхарства Аляксандра Любанскага ў 1890-ыя гг. была сядзіба ў Яхімоўшчыне[57], а ў 1893—1894 г., напрыклад, пазначана, што ў Любані мае сваё галоўнае месца жыхарства яго брат — Яўстах Янавіч Любанскі[58]. У 1898—1900 гг. Аляксандр Любанскі пазначыў месцам свайго жыхарства Мінск[59]. У 1901 г., паводле афіцыйных даведнікаў, месцам жыхарства Аляксандра Любанскага была сядзіба ў Яхімоўшчыне, а ў 1902 г. — сядзіба ў Любані[60].

У Любані ў 1886 г. меліся палац, бровар, саладоўня, карчма, сад, а таксама цудоўны парк — з сажалкамі і масткамі, якія часткова захаваліся і сёння[32].

У 1909 г. у маёнтку Любань таксама налічваліся сыраварня, гараж, аранжарэя, лядоўня і новы палац Любанскіх. Асобна ад новага палаца стаялі флігель і дом для рабочых. А стары палац Любанскіх (які згарэў за некалькі год да таго) быў пераабсталяваны ў якасці сыраварні, лядоўні і розных складскіх памяшканняў[32].

Недалёка ад маёнтка Любань — каля вёскі Гарадзішча (цяпер гэта — пагорак паміж вілейскай царквой Свяціцеля Ціхана і новымі ляснымі могілкамі) — на каталіцкіх могілках размяшчаўся сямейны склеп з пахаваннямі прадстаўнікоў роду Любанскіх (які існуе ў паўразбураным стане і цяпер)[32][61].

Аляксандр Любанскі з жонкай Ізабэлай у «вялікім» салоне палаца ў Варончы, фота раней 1914 г.

У 1908[62] ці 1910 г. прадаў палачанска-яхімоўшчынскі ключ Вацлаву Свентаржэцкаму (1876—1934), які быў уласнікам суседняга маёнтка Маліноўшчына. Прычынай продажу маёнткаў Палачаны і Яхімоўшчына, верагодна, былі стратныя і не вельмі паспяховыя камерцыйныя праекты, у якія часам уцягваўся Любанскі з яўрэйскімі камерсантамі. Мемуарыстка Яніна Жалтоўская адзначыла: «Такі гулец і гуляка як пан Аляксандр Любанскі ўсё жыццё гуляў з імі (яўрэямі. — заўв.) і часам дазваляў сабе ўцягваць на непраўдападобныя пачынанні, але доўга трываў гэта, таму што атрымаў у спадчыну вялікі маёнтак. Пан Адам Плятэр[63] казаў пра яго: „Які б гэты Любанскі быў багаты, калі б не займаўся бізнэсам“»[64].

Пасля знікнення ў 1913 г. брата Яўстаха Янавіча Любанскага (1859—пасля 1915), Аляксандр Янавіч Любанскі, уласнік маёнтка Любані, і яго сястра Елізвета сталі супольнымі ўласнікамі братавага маёнтка Лошыца і лошыцкага палаца (пад Мінскам)[65].

Граф Іпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх мемуарах адзначае, што па прычыне ваенных дзеянняў у Віленскай губерні статак яго вельмі дарагіх коней (у тым ліку чатырохгадовы жарабец «Туніс» коштам 10 тысяч рублёў) з маёнтка Лаздуны пэўны час перабываў для захавання ў канцы 1919 г. у маёнтку Аляксандра Любанскага Лошыца, дзе дарослыя коні Мілеўскага былі выкарыстаны для палявых работ на пашы маёнтка Лошыца[66]. Бацька графа Іпаліта, Оскар Іпалітавіч Корвін-Мілеўскі, быў з дзіцячых гадоў блізкім прыяцелем Яна Янавіча Любанскага (1820—1884) [67], бацькі Аляксандра.

У 1920 г. маёнтак і палац (сядзіба) у Лошыцы былі нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Любанскім. І Аляксандр Любанскі пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921), паводле якога заходнія беларускія землі ўвайшлі ў склад міжваеннай Польшчы, стаў валодаць толькі маёнткамі Любань і Варонча, якія апынуліся на польскім баку.

У міжваеннай Польшчы 5 лютага 1922 г. Аляксандр Любанскі прадаў за 42 мільёны 214 тысяч польскіх злотых Леаніду Кракаву свой маёнтак Любань (які на той час складаўся з 11 750 гектараў зямельных угоддзяў, з іх — 500 га ворыва, 650 га лугоў, 4300 га лесу)[32].

Сядзібны палац у Варончы, фота каля 1907 г.

Жонка Ізабэла (з роду Мержаеўскіх) атрымала ў спадчыну маёнтак Варонча ў Навагрудскім павеце, дзе Аляксандр Янавіч Любанскі правёў свае апошнія гады ў варончаўскім палацы. У расійскія часы маёнтак меў бровар і рэктыфікацыю спірту[62]. У міжваенны перыяд частка будынка палаца ў Варончы была арандавана польскай паліцыяй і служыла паліцэйскім участкам[68]. З Ізабэлай Любанскай у маёнтку Варонча жыла толькі адна яе дачка — Аляксандра Чарноўская са сваім мужам Адамам (1879—1939) і іх чатырма сынамі: Аляксандрам (1916—1940), Юзафам (1918—1943), Лукашам (1915—1943) і Антоніем Чарноўскімі (1919—1985). Адносіны з мясцовымі сялянамі былі добрыя і таварыскія. Сялян нават дапушчалі ў сядзібны дом — галоўнае, каб яны былі ахайнымі. А дачка Антаніна са сваім мужам Генрыкам Дунін-Шастакоўскім жыла ў Вільні.

Аляксандр Любанскі з жонкай Ізабэлай у маёнтку Варонча. Фота каля 1930-х гг.

Маёнтак Варонча ўпамінаецца ў творы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і звязаны з жыццём паэта, таму праз Варончу ў міжваеннай Польшчы афіцыйна праходзіў турыстычна-мемарыяльны маршрут «шляхам Адама Міцкевіча» (Навагрудак-Рута-Варонча-Цырын-Туганавічы-Завоссе-Плужыны-Чомбраў-Навагрудак). У 1931 годзе Ізабэла Любанская дала кароткае інтэрв’ю газеце «Kurjer Polski» (nr. 174, 1931 г.), дзе на пытанне журналіста, ці сапраўды пад вядомым шматгадовым дубам у маёнтку Варончы стаяў Адам Міцкевіч і казаў тую ці іншую фразу, яна адказала: «Гэта ж, па сутнасці, няважна. Найважней, каб гэты культ Міцкевіча падтрымліваўся»[69]. Журналіст ахарактарызаваў Любанскую як вельмі дастойную, удзячную і простую ў зносінах пані[69].

Аляксандр Любанскі з жонкай Ізабэлай і сваякамі Чарноцкімі ў маёнтку Варонча. Фота каля 1930-х гг.

У 1939 г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, маёнтак Варонча быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Любанскім. У час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі з 1941 г. удаве Ізабэле Любанскай і яе нашчадкам (Чарноўскім), як адміністратарам іх былой маёмасці, нямецкай уладай было дазволена жыхарстваваць у маёнтку Варонча. Паводле інфармацыі з польскага сайта, яны ўключыліся ў падпольную дзейнасць Арміі Краёвай і падтрымлівалі ўсіх, каму была патрэбна дапамога, у тым ліку яўрэяў, якія хаваліся ад немцаў у ваколіцы, і збеглых савецкіх ваеннапалонных[68]. Маёнтак быў у заняпалым стане па прычыне ваенных прадуктовых рэквізіцый, адсутнасці коней і поўнага разрабавання. Аляксандра Чарноўская і яе сваякі з дапамогай работнікаў засявалі збожжа і садзілі некалькі гектараў бульбы, але працавалі ўласнымі рукамі і ўнукі Любанскай — сляпы Антоній і Юзаф Адамавічы Чарноўскія. У ноч з 30 красавіка на 1 мая 1943 г. трымальнікі сядзібы Варонча (8 чалавек — Ізабэла Любанская (з роду Мержаеўскіх) (1876—1943), Аляксандра Аляксандраўна Чарноўская (з роду Любанскіх) (1894—1943), яе сын Юзаф Адамавіч Чарноўскі разам з жонкай Ядвігай і іх малалетнімі дзецьмі, Лукаш Адамавіч Чарноўскі) былі («як нямецкія агенты») забіты ў сядзібным доме савецкімі партызанамі пад кіраўніцтвам партызанскага камандзіра І. В. Золатава[70], а сам сядзібны дом з целамі забітых быў партызанамі спалены[68][71][72]. Сядзіба ў Варончы была спалена разам з мясцовым каталіцкім касцёлам Св. Ганны. Пад пагрозай рэпрэсій з боку партызан, мясцовыя жыхары пазней пахавалі абапаленыя рэшткі Любанскай і Чарноўскіх на ўскрайку парафіяльных каталіцкіх могілак у Варончы ў безыменнай магіле[68][73]. З усёй сям’і Чарноўскіх ацалеў толькі сын Аляксандры Аляксандраўны Чарноўскай — сляпы з маленства юнак Антоній Адамавіч Чарноўскі (1919—1985), які быў тады ў хаце сваёй няні[68].

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Некралог ад сваякоў на Аляксандра Любанскага ў віленскай газеце «Słowo» (№ 135, 1932 г.)

Аляксандр Янавіч Любанскі пасля цяжкай хваробы памёр 9 чэрвеня 1932 г. у маёнтку Варонча (Навагрудскі павет, Польшча) і быў пахаваны сваёй жонкай Ізабэлай у Варончы на парафіяльных каталіцкіх могілках[74].

Трэснутыя шыльды з разбураных надмагільных помнікаў Аляксандра Любанскага і Марыі (з роду Рдултоўскіх) Мержаеўскай былі перанесены ў пачатку 2000-х гг. Марыяй Альшынскай (1926—2019) да надмагільнага помніка Ізабэлы (з роду Радавіцкіх) Мержаеўскай (1815—1890) на парафіяльных каталіцкіх могілках у Варончы побач з магіламі іншых прадстаўнікоў роду Любанскіх і Мержаеўскіх, якія валодалі Варончай[4][61]. Аднак пазней гэтыя трэснутыя шыльды адтуль зніклі[75].

Нашчадкі Аляксандра Любанскага[правіць | правіць зыходнік]

Сляпы Антоній Адамавіч Чарноўскі (1919—08.08.1985)[4][76] пасля Другой сусветнай вайны застаўся жыць у Варончы (БССР), пражыў цяжкае жыццё, быў добры музыкант[77], зарабляў на жыццё музыкай на вяселлях і іншых падзеях, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Вацлавай (якая добра спявала і памагала мужу зарабляць музыкай) і быў пахаваны жонкай у Варончы на парафіяльных могілках каля магіл сваякоў[4][75]. Злева ад магілы Антонія Чарноўскага ў Варончы пахавана і яго жонка Вацлава Сяргееўна Чарноўская (03.03.1924—11.11.2006)[75].

У цяперашні час у Польшчы жывуць нашчадкі Аляксандра Янавіча Любанскага ад яго дачок Сафіі і Антаніны.

У Варончу часта прыязджала з Варшавы ўнучка Аляксандра Любанскага Марыя Альшынская (1926—17.03.2019)[78] — дачка Антаніны Любанскай, каб папрыбіраць магілы сваякоў. Альшынская зрабіла на магіле Антонія Чарноўскага (1919—1985) новую надмагільную шыльду, на якую таксама нанесла імёны Адама Чарноўскага (1879—1939), Аляксандра Чарноўскага (1916—1940) і Лукаша Чарноўскага (1915—1943), каб тым зрабіць сімвалічную калектыўную магілу (кенатаф). На крыжы датай смерці Антонія Чарноўскага пазначана «08.08.1985 г.», а на новай надмагільнай шыльдзе «1989 год». Побач Альшынская стварыла яшчэ адзін кенатаф з імёнамі Ізабэлы-Ганны (з роду Мержаеўскіх) Любанскай (1874—1943), Аляксандры Аляксандраўны з роду Любанскіх Чарноўскай (1894—1943), Юзафа Адамавіча Чарноўскага (1918—1943), Ядвігі з роду Сцібор-Мархоцкіх Чарноўскай (1924—1943) — жонкі Юзафа Чарноўскага, забітых у Варончы ў 1943 г.[4][79][80]

Зноскі

  1. а б metryki.genealodzy.pl
  2. Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1914. — С. 16 (раздел в Адрес-календаре: Дворянское депутатское собрание и канцелярия дворянства)
  3. Słowo. — 1892. — nr 41. — 22 lutego.
  4. а б в г д WORONCZA CMENTARZ — CZ 1 16 04 2011
  5. а б Памятная книжка Виленской губернии на 1903 год. — Вильна : Вилен. губ. тип., 1902. — С. 62.
  6. Памятная книжка Виленской губернии на 1913 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1894. — С. 138; Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1914. — С. 50.
  7. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  8. Памятная книжка Виленской губернии на 1896 год. — С. 57.
  9. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  10. а б в Restauracje międzywojennego Wilna. Ludzie, miejsca, historie (2)
  11. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  12. Памятная книжка Виленской губернии на 1891 год. — С. 332; Памятная книжка Виленской губернии на 1896 год. — С. 299.
  13. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  14. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  15. Памятная книжка Виленской губернии на 1901 год. — С. 62; Памятная книжка Виленской губернии на 1912 год. — С. 33; Памятная книжка Виленской губернии на 1913 год. — С. 33; Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — С. 38.
  16. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  17. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  18. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — S. 160.
  19. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  20. Памятная книжка Виленской губернии на 1901 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1900. — С. 214; Памятная книжка Виленской губернии на 1906 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1905. — С. 94.
  21. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  22. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  23. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  24. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  25. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  26. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  27. Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  28. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  29. Памятная книжка Виленской губернии на 1904 год. — С. 172.
  30. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  31. Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie. — Londyn : Polska Fundacja Kulturalna, 1998. — S. 120—121.
  32. а б в г д е У 2018 ГОДЗЕ ВЁСКА ЛЮБАНЬ БУДЗЕ АДЗНАЧАЦЬ 210-ГОДДЗЕ З ЧАСУ СВАЙГО ЗАСНАВАННЯ
  33. Памятная книжка Виленской губернии на 1905 год. — С. 256; Памятная книжка Виленской губернии на 1907 год. — С. 47 (алфавитный указатель).
  34. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  35. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  36. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  37. ПЕРШЫ КАМЕНЬ У ПАДМУРАК ВІЛЕЙСКАГА КАСЦЁЛА 110 ГАДОЎ НАЗАД ЗАКЛАЎ ПАН АЛЯКСАНДР ЛЮБАНСКІ
  38. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  39. Памятная книжка Виленской губернии на 1913 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1912. — С. 44; Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1914. — С. 49.
  40. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  41. Памятная книжка Виленской губернии на 1912 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1911. — С. 16; Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1914. — С. 16.
  42. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  43. Памятная книжка Виленской губернии на 1915 год. — Вильна : Вилен. губ. стат. ком., 1914. — С. 38.
  44. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.119.
  45. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.
  46. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.
  47. Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  48. Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  49. Дакладная дата звароту невядома.
  50. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 208—209.
  51. Захар Шыбека. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?
  52. Smaliańczuk, A. Białorusini w gronie krajowców.
  53. Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.485.
  54. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.
  55. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  56. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  57. Памятная книжка Виленской губернии на 1894 год. — С. 409; Памятная книжка Виленской губернии на 1895 год. — С. 424.
  58. Памятная книжка Виленской губернии на 1893 год. — С. 393; Памятная книжка Виленской губернии на 1895 год. — С. 424.
  59. Памятная книжка Виленской губернии на 1898 год. — С. 290; Памятная книжка Виленской губернии на 1900 год. — С. 46 (алфавитный указатель).
  60. Памятная книжка Виленской губернии на 1901 год. — С. 48 (алфавитный указатель); Памятная книжка Виленской губернии на 1902 год. — С. 46 (алфавитный указатель).
  61. а б Вы ведалі, што ў кіламетры ад Вілейкі ёсць старыя могілкі з рэшткамі касцёла і сямейным склепам шляхецкага роду?
  62. а б Rouba,N. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi
  63. Граф Адам Альфрэд Плятэр (1836—1909), віленскі губернскі маршалак (1878—1908).
  64. Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie. — Londyn : Polska Fundacja Kulturalna, 1998. — S. 18—19.
  65. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.
  66. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — S. 528.
  67. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — S. 59.
  68. а б в г д WOROŃCZA(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2022. Праверана 4 чэрвеня 2022.
  69. а б Kurjer Polski — 1931- nr. 174 — S.3.
  70. Za cara, bolszewika, sowieta
  71. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — 1991. — Cz. 1. — T. 2. — S. 401—402.
  72. Sygn. akt S 57.2009.Zk — Instytut Pamięci Narodowej — Szczecin
  73. Сядзіба Любанскіх у в. Варонча
  74. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.
  75. а б в Кладбище в деревне Воронча
  76. Ojczyzna myśli mojej
  77. Niewidomy muzyk z Worończy
  78. Maria Olszyńska Архівавана 26 сакавіка 2019.
  79. WOROŃCZA. Obwód Grodzieński
  80. Zbiorowa mogiła ostatnich właścicieli dworu w Worończy

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памятная книжка Виленской губернии (на 1893—1915 гг.)
  • Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław—Warszawa—Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. — T. 1. — 352 s.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
  • Jan Kanty Lubański (Wspomnienie pośmiertne) // Tygodnik Ilustrowany. — 1884. — nr 97. — S. 289—290.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn : Polska Fundacja Kulturalna, 1998. — 291 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]